Прысмакі з прысмакам: У Драгічыне адбылося свята мовы, культуры і мясцовай гастраноміі

18.03.2026

Тон мерапрыемству задалі бабуля Ганна і яе ўнучка Алена, будучая настаўніца, – галоўныя гераіні тэатралізаванай пастаноўкі, з якой усё распачалося.

Студэнтка прыязджае на адпачынак у палескую вёску, найперш стараецца выканаць заданне па дыялекталогіі – запісаць залацінкі народнай мудрасці, рэцэпты колішніх страў, даведацца пра традыцыі пэўнай мясцовасці. Чым больш населеных пунктаў наведвае Алена, тым мацней упэўніваецца: кожная вёска мае асобны голас, дадатковы смак якому надаюць дыялекты. Такім чынам узнікае ідэя арганізаваць «Дзень дыялектнага прысмаку».

Свята, на якім знаўцы мясцовай кухні Драгічынскага краю расказваюць пра гісторыю страў, асаблівасці іх прыгатавання на дыялекце пэўнай вёскі, ініцыявалі спецыялісты аддзела культуры Драгічынскага райвыканкама. Работнікі сельскіх бібліятэк адгукнуліся. Так, Вялікі пост не перашкодзіў загадчыцы Леснікоўскага Дома фальклору Валянціне Лук’яновіч прыгатаваць мноства прысмакаў, якімі ў дзяцінстве частавала бабуля.

– Бульбачка, а гуркі салёныя, капуста параная. Паспрабуйце абрадавую страву ляннікі. У Лесніках яе гатуюць на Купалле. Абавязковым інгрэдыентам з’яўляецца пражанае льняное семя. Яго таўкуць у ступе, потым прасейваюць праз сіта. У цеста трэба дадаць ваду, соль, жытнюю муку і… чарніцы. Выпякаюць коржыкі ў печы. Запрашаем! – першай узяла слова Валянціна Мікалаеўна.

Гаспадыні з вёскі Брашэвічы Драгічынскага раёна таксама здзівілі. Разынкай шыкоўнага стала былі посныя галушкі з макам (на мясцовым дыялекце – галушкэ з маком). Страву гатуюць 22 сакавіка – на свята ў гонар 40 мучанікаў севасційскіх Саракі. Падсаладзілі мерапрыемства смачныя какуркі. Найчасцей здобу выпякалі ў вёсках Леснікі, Нямержа тады, калі пачыналася касавіца. Бывала, какуркі  мянялі нават на соль і запалкі.

На гэтым гастранамічныя адкрыцці не скончыліся. Была другая частка свята, якую прысвяцілі стравам з бульбы. Выргуны, картоплёвэ блінэ з мясом, бульбэныкы, марцюпаны, картоплёвы пырошкы, товканыця, а яшчэ пызы. Страва з незвычайнай назвай «сябруе» з лічбай восем. На адну порцыю патрэбна восем звараных у мундзіры бульбін, столькі ж сырых, соль, тварог. Пызы – гастранамічны брэнд вёскі Асіпавічы. Зафіналілі свята капуста пячана і бездзежскі дранік. Першая страва па смаку нагадвае мяса дзічыны.  Пра асаблівасці прыгатавання расказала работнік Радастаўскай бібліятэкі Таццяна Сухарэвіч:

– Сырую капусту трэба разрэзаць напалову, выразаць храпку, пакласці ў добра напаленую печ на чарэнь, накрыць агародніну чыгунчыкам. Посуд з усіх бакоў абкласці жарам. Запякаць каля чатырох гадзін. Перад падачай на стол капусту разрэзаць на кавалкі і паліць алеем, пасыпаць соллю ці цукрам. І – смачна есці!

У Бездзежы свая кухня. Работнікі музея народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» наведвальнікам прапануюць незлічоную колькасць «смакотачкаў». Аднак галоўнае месца на стале займае бездзежскі дранік (блынці з бобом). Гаспадыня так заўзята расказвала рэцэпт гэтай і іншых мясцовых страў, што самы смелы госць мерапрыемства дыпламатычна спыніў: «Ужо слінкі пацяклі!»

Выдатнае атрымалася свята: і пазнавальнае, і вясёлае. Насамрэч, у родным краі багаццяў не злічыць.

Наталля МЕЧНАЯ

Фота аўтара