Раство Хрыстова ў аграгарадку Опаль Іванаўскага раёна святкавалі па старадаўніх традыцыях

08.01.2024

Вялікае праваслаўнае свята Раство Хрыстова ў аграгарадку Опаль Іванаўскага раёна да гэтай пары святкуюць па старадаўніх традыцыях.

 

Праваднікамі ў таямнічы свет беларускіх Каляд служаць не толькі прадстаўнікі старэйшага пакалення апалян, але і работнікі сельскага Дома культуры, удзельнікі народнага фальклорнага ансамбля «Панёвы». Так, з нядаўняга часу ў фае будынка Дома культуры, куды штодзень прыходзяць шматлікія наведвальнікі, у тым ліку – навучэнцы-гурткоўцы, дзейнічае тэматычны куточак. Усё ў ім кіруе нас да цэлага цыкла важных па значэнні свят – Новага года, Калядаў, Хрышчэння. Цэнтральнае месца займае абраз з Дзевай Марыяй і народжаным немаўлём-Хрыстом. Знойдзеш тут і Казу. Пераапранутымі ў яе, а таксама ў Мядзведзя да вяскоўцаў 7 студзеня і цяпер прыходзяць каляднікі.

 

– Дарэчы, раней калядавалі толькі хлопцы ці мужчыны, а вось 13 студзеня, на Шчадруху, – выключна дзяўчаты. Святы праходзілі весела і не без прыгод, з песнямі і гульнямі, – расказвае жыхарка Опаля Галіна Юхнік.

 

Аднак усе, ад малых да дарослых, спярша рыхтаваліся да Каляд. Посная куцця напярэдадні Раства была абавязковай у кожнай сям’і.

 

– Прытрымліваюся спаконвечных традыцый – штогод на вячэру 6 студзеня рыхтую дванаццаць посных страваў. Галоўная сярод іх – куцця. Яна можа быць як салодкая, так і салёная. Селядзец, бульба ў лупінках, смажаная рыба, шаткаваная капуста, марынаваныя грыбочкі ды гурочкі, мёд, самапечаны хлеб, узвар з журавінаў, кісель і абавязкова «огладкы» – дражджавыя бліны з макам. За стол леваруч ад бацькі знаходзіліся мае браты, па правую руку – маці, я з сястрой. Ставілі больш сталовых прыбораў – на выпадак гасцей. Была абавязковая ўмова – ніколі не сядалі за стол пасвараныя між сабой людзі, – удакладніла Ганна Новік.

 

Ганна Максімаўна прыехала ў каларытны Опаль са Століншчыны дваццаць год таму. Ужо са слоў вітання новаспечанай нявесткі «добры дань», што значыць «добры дзень», жанчына зразумела – на новым месцы ёй будзе вельмі цікава. Так і атрымалася. Адна опальская кухня што значыць! Напрыклад, у гэтай вёсцы начыняюць «юця» – так па-мясцоваму называюць сальцісон, а яшчэ гатуюць «буркало» – абрэзанае, а потым варанае свіное сцягно.

 

Таксама тут, як толькі звечарэе, заўжды чакаюць каляднікоў. Калі яны ідуць па вуліцы, іх гранне на гармоніку чуваць здалёк. Заходзячы ў нечы двор, яны стукаюць у вокны і прамаўляюць:

 

Пане-господыню,

 

Чы ты в дома, чы ты в хаты,

 

Чы ты спыш, чы ты чуіш,

 

Чы ты в дома ны ночуіш,

 

Чы можна в вашыі хаты дай поколядоваты?

 

Пасля прыгожых калядных спеваў надыходзіць чарга гаспадароў – яны дзякуюць артыстам і частуюць іх рознымі прысмакамі. Хтосьці атрымлівае ў торбу духмяны бохан хлеба, камусьці дастаецца пальцам пханая каўбаса, а яшчэ сала, цукеркі… Па старадаўніх павер’ях, такі ўзаемны дыялог спрыяў дабрабыту ў розных сферах – як у асабістым жыцці кожнага члена сям’і, так і ў гаспадарцы, адбіваўся на заробках і ўзаемаадносінах.

 

 

І калі слова «панёвы», што дало назву самабытнаму калектыву, – з’ява лёгка вытлумачальная: так у гэтых краях называюць галаўны ўбор замужняй жанчыны альбо ніжнюю жаночую спадніцу, то многія жыхары, якія жывуць не на цэнтральных вуліцах Опаля, хацелі б, каб больш каляднікоў прыходзіла да іх.

 

– Апошнія гады да мяне, на Гагарына, адна, ну дзве пары калі зойдзе, то гэта – вялікае шчасце. Трэба замаўляць іх ці што? – разважае ўслых Ганна Новік.

 

Ці не гэтыя думкі жанчыны з’яўляюцца добрым пацвярджэннем таго, што на Палессі зберагаюць і клапоцяцца пра пераемнасць і жыццё мясцовых традыцый.

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара