Атмасферу гастранамічнага свята ўдала характарызуе мясцовая прыказка: «Всэ грымыть і гудэ, бо кірмаш у нас ідэ».
Ганаровымі гасцямі фэсту сталі старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Шулейка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь-інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальсцей Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак, старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна, першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Барташ, прадстаўнікі абласных арганізацый, прадпрыемстваў і гаспадарак вобласці і раёна.
У сёлетнім фэсце ўдзел прымаюць замежныя госці з Расіі, Украіны, дыяспары з Малдовы, Карэі, Арменіі, Туркменістана, Азербайджана, Ізраіля. На ўрачыстым адкрыцці фестывалю яны паказалі гледачам унікальныя творчыя нумары. Удзельнікі фальклорнага ансамбля «Эрэбуні» (армянская) паспелі адчуць каларыт мястэчка ўжо раней: – На «Мотальскіх прысмаках» ужо ў другі раз. Мы ў захапленні тут усім. У першую чаргу адчуваюцца беларускае гасцепрыімства і крэатыў. Вы – вялікія малайцы.
Словы шчырай падзякі тым, хто прыехаў на кулінарнае свята, якое ладзіцца ўжо ў дванаццаты раз, адрасаваў старшыня Іванаўскага райвыканкама Анатоль Ткачук, які падкрэсліў што за гады свайго існавання яно набыло вялікую папулярнасць. Кожны раз сюды прыязджаюць госці з розных куткоў зямнога шару, што падкрэслівае сяброўства і адкрытасць беларусаў, настрой на мір і стварэнне. Кіраўнік раёна заўважыў, што Моталь у плане турызму з’яўляецца ўнікальным населеным пунктам. Тут развіты гісторыка-культурны, экалагічны, рэлігійны, вытворчы, дзелавы, настальгічны, спартыўны, і, безумоўна, гастранамічны турызм.
Праграма двухдзённага фэста насычаная. Гаспадыні частуюць прадуктовымі прысмакамі, рамеснікі здзіўляюць усіх рэчамі ручной работы, артысты – творчымі нумарамі. З канцэртнай праграмай выступяць фольк-група «Забабоны» (г. Мінск), ансамбль песні і танца «Казачья застава» (г. Пенза, Расія), «Сестры Груздевы» (г. Мінск). Таксама ў Моталі пройдзе тэатральнае шэсце, гумарыстычная дзея, фестывальны баль, круглы стол, майстар-класы, фестываль дзіцячай і юнацкай творчасці, стол сяброўства і святочны фейерверк.
Адным словам, 12 і 13 жніўня ў Моталі будзе «смачна» ў розных сэнсах!
Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота аўтара і Аляксандра ШУЛЬГАЧА