У вёсцы Сухое адкрылася экспазіцыя «Этнасвет нацыяльных культур».
Днём нараджэння чацвёртай па ліку музейнай прасторы, якая аб’яднана пад крылом Мотальскага музея народнай творчасці, з’яўляецца 17 ліпеня гэтага года. Менавіта тады была праведзена першая экскурсія для турыстаў. З’яўленне «Этнасвету нацыяльных культур» у Іванаўскім раёне надзвычай сімвалічна. Справа ў тым, што тут пражываюць прадстаўнікі трыццаці адной нацыянальнасці. Паказаць каларыт культуры і побыту іншых народаў – канцэптуальная задача музея ў вёсцы Сухое. У гэтым – унікальнасць аб’екта. Ёсць у культурнай лакацыі і лагатып – сяміпялёсткавая рознакаляровая кветка.
У цяперашнім музейным будынку калісьці была Сушанская базавая школа. Пасля яе закрыцця тут займаліся выхаванцы Цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, які не так даўно змяніў прапіску – пераехаў у Іванава. Улетку ў Сухое пачалі завозіць музейныя рэчы.
– У шасці залах знаходзяцца экспанаты, якія адлюстроўваюць жыццё і побыт мясцовага насельніцтва. Кожны рарытэт маю цікавую гісторыю. Найбольшыя плошчы небезпадстаўна займае «Зала вяскоўца-палешука». Беларусы раней у асноўным жылі і працавалі ў вёсках, а жыхароў нашага рэгіёна яшчэ завуць палешукамі. Завітаўшы ў музей, турысты таксама наведаюць «Лабурскую хазу», пазнаёмяцца з дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, адметнасцямі чайных традыцый і сувенірнай прадукцыяй народаў свету. Завітаюць госці і ў «Яўрэйскі пакой», – расказала галоўны захавальнік фондаў Мотальскага музея народнай творчасці Марыя Ксёнда.
Яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя на вёсцы дбайныя гаспадары выкарыстоўвалі драўляныя граблі, бабкі, каб кляпаць (вастрыць) касу, – рубель, нажніцы для таго, каб стрыгчы авечак, бандарныя вырабы, будаўнічы цыркуль, лыка для пляцення кошыкаў, збрую на каня, клюку для замацавання сена на возе, цэп для збівання зерня з калосся. Сёння іх таксама можна адшукаць – праўда, ад незапатрабаванасці яны «сумуюць» у хлявах ці на вышках. Некаторыя жыхары раёна там зрабілі рэвізію і падзяліліся з музеем рэчамі, якія з часам страцілі практычную значнасць у іх гаспадарках. Унёсак у добрую справу зрабіў, напрыклад, Якаў Міхайлавіч Клімавец з вёскі Віўнева. Вось што расказаў 80-гадовы дзядуля пра свой прэзент – цэп:
– Ім працавала яшчэ мая маці. Спачатку жыта ці пшаніцу жалі сярпом, потым складалі ў снапы. Звычайна іх было дзесяць. Дзясяты па-мясцоваму зваўся стропэць. Пасля на таку снапы клалі на падлогу і білі цэпам. Ім аббівалася зерне.
Побач вісіць клюка. Здагадацца, для чаго прызначана салідная загагуліна, якая знешне нагадвае ручку парасона, не кожны здолее. Аказваецца, ёю актыўна карысталіся ў касавіцу, каб надзейна замацаваць на возе сена, якім узімку кармілі хатнюю жывёлу.
З паляшуцкага падворка наведвальнікі трапяць у лабурскую хазу ці хату лабура – карэннага жыхара Іванава, былога Янава, якое раней мела статус мястэчка. Замацавалася за ўраджэнцамі Іванава такая назва вось чаму. Справа ў тым, што мужчыны-лабуры займаліся збіраннем ахвяраванняў на будаўніцтва і аднаўленне цэркваў. Гэтая справа была іх прафесійным заняткам і асноўным заробкам, так бы мовіць галоўнай працай (анг. labour – праца). Такі «хлеб» меў свае нюансы. Напрыклад, гаспадар працяглы час, недзе паўгода, мог адсутнічаць дома, таму што зазвычай выпраўляўся ў далёкую дарогу. Каб выпадковы сустрэчны не здагадаўся пра ягоны промысел альбо каб сябры маглі аб нечым дамовіцца ў прысутнасці чужакоў, лабуры прыдумалі гаворку. «Цуба з Шуянава папнала з піцерам у аксім». Пераклад на зразумелую мову будзе такім: жанчына з Янова пайшла з мехам у лес. Назва «лабур» жыве і да нашай пары, аднак лабарства – збор сродкаў на царкву – даўно ўжо знікла. Сучаснікі, якія носяць прозвішчы Беразоўскі, Куліна, Мікітчук, Хала, Куліч, Туцкі, Сегень і іншых – нашчадкі янаўскіх лабуроў. Лічыцца, што яны былі досыць заможнымі. Упэўніцца ў гэтым, а яшчэ пагартаць слоўнік штучнай гаворкі, а таксама павітацца з бронзавым лабуром (чым не макет будучага помніка мясцоваму герою) дазволіць наведванне лабурскай хазы.
Як выглядае касцюм прадстаўніка, скажам, Казахстана, што вышыта на сарочцы украінца, якая кветка з’яўляецца раслінай-сімвалам суседняй Расіі – пра гэта і не толькі можна даведацца ў трэцім пакоі музея. Спасцігнуць сакрэты чайных цырымоній у розных краінах дапаможа наступная зала. У музеі таксама можна дакрануцца да сувенірных традыцый розных народаў свету. Лялькі – адзін з самых пашыраных і найбольш папулярных падарункаў. Вясковыя людзі, так расказвала мая бабуля, гатавалі дзецям салодкія лялькі – у льняную тканіну клалі крыху размочаны брыкецік цукру. Малое смактала «сахарынку» і добра засынала.
Ну і пад канец наведвальнікі трапяць у «Яўрэйскі пакой». Увага да прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці абумоўлена тым, што на тэрыторыі Беларусі, увогуле, ды Іванаўскага раёна, у прыватнасці, пражывала вялікая яўрэйская дыяспара. У аграгарадку Моталь, дарэчы, нарадзіўся будучы першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман.
Ёсць задумка, што з часам у музеі будуць працаваць рамеснікі, якія зоймуцца вырабам сувенірнай прадукцыі. Яна і будзе нагадваць турыстам пра багатую і разнастайную этнаспадчыну нацыянальных культур.
Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота аўтара і Ірыны ПАДВІЦЕЛЬСКАЙ