У мітусні будняў, калі экраны гаджэтаў засланяюць сабой рэальнасць, ёсць месца, дзе ажываюць цікавыя гісторыі, дзе шолах старонак пераплятаецца з чараўніцтвам лялечных уяўленняў. Гэта свет беларускай кнігі, і часцяком менавіта праз дзверы лялечнага тэатра мы атрымліваем да яго самы цёплы і даступны ключ.
Лялечны тэатр «Усмешка» ў дзіцячай бібліятэцы – гэта не забаўка для дзяцей. Ён выступае як гульнявая форма працы з кнігай. Гэта магутны інструмент культурнай асветы, асабліва калі гаворка ідзе пра знаёмства з нацыянальнай літаратурай. Інсцэніраванне літаратурных твораў дапамагае пераўтварыць працэс чытання ў сапраўднае свята. А для самых маленькіх гледачоў, якія яшчэ не ўмеюць чытаць, лялечнае прадстаўленне становіцца першым і самым яркім знаёмствам з персанажамі беларускіх народных казак, з творамі класікаў, адаптаванымі для сцэны. Яны бачаць, чуюць, адчуваюць, і гэта запамінаецца надоўга. Такім чынам, тэатр стварае шчырую, вясёлую, яркую і запамінальную, светлую і сапраўдную дружбу: кніга – лялькі – дзеці.
Уявіце: заслона адкрываецца, і на сцэне з’яўляюцца яны – героі любімых казак, якія ажылі дзякуючы ўмелым рукам лялькаводаў – юных, але такіх таленавітых акцёраў тэатра «Усмешка». Гэта не проста цацкі, гэта праваднікі ў дзіўны свет, дзе дабро заўсёды перамагае зло, дзе сяброўства цэніцца вышэй за ўсё, а мудрасць продкаў перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Асаблівая ўвага надаецца арганізацыі мерапрыемстваў па папулярызацыі лепшых беларускіх аўтараў і твораў: «Скуль казкі родам» (да 155-годдзя А. Сержпутоўскага), «Прыгоды памаўзлівай Рыскі» (да 60-годдзя А. Бутэвіча), «Прагнасць не ў радасці» І. Сідарука, «Сын і маці» – інсцэніроўка па твору Я. Купалы, «Чароўныя словы» па творы У. Ліпскага, «Лясная паляна» І. Фраловай і інш.
Ганцаўшчына таксама слыве таленавітымі пісьменнікамі, якія дораць творы на роднай мове свайму чытачу, а тэатр, у сваю чаргу, ажыўляе гэтыя творы з дапамогай лялькі. Такія пастаноўкі як «Чорны, Калматы ды Рагаты» А. Каско, «На ляной палянцы» В. Гардзея, «З усяго свету ў кніжку гэту» У. Марука, «Суд над сарокай», «З вясёлай торбы дзеда Аляксея» А. Галаскока, не могуць пакінуць абыякавым свайго гледача. І што самае каштоўнае, гэтыя героі гавораць на роднай мове. А колькі яшчэ наперадзе пастановак! Дзіця ўбірае ў сябе вобразы, характары, маральныя ўрокі, закладзеныя ў гэтых гісторыях. І пасля спектакля, калі захапленне яшчэ не аціхла, яму можна працягнуць кнігу з тымі ж героямі. І тады чараўніцтва працягваецца ўжо на старонках, адкрываючы дзверы ў свет самастойнага чытання. Таму, калі вы бачыце афішу лялечнага тэатра, не праходзьце міма. Гэта не проста магчымасць правесці час з дзецьмі. Гэта запрашэнне ў займальнае падарожжа, якое вядзе нас у бязмежны і дзіўны свет беларускай кнігі, поўны мудрасці, прыгажосці і невычэрпнай сілы.
Анастасія ЗАНЬКА, кіраўнік ўзорнага лялечнага тэатра «Усмешка» ГУК «Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», гарадская дзіцячая бібліятэка