На Дні пісьменства творчасць брэсцкіх літаратараў была адзначана адразу ў трох намінацыях

07.09.2022

У першыя дні верасня, калі школьнікі і студэнты адпраўляюцца ў доўгую вандроўку па краіне ведаў, шлях беларускіх пісьменнікаў ляжыць да святых вытокаў творчасці. Каб умацаваць духоўныя сілы, успомніць лепшыя старонкі нашай славутай гісторыі ды ярчэй распаліць агеньчык любові да роднага прыгожага слова ладзіцца традыцыйнае штогадовае свята – Дзень беларускага пісьменства.

 

Сёлета гасцей вітаў слаўны горад Добруш! Напачатку свята традыцыйна адбыўся міжнародны «круглы стол», на якім абмеркавалі тэму «Вечныя каштоўнасці праз кнігі, у аснове якіх справядлівасць. Падчас мерапрыемства была прэзентавана «кніжная палічка» з 12 кніг, рэкамендаваных для прачытання, сярод якіх творы Я. Купалы, М. Чаргінца, Л. Талстога, А. Пушкіна. За ходам «круглага стала» мелі магчымасць назіраць праз анлайн-падключэнне пісьменнікі Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ, супрацоўнікі Брэсцкай гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна.

 

 

Напярэдадні свята адбылася яшчэ адна значная падзея – фінал рэспубліканскага конкурсу, які аб’ядноўвае творчую моладзь, «Жывая класіка». Пераможца гэтага сезона – юны брастаўчанін, удзельнік узорнай студыі эстэтычнага выхавання «ОКеан» Радзіён Дземянчук. Верш пружанскага паэта Міколы Антаноўскага «Жыццёвая балада» ў выкананні юнага артыста прагучаў на галоўнай пляцоўцы Дня беларускага пісьменства падчас урачыстага адкрыцця.

 

У дзень адкрыцця ўрачыстых мерапрыемстваў на пляцоўцы «Слова пісьменнікаў» Брэсцкае абласное аддзялення СПБ прадставіла свае новыя выданні. Паэты Аксана Валуй, Васіль Казачок, Зінаіда Дудзюк, Алёна Папко, Жанна Завацкая і Наталля Кандрашук з душэўнай цеплынёй, раскрываючы яркую палітру вобразаў, прачыталі вершы, прысвечаныя Году гістарычнай памяці, адвечнай тэме кахання, любові да роднага кутка. Анатоль Бензярук успомніў адну з трагічных старонак сваёй малой Радзімы – спаленую ў 1942 годзе вёску Драмлёва, пра лёс якой ён расказвае сучаснікам у дакументальнай аповесці-эсэ «Галавасек», а таксама агучыў даўно ўпадабаную чытачам аўтарскую казку «Куды блінок закаціўся». Аматарам літаратуры было прапанавана праверыць свае веды, адказаўшы на пытанні паэтычнай віктарыны, якую склала паэт Настасся Нарэйка і прысвяціла 140-годдзю народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Пасля чаго брэсцкія літаратары далучыліся да прэзентацыі сборніка з серыі «Беларуская літаратура» «Лучнасць сэрцаў і дум», які пабачыў свет у выдавецтвае «Мастацкая літаратура». У кнігу ўвайшлі творы 14 брэсцкіх аўтараў, якія раней друкаваліся ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях і атрымалі шырокі чытацкі водгук. Яшчэ адной прыемнай навіной ад выдавецтва для Брэстчыны напярэдадні 100-гадовага юбілею У. Калесніка стала перавыданне кнігі «Я з вогненнай вёскі…» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка. Кніга ўпершыню пабачыла свет у 1975 годзе і не страціла актуальнасці, вытрымаўшы ўжо не адно перавыданне.

 

 

У дар Брэсцкаму абласному аддзяленню старшыня Гомельскай пісьменніцкай суполкі Уладзімір Гаўрыловіч перадаў кнігі перакладаў удзельнікаў сёмага міжнароднага маладзёжнага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў «Берега дружбы». Вершы Зінаіды Дудзюк, якая выступіла настаўнікам для маладых пісьменнікаў, юнай паэткі Кацярыны Мізерыі з Кобрына і Алены Братчэні з Драгічына былі перакладзены на рускую мову. У сваю чаргу беларускія аўтары папрацавалі над перакладамі твораў рускамоўных калег.

 

Да Дня беларускага пісьменства быў прымеркаваны Рэспубліканскі літаратурны конкурс «Іван Шамякін. «Сэрца на далоні». Узнагароджанне пераможаў адбылося 4 верасня ў Добрушы каля помніка народнаму пісьменніку. І ўва ўсіх трох намінацыях была адзначана творчасць брэсцкіх літаратараў! За лепшую кнігу прозы «Паляванне зграяй» Гран-пры ўручылі брэсцкай пісьменніцы Зінаідзе Дудзюк, дыплом другой ступені у намінацыі «Паэзія» атрымала Таццяна Шульга за зборнік «Попутного ветра». А ў намінацыі «Кароткае апавяданне» быў узнагароджаны дыпломам другой ступені пісьменнік з вёскі Бабровічы Івацэвіцкага раёна Веніямін Бычкоўскі за апавяданне «Дзяўчынка-восень».

 

З добрымі пажаданнямі ды прамяніста-душэўнымі вершамі выступілі на музычына-паэтычнай імпрэзе «У сэрца з любай Беларуссю» паэты Алёна Папко і Наталля Кандрашук, а Жанна Завацкая пакарыла публіку, выканаўшы а капэла аўтарскую песню «Мой горад», уславіўшы родны Пінск.

 

 

На свяце слова ўпершыню прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу «Хвала рукам, что пахнуць хлебам». На конкурс было даслана 470 работ. Ва ўрачыстай абстаноўцы міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў уручыў узнагароды лепшым з лепшых. За максімальнае паглыбленне ў прафесію памочніка камбайнера ў намінацыі «Лепшы аўтарскі матэрыял у рэгіянальных друкаваных СМІ і сеткавых выданнях» атрымала вядучы рэдактар інтэрнэт-рэсурса ўстановы «Камянецкая раённая рэдакцыя газеты «Навіны Камянеччыны» Наталля Каўпанька.

 

Старадаўні ўтульны Добруш здзівіў сваімі маляўнічымі масткамі, якія можна параўнаць з энергіяй добрай думкі – сувязь сэрца з сэрцам, замацаваная мудрым словам… Са школьных гадоў гэты горад асацыюецца з новымі сшыткамі, чыстай паперай, са спадзяваннямі напісаць на ёй самае лепшае, выдатнае, са словам, якое ўзвышае, прасвятляе, дае магчымасць адтрымаць ад лёсу высокія адзнакі. Дзякуй Добрушу за магчымасць спыніцца і зразумець, што мы – вечна адказныя за свае ўчынкі вучні ў бясконцай краіне Ведаў!

 

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ,

старшыня Брэсцкага аддзялення пісьменнікаў Беларусі