Главная - Новости - Новости культуры - «Пружанскі палацык» адзначае 30-годдзе з моманту стварэння

«Пружанскі палацык» адзначае 30-годдзе з моманту стварэння

«Пружанскі палацык» адзначае 30-годдзе з моманту стварэння

30 гадоў назад (24 ліпеня) быў падпісаны Загад аб стварэнні раённага краязнаўчага музея.

 

Першапачаткова музей змяшчаўся ў будынку бібліятэкі (зараз не існуе) і складаўся з экспанатаў, што былі сабраны раённым клубам краязнаўцаў «Спадчына». У 1999 годзе музей быў перанесены ў будынак гарадскога сядзібнага дома – помніка ХІХ стагоддзя. З гэтага часу музей стаў называцца «Музей-сядзіба «Пружанскі палацык». Сёння – гэта помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя, які ахоўваецца дзяржавай.

 

Гісторыя Пружанскай сядзібы багатая і цікавая. Яе з’яўленне і росквіт звязаны з родам Швыкоўскіх, тры пакаленні якіх валодалі Пружанамі. Пры апошнім – Валенціі – па праекту вядомага італьянскага архітэктара Ланцы ў сярэдзіне ХІХ стагоддз быў пабудаваны «палацык». У канцы ХІХ стагоддзя ўладальніцай «палацыка» стала прыдворная дама графіня Вера Кляйнміхель. Вядома, што з 1919 па 1939 гады ў «палацыку» змяшчалася павятовае староства. Падчас Вялікай Айчыннай вайны тут быў шпіталь для нямецкіх салдат, спыняўся генерал вермахта Гудэрыян. Пасля вызвалення Пружан ў ліпені 1944 года пакоі палацыка сталі бальнічнымі палатамі для савецкіх салдат. У розныя часы тут змяшчаліся. Дом піянераў, пральня, інтэрнат для ваенных, камунальныя кватэры, даследчая станцыя, дзіцячы садок, паліклініка.

 

Сёння Пружанскі палацык – гэта вядомы грамадска-культурны і навуковы цэнтр. У ім праходзяць музычныя і літаратурныя вечарыны, навуковыя канферэнцыі, ладзяцца мастацкія, краязнаўчыя і адукацыйныя выставы, праводзяцца экскурсіі…

 

Адчынены 13 экспазіцыйных і выставачных залаў, сярод якіх можна пабачыць інтэр’еры сядзібнага дома ХІХ стагоддзя. У музеі захоўваецца каля 10 000 музейных экспанатаў. У большасці гэта ўнікальныя рэчы, якія адлюстроўваюць гісторыю і культуру нашага рэгіёна. Штогод музей наведваюць больш за 10 000 турыстаў і цікавасць да яго расце.

 

Марына КАЎТУНЮК,

галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика