У 1980-х гадах у Рудску праводзілі шыкоўнае свята. Раней не толькі мясцовыя, але і беларускія артысты прыязджалі сюды, каб у ноч з 6 на 7 ліпеня адшукаць папараць-кветку. Гонарам для жыхароў Рудска з’яўляецца тое, што некалі тут праводзіліся здымкі вядомай савецкай і расійскай тэлеперадачы «Клуб падарожнікаў», прысвечанай папулярызацыі турызму.
– Для нас прыезд вядучага гэтай праграмы Юрыя Сенкевіча стаў тады сенсацыяй, – падзяліліся ўспамінамі Людміла Калодзіч і Людміла Казакевіч. – Ініцыятарам правядзення Купалля было кіраўніцтва калгаса «Светлы шлях». Усе збіраліся ва ўрочышчы Засылэччэ, дзе быў гай. Пасля на тым месцы вырас вялікі мікрараён. Свята заўжды праходзіла весела і шумна, таму рудляне з нецярпеннем, асабліва моладзь, чакалі наступнага года.
Вяскоўцы звязвалі з Купаллем і наступным за ім святочным днём у гонар Іаана Прадцечы спадзяванні на добрае здароўе і дабрабыт. «Бабуля казала, што ягады, сабраныя на Яна, вельмі «помоцныя». Таму пасля царкоўнай службы ішлі ў чарніцы. Па народных звычаях у гэты дзень іх рэкамендавалася збіраць альбо малым дзецям, альбо мужчынам ці ва ўзросце жанчынам. Ягады елі свежымі, сушылі, а потым варылі «помоцны» кісель. Яшчэ збіралі зёлкі, абавязкова рвалі ліпавы цвет», – падзяліліся жанчыны.
Госці свята ўспомнілі і такі цікавы момант:
– Раней не тое, што цяпер, – кожная сям’я трымала вялікую гаспадарку. Дык вось, той, хто пасвіў статак шостага ліпеня, плёў купальскія вяночкі і вешаў іх на рогі каровам. У той дзень рагулі таксама ператвараліся ў Купалінак. Яшчэ бабуля раіла прачынацца на досвітку 7 ліпеня. Лічылася, што сонца ў той толькі дзень, узыходзіць незвычайным чынам: яно нібыта плавае ў вадзе далёка на гарызонце, «купаецца».
Галоўнымі героямі на свяце ў Рудску сёлета былі закаханыя Ян і Купалінка. Да іх зблізку і здалёку прыехалі госці, якія прэзентавалі самабытныя спевы і танцы, характэрныя для розных рэгіёнаў Брэстчыны. Апроч мясцовых калектываў удзел прынялі ўзорны фальклорны ансамбль «Жаўручкі» (аг. Спорава, Бярозаўскі раён) і ўзорны фальклорны ансамбль «Дараносіца» (аг. Хмелева, Жабінкаўскі раён).
Звяртаючыся да ўдзельнікаў і гасцей фэсту намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Наталля Касцюковіч адзначыла:
– Вельмі радасна ад таго, што беларусы захавалі свята «Купалле». Сёння ў ім удзельнічаюць дзеці – наша будучыня. Мы ж разумеем, што, толькі ведаючы нацыянальныя карані, дэманструючы сваю самабытнасць і каларыт, мы памнажаем дзень сённяшні, у той жа час робім усё магчымае для таго, каб наша будучыня была яркай, мірнай і шчаслівай.
Кожная дзяўчына ў той вечар мела цудоўную магчымасць сплесці купальскі вяночак з духмяных зёлак. Па ўяўленнях мудрых продкаў, галаўны атрыбут з’ўляецца надзейным абярэгам ад хцівага чалавека і нядобрага вока да наступнага Купалля. Добра, што ў нашым краі аднаўляюцца народныя традыцыі і сучасныя пакаленні прадаўжаюць іх.
Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота аўтара