Што ні старана, то навіна. Гэтую прыказку любіла паўтараць любімая бабуля, калі размова ішла пра адметнасць пэўнай мясцовасці. Праўда, кожны народ мае традыцыі, якія, часта так здараецца, здзіўляюць сваёй арыгінальнасцю. Такія ёсць і ў беларусаў. Жыхары вёскі Віўнева Іванаўскага раёна ведаюць, што неабходна здзейсніць маладажонам у першыя дні стварэння новай сям’і, каб на працягу жыцця быцць паспяховымі, а таксама жыць у згодзе.
Працяглае і шматлюднае
Ці гулялі вы на вяселлі, якое доўжылася некалькі дзён, дзе гаварлівага тамаду замяняюць бабулі, не заўсёды зразумелыя спевы якіх папярэднічаюць кожнаму вясельнаму этапу; дзе сватоў перавязваюць ручнікамі, а каравай, спечаны хрышчонай маці (упрыгожваецца самаробнымі кветкамі, якія мацуюць на галінкі ядлоўца, а потым утыкаюць у бохан), захоўваецца ў каморы да «зорнага часу» – дзялення паміж усімі гасцямі? Асабіста мне пашчасціла прысутнічаць на такіх мерапрыемствах безліч разоў, калі жаніліся дваюрадныя браты, ішлі замуж дваюрадныя сёстры. Адно з вяселляў запомнілася назаўжды.
Сюрпрыз для прыданак
У той раз жаніх знайшоў нявесту не за тры моры – хоць і не ў роднай вёсцы, але ў суседняй. Аднак не заўсёды тэрытарыяльная блізкасць сведчыла, што населеныя пункты маюць аднолькавыя вясельныя традыцыі. Так, нечаканасцю для нявесты (і яе радні), чый жаніх нарадзіўся ў вёсцы Віўнева, была адна цікавая традыцыя, што бытавала ў той мясцовасці. Дык вось, першы дзень вяселля паспяхова завяршаўся ў хаце маладой, якую на начлег да свекрыві і свёкра забіраў жаніх. Разам з нявесткай звечара ў Віўнева звычайна ехалі прыданкі – моладзь. Раніцай наступнага дня сяброў маладой спярша частавалі прысмакамі, а пасля запрашалі… папрацаваць.
– Крыху падсілкаваліся? – цікавіліся старэйшыя ў нявесткі і яе дружыны. – Цяпер праверым, наколькі вы спраўныя ў рабоце.
Калі б пасля такой заявы вясельны папарацы захаваў на фота выразы твару гасцей, то па іх у тэатральнай навугальнай установе можна было б смела экзаменаваць студэнтаў. Разгубленасць, азарт, насцярожанасць, здзіўленне, цікаўнасць – розныя эмоцыі адлюстроўваліся ў той момант на творах маладых людзей.
Так пачынаўся другі дзень вяселля. Паміж гаспадарамі і гасцямі завязваўся дыялог. Спачатку ён праходзіў у гульнявой форме з жартамі і смехам. Аднак калі старэйшы з мужчын адчыняў хлеў ды выносіў розныя прылады працы, станавілася зразумелым, што ўсё сур’ёзна. Па сутнасці, гэта было першым выпрабаваннем, якое на справе паказвала, наколькі дружнай з’яўляецца новая радня, гаварыла аб тым, ці прывучана моладзь да фізічнай працы, ілюстравала падрыхтаванасць маладых людзей да форс-мажорных сітуацый.
Падворак. Гара. Вуліца.
На тым вяселлі прыйшлося саджаць бульбу. Дзеля таго, каб на «ўра» справіцца з заданнем, маладым людзям спатрэбіліся плуг і пэўныя элементы коннай вупражы – хамут і пастронкі. Паколькі тады быў канец мая, і наш «другі хлеб» вяскоўцы даўно пасадзім, ролю бульбы выконвалі шышкі. Незамужнім дзяўчатам катэгарычна забаранялася накладваць хамут: каб не перагарадзіць шлях велюму.
Тады дзея адбывалася на Гары – узвышанае месца ў цэнтры Віўнева. Памеры дзялянкі, якую патрэбна было апрацаваць, залежалі ад колькасці прыданкаў. Чым іх больш, тым большае поле патрэбна было забаранаваць ці засеяць. Самую цяжкую працу – кіраваць плугам, запрэгчы каня (замест жывёлы часцей упрагалі чалавека) выконвалі хлопцы. Дзяўчатам звычайна даручаліся больш лёгкія работы: падносіць плеценыя кашы з бульбаю, шыяны з зернем.
– Колькі часу гэтай традыцыі і хто яе прыдумаў, ніхто дакладна не адкажа. Вядома толькі, што работы былі рознымі і даваліся не абавязкова тады, калі на дварэ было цёпла, – расказала Марыя Аляксандраўна Клімавец.
У наступным годзе жанчына адзначыць 80-годдзе. Больш за шэсцьдзесят гадоў таму яна пакінула бацькоўскую хату ў Оўзічах і пасялілася ў Віўнева. Як прыйшла сюды настаўнічаць, так і засталася назаўжды, бо праз хуткі час цваны (г.зн. шустры) мясцовы хлопец паклікаў яе замуж. Тады і даведалася пра цікавую вясельную традыцыю віўнеўцаў.
Паступова да размовы далучыліся Лідзія Брыль і Ніна Драцэвіч. Жанчыны дадалі: нават тады, калі мясцовая дзяўчына выходзіла замуж за віўнеўскага хлопца, усё роўна традыцыя не перарывалася. Умовы дыктавала мужава радня. Нехта загадваў правезці праз вёску на возе новаспечаныха свёкра і свякроў, іншыя – распілаваць таўшчэзнае бервяно ці пасекчы дровы, падаіць карову ці накарміць свойскую жывёлу. Суразмоўцы падкрэслілі, што месцам выканання заданняў магла быць хата, двор, вуліца. А вось адзенне і абутак тых, хто непрацяглы час адбываў «паншчыну», заставаліся, як правіла, святочнымі. Людзі ж, тым больш моладзь, ехалі на вяселле, а таму апраналіся ў самае прыгожае, што мелі ў сваім гардэробе, тым больш што кожны халасцяк ці незамужняя дзяўчына спадзяваліся на вясёлым мерапрыемстве сустрэць сваю пару.
Пазбавіцца ад халасцяка
Дарэчы, жыхары Віўнева ведалі, як наблізіць жаніцьбу. Праўда, датычылася гэта выключна прадстаўнікоў моцнай паловы. Ніхто з бацькоў не жадаў, каб у яго хаце жыў бабыль, а таму радаваліся, калі іх сыноў запрашалі на вяселле, якое было выдатнай магчымасцю сустрэць патэнцыяльную жонку.
– Калі ўпрыгожвалі каравай, заставаліся абрэзкі паперы, з якой вырабляліся кветкі і шышкі, галінкі дрэва, іголкі ядлоўцу. Гэтае смецце не спальвалі, а збіралі і высыпалі на ганак хаты, дзе жыў халасцяк. Існавала павер’е: як хутка вецер разнясе «сюрпрыз», так і хлопец неўзабаве пазнаёміць бацькоў са сваёй каханай.
Раз, два, тры…
У чым жа сутнасць вясельнай традыцыі, калі моладзь з боку маладой да прыезду перазову (іншых гасцей нявесты) павінна была папрацаваць? Версій шмат. Нехта лічыў, што жарты, усмешкі – добры пачатак новай сям’і. Іншыя выказвалі думку, што сямейнае жыццё ўсё ж такі складаецца пераважна з працоўных будняў, таму любоў да працы і стараннасць – аснова моцнай і шчаслівай сям’і. І невыпадкова, што работа, якая давалася маладым людзям, была абавязкова калектыўнай. На гэты конт ёсць добрая беларуская прыказка: адна галавешка і ў печы тлее. Выснова такая: талака ёсць вялікая сіла. Таму трымаймася разам, беларусы, у гэтым наша веліч і моц!
Наталля КРЫВЕЦКАЯ, фота аўтара