Шосты год запар у першую нядзелю чэрвеня рэканструктары з розных гарадоў Беларусі прыязджаюць у мемарыяльны комплекс «Карасіна», што знаходзіцца на тэрыторыі Махроўскага сельсавета ў Іванаўскім раёне, каб нагадаць сучаснікам пра ролю і подзвіг народных мсціўцаў. У гэты раз ваенна-гістарычную рэканструкцыю прымеркавалі да 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Шматпакутная і мірная
Крывавы след Вялікая Айчынная вайна пакінула на Іванаўшчыне, дзе 1116 сутак, з 27 чэрвеня 1941 года па 16 ліпеня 1944 года, доўжылася нямецкая акупацыя. Актыўнае супраціўленне нацысцкаму рэжыму аказвала мясцовае насельніцтва, частка якога свядома далучылася да партызанскага руху.
З 2021 года дакрануцца да слаўнай гісторыі малой радзімы можа кожны жыхар раёна незалежна ад узросту – ва ўрочышчы Карасіна, дзе знаходзіўся штаб Пінскай партызанскай брыгады, аднавілі партызанскую стаянку. Пра быт народных мсціўцаў расказваюць шматлікія лакацыі (усяго больш за 30). Тут арганізуюць экскурсіі, а кожную першую нядзелю чэрвеня праводзіцца ваенна-гістарычная рэканструкцыя.
– Мерапрыемствы ў мемарыяльным комплексе «Карасіна» нясуць магутную асветніцкую функцыю. Па-першае, яны накіраваны на патрыятычнае выхаванне моладзі, па-другое, мы аддаём даніну памяці нашым героям – тым, хто загінуў, каб сёння і назаўжды беларусы жылі пад мірным небам. Захаваць гістарычную памяць пра шматпакутную гісторыю Беларусі, пра мясцовых партызан – агульны абавязак, – падкрэсліла намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Наталля Касцюковіч.
Партызан-легенда
Як і летась, у гэтым годзе рэканструкцыя развярнулася на лакацыі «Хутар». Цэнтральнай фігурай тэатралізаванага прадстаўлення стаў ўраджэнец Махро Аляксандр Іванавіч Самуйлік. Вобраз гэтага партызанскага камандзіра ўдала ўвасобіў кіраўнік ваенна-гістарычнага аб’яднання «Гонар мундзіра» (г. Гомель) Уладзімір Колат. Дарэчы, махроўскі герой нарадзіўся 8 сакавіка 1908 года. Самуйлік, як і ўся яго сям’я, былі змагарамі за праўду: спачатку з польскімі акупантамі, потым з нямецкімі захопнікамі. У 1941 годзе Аляксандр Іванавіч быў старшынёй Махроўскага сельсавета, у лістападзе 1942 года ўдзельнічаў у легендарнай аперацыі «Чырвоны цягнік». Група партызан захапіла варожы эшалон з нарабаванымі ў мясцовага насельніцтва прадуктамі. Замест адпраўкі правіянту ў Германію састаў пад савецкім (чырвоным) сцягам праехаў 40 кіламетраў па акупіраванай терыторыі, людзям былі вернуты іх набыткі. Пазней Самуйлік узначаліў партызанскі атрад імя Кірава брыгады імя Панамарэнкі. За шматлікія баявыя заслугі быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, у 1974 годзе яму было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Камянца». Яго імем названа адна з вуліц у роднай вёсцы.
Вайна і вяселле
Згодна з канцэпцыяй рэканструкцыі паказаны даваенны і ваенны перыяды жыцця палешукоў: шчаслівае мірнае неба, акупацыя, партызанская барацьба з нямецкімі захопнікамі, якія на беларускіх землях планавалі усталяваць новую ўладу. Выбухі, перастрэлкі, расправы з тымі, хто дапамагае народным мсціўцам і чырвонаармейцам ежай, адзеннем, прытулкам і медыкаментамі, чаргуюцца з эпізодамі, якія сімвалізуюць перамогу дабра і жыцця. Так, на адным з вясковых хутароў гуляюць партызанскае вяселле. Шлюб бяруць Іван Клімавец і Марыя Паўлюкавец. Маладых прыходзіць павіншаваць адважны Аляксандр Самуйлік, які паведамляе гаспадарам, што хутка сюды прыйдзе атрад карнікаў. Усё так і здарылася. Мірных жыхароў тады паспелі схаваць у лесе. Праз пэўны час партызаны аб’ядналі сілы і здзейснілі раптоўнае нападзенне на нямецкую камендатуру. У выніку аперацыі ў палоне аказаліся немцы, у тым ліку «язык» – чалавек, які валодаў сакрэтнай інфармацыяй, удалося здабыць карты з планамі нападзення праціўніка.
Эмоцыі і дакладнасць
– Наведванне патрызанскага лагера пакідае незабыўныя ўражанні, якія ўзмацняе рэканструкцыя. Штораз арганізатары нас здзіўляюць. Адчуваецца, што рэканструктарам блізка тое, што яны паказваюць гледачам, яны прапускаюць кожную сітуацыю праз сваё сэрца, – падзялілася ўражаннямі сямейная пара з Іванава.
Удзельнікі ваенна-гістарычных клубаў у сваю чаргу запэўнілі, што прадстаўленню папярэднічае сур’ёзная праца з архіўнымі дакументамі і гістарычнымі матэрыяламі. Усё дзеля таго, каб захаваць прынцып гістарычнай дакладнасці. Паглыбіцца ў атмасферу таго часу ім, бясспрэчна, дапамагаюць успаміны родных і сведкаў жахлівых падзей.
– Рабіць гэта вельмі патрэбна, бо мы не маем права забыць гераічны подзвіг нашых продкаў, – выказаўся Уладзімір Колат.
Далучанасць да вялікай справы адчувае кожны ўдзельнік мясцовага клуба рэканструктараў “Патрыёт” (створаны ў 2024 годзе, дзейнічае пры раённым Цэнтры культуры і народных традыцый).
Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота аўтара