Главная - Новости - Новости культуры - Прэзентацыя першай кнігі з серыі “Сучасная беларуская літаратура” прайшла ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага

Прэзентацыя першай кнігі з серыі “Сучасная беларуская літаратура” прайшла ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага

Прэзентацыя першай кнігі з серыі “Сучасная беларуская літаратура” прайшла ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага

Прэзентацыя першай кнігі “Дараванне” з серыі “Сучасная беларуская літаратура” выдавецтва “Аверсэв” адбылася ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага і стала часткай маштабнага культурна-асветніцкага праекта “Праз кнігу да міру і стварэння”.

 

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар прадмовы і складальнік серыі кніг Алесь Карлюкевіч і ўдзельнікі першага зборніка “Дараванне” Алена Брава і Анатоль Бензярук у жывым дыялогу са студэнтамі, выкладчыкамі, літаратарамі абмеркавалі мастацкія вартасці твораў сучасных пісьменнікаў.

 

 

 

Алесь Карлюкевіч расказаў пра канцэпцыю адбору аповесцяў і апавяданняў у серыю кніг. Згодна з задумкай аўтараў праекта, серыя будзе складацца з 12-ці зборнікаў. Але, па меркаванні складальніка, колькасць выдадзеных кніг можа і павялічыцца. Усё залежыць ад чытацкага попыту і цікавасці да сучаснай літаратуры. Прадстаўленыя творы ўжо атрымалі сваю ацэнку ад крытыкаў і аматараў літаратуры, бо былі апублікаваны ў вядучых перыядычных рэспубліканскіх выданнях на працягу апошніх гадоў.

 

 

 

Так, аповесць «Дараванне» Алены Брава ўпершыню пабачыла свет у часопісе “Маладосць” у 2011 годзе, была перакладзена на нямецкую і рускую мовы, а Міжнародная Асацыяцыя пісьменнікаў-баталістаў і марыністаў г. Масквы адзначыла твор літаратурнай прэміяй імя Канстанціна Сіманава. У 2013 годзе аповесць Алены Брава выдадзена на трох мовах асобнай кніжкай. Падчас сустрэчы пісьменніца разважала на тэму сямейных каштоўнасцяў, чалавечага сумлення і лёсу. “Страціўшы памяць, непазбежна губляеш ісціну”, – да такой высновы прыходзіць гераіня аповесці, у гэтым пераконваецца і чытач.

 

 

 

 

Анатоль Бензярук расказаў, як сумяшчае пісьменніцкую працу з журналісцкай, выказаў свой позірк на жыццё, але прызнаўся, што ў большай ступені адчувае сабе гісторыкам. У ходзе сваіх разваг, аналізу гістарычных падзей ён прыйшоў да высновы, што самае каштоўнае ў жыцці – гэта чалавечыя зносіны, каханне, сумленне і ўменне дараваць. Пісьменнік расказаў пра складаную працу над дакументальнай аповесцю “Галавасек”, у якой занатаваны жудасныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і лёс спаленай вёсцы Драмлёва. Дарэчы, кніга ў хуткім часе пабачыць свет.

 

Сваімі глыбокімі роздумамі наконт шматзначнага сэнсу назвы кнігі “Дараванне” падзялілася кандыдат педагагічных навук, прафесар кафедры лінгвістычных дысцыплін і міжкультурных камунікацый БрДТУ Марыя Жыгалава, а дацэнт кафедры беларускай філалогіі БрДУ імя А.С. Пушкіна, кандыдат філалагічных навук Святлана Шчэрба адзначыла цікавыя жанравыя разнастайнасці аповесцяў і выказала ўдзячнасць пісьменнікам за тое, што яны закранаюць актуальныя праблемы сучаснасці.

 

 

 

Спецыяліст па сувязях з грамдскасцю выдавецтва “Аверсэв” Павел Махінаў распавёў пра мастацкую задумку ў афармленні кніг. На вокладцы кожнага выдання змешчаны рэпрадукцыі карцін са збора Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. На вокладцы зборніка “Дараванне” – рэпрадукцыя карціны Зоі Літвінавай “Вяртанне з храма” (1989).
Напрыканцы сустрэчы ўсе жадаючыя мелі магчымасць набыць кнігі выдавецкага дома “Звязда” і выдавецтва “Аверсэв” з аўтографамі аўтараў.

 

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі
Фота Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика