Новы год заўсёды атаясамліваецца ў нас з падарункамі. Двума такімі падарункамі ў галіне літаратуры сталі выданні Яўгеніі Янішчыц.
Напрыканцы 2025 года ў Мадрыдзе ў выдавецтве «Visor Libros» выйшла анталогія паэзіі Яўгеніі Янішчыц на іспанскай мове з назваю «UN AVE INDOMITA» («Непрыручаная птушка»). Перакладчык – доктар філалагічных навук, прафесар Франсіска Руіс Сарыяна. Рэдактары Дзіяна Бяляцкая і Кацярына Пятрова працавалі над кнігай на грамадскай аснове. Выдатна, што выдавецтва «Visor Libros» зацікавілася творчасцю беларускай паэткі і ўзяло на сябе выдаткі па кнізе. Але, на жаль, яно адмовілася прыняць у друк анталогію двухмоўную.
Перакладчык даслаў у Беларусь пяць асобнікаў кнігі – Андрэю Янішчыцу, Яне Янішчыц, Дзіяне Бяляцкай, аўтару гэтых радкоў і музею Яўгеніі Янішчыц. Сям’я Андрэя Сяргеевіча Янішчыца выказвае падзяку Франсіску Руісу Сарыяну і ўсім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы кнігі і дзякуючы каму яна пабачыла свет. Сімвалічна, што бабуля і ўнучка (у іх нават ініцыялы аднолькавыя) сустрэліся на старонках гэтай кнігі. Карціна Яны Янішчыц «Рака Ясельда» аздабляе вокладку выдання.
Яна Янішчыц, студэнтка мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (рэстаўрацыя)», працуе ў розных тэхніках і жанрах, любіць эксперыментаваць з фактурамі, вобразамі, колерам. Прафесійныя якасці юнай мастачкі высока ацэнены. Яна Янішчыц працуе мастаком-рэстаўратарам у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
Анталогія «UN AVE INDOMITA» выйшла ў мяккай вокладцы. На 213 старонках змешчана 125 вершаў Яўгеніі Янішчыц. Паэтычная падборка адпавядае рэпрэзентатыўнай разнастайнасці твораў. Спадзяемся, што іспанскаму чытачу кніга спадабаецца і будзе мець розгалас у літаратурным асяродку Іспаніі і Лацінскай Амерыкі.
Франсіска Руіс Сарыяна працягвае пачатую ім справу. Зараз ён вычытвае каталонскі варыянт анталогіі, якая плануецца быць двухмоўнай, з фотаздымкамі Яўгеніі Янішчыц і карцінамі Яны Янішчыц. На думку перакладчыка, каталонская анталогія атрымаецца лепшай, чым іспанская, і значна большай па аб’ёме. Будзем чакаць.
І ў Беларусі напярэдадні 2026 года ў серыі «Бібліятэка паэзіі» выйшла кніга Яўгеніі Янішчыц «Я Вас люблю». Укладальнікам выступіў паэт, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп. Віктар Анатольевіч ужо на працягу 17 гадоў рупіцца пра спадчыну Яўгеніі Янішчыц. У 2008-м ён быў укладальнікам кнігі «Пачынаецца ўсё з любві» (серыя «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя»), у 2018 годзе – кнігі «Кахання сад і ластаўка вясны» (серыя «100 вершаў»). У 2024-м Віктар Анатольевіч рэдагаваў кнігу «Непрыручаная птушка» (укладальнік Алесь Бадак).
Цікава, што перакладчыкі, укладальнікі, даследчыкі творчасці Яўгеніі Янішчыц часта выкарыстоўваюць для назвы выраз паэткі «непрыручаная птушка». Ён вельмі характэрны як для асобы паэткі, так і для яе творчасці. Паэзія Яўгеніі Янішчыц хвалюе нас сёння і, упэўнена, будзе хваляваць наступныя пакаленні не толькі беларусаў, але і людзей іншых краін свету.
Тамара АЎСЯННІКАВА,
г. Магілёў