У вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна адкрылася выстава фотамастака Сяргея Плыткевіча «Беларусь: погляд праз стагоддзі», якая стала добрым падарункам да 219-годдзя з дня нараджэння Напалеона Орды.
Герой сваёй эпохі – XIX стагоддзя – Напалеон Орда пакінуў нам багатую спадчыну: больш за 1150 акварэлей і графічных малюнкаў, на якіх адлюстраваны гарадскія пейзажы, архітэктурныя помнікі сучаснай Беларусі, Украіны, Літвы, Германіі, Францыі, Польшчы і нават Алжыру. Пэўная частка работ уяўляе не толькі вялікую мастацкую, але і гістарычную каштоўнасць, бо ўказвае на былую веліч мясцін, дзе падарожнічаў гэты таленавіты чалавек. Адказаць на пытанне, ці зазнала страты гістарычных помнікаў Беларусь, дапамагаюць сучасныя фотаздымкі Сяргея Плыткевіча.
– У экспазіцыі прадстаўлена больш за трыццаць работ, палова з якіх – гэта каляровыя, вялікіх памераў здымкі помнікаў сакральнай культуры, замкаў, сядзіб. Уверсе злева альбо справа змешчаны малюнкі славутага Напалеона Орды: уважлівы наведвальнік выставы можа самастойна ацаніць сучасны стан аб’ектаў, увекавечаных у працах Напалеона Орды, – расказаў фотамастак.
Лёгка заўважыць, што лёс будынкаў, увекавечаных алоўкам славутага Напалеона Орды, – розны. Адны з іх захаваліся ў першапачатковым выглядзе, як напрыклад, касцёл святога Міхаіла Архангела ў Гнезна (Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць), некаторыя былі адноўленыя не так даўно – тая ж сядзіба Ордаў ва ўрочышчы Чырвоны Двор (у Варацэвічах), ад пэўных засталіся толькі руіны.
За перыяд прафесійнай дзейнасці Сяргеем Плыткевічам створаны вялікі архіў. Рознай тэматыкі фотаздымкаў, выкананых толькі на лічбавых носьбітах, налічваецца каля 700 тысяч файлаў. Вялікая частка з іх прысвечана беларускай архітэктуры, фатаграфуючы якую, аўтар прыкмеціў: часта ракурс, з якога Орда маляваў, а ён фатаграфаваў, супадалі. Пазней прыйшла думка зрабіць адпаведнай тэматыкі фотаальбом, і як працяг – аформіць выставу «Беларусь: погляд праз стагоддзі». Усё дзеля таго, каб справа славутага палескага Напалеона заставалася скарбам для наступных пакаленняў беларусаў.
Фотавыстава Сяргея Плыткевіча ў Варацэвіцкім музеі будзе працаваць да 15 красавіка. Шматграннасць таленту вядомага беларускага фатографа ўвасоблена таксама ў здымках, героямі якіх сталі дзівосныя прадстаўнікі расліннага і жывёльнага свету Беларусі. Работы не маюць аўтарскай назвы, што дае магчымасць гледачам праявіць фантазію. Першыя госці выставы ўжо прапанавалі свае назвы: «Пацалунак матулі», «Грацыя і бязважкасць», «Залаты паход», «Гушканне Соні»…
Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота аўтара