Як творцы Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі адзначылі Дзень роднай мовы

23.02.2024

Творцы Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі да Дня роднай мовы, які адзначащся 21 лютага, правялі традыцыйнае мерапрыемства ў кнігарні «Іскра». Анатоль Брытун распавёў чытачам, як з дзяцінства захапляўся гісторыяй роднага краю, як на яго станаўленне, як пісьменніка, паўплывалі аповеды дзядуль і любоў да родных мясцін.

 

Захапленне паэзіяй, літаратурныя дэбюты на беларускай мове ў юнацтве сталі добрым падмуркам для развіцця творчага патэнцыялу паэта Наталлі Кандрашук з Кобрына. Яна прачытала свае вершы з кнігі «Лабірынты летуценняў», успомніла прыгажосць Белавежскай пушчы, дзе правяла свае юнацкія гады.

 

Паэт Вера Вакула ўсё жыццё да выхаду на пенсію працавала вядучым бібліёграфам Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта. Яна прачытала вершы, прысвечаныя роднай вёсцы Тонеж, што пад Туравам, жыхары якой у 1943 годзе загінулі ад рук гітлераўскіх карнікаў, а таксама радкі, напоўненыя любоўю да родных краявідаў.

 

Ірына Морых расказала, што ў апошні час актыўна займаецца перакладчыцкай дзейнасцю, перакладае творы Зінаіды Дудзюк на рускую мову. Пісьменніца пазнаёміла прысутных са сваімі вершамі са зборніка «Незаменимые слова и лица».

 

Паэт, галоўны рэдактар радыё «Тэлерадыёкампаніі «Брэст» Васіль Барысюк распавёў пра важнасць захавання беларускай мовы, успомніў свае першыя творчыя сцяжынкі. Прачытаў вершы, у якіх раскрыў сутнасць прызначэння кожнага чалавека – захаваць сваю спадчыну і памнажаць яе багацце сваімі справамі.

 

Таленавітыя зорачкі сучаснага тэатра «Сторыc» Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці пад кіраўніцтвам Віялеты Брыч Яна Ахрымук, Ніколь Гаўрута, Ангеліна Лукашэвіч, Варвара Каспярук, Ксенія Шумская прадэкламавалі вершы з чытанкі «Верасок», якая зусім нядаўна ўбачыла свет у выдавецкім доме «Звязда». Сярод яе аўтараў і брэсцкія пісьменнікі – Зінаіда Дудзюк, Расціслаў Бензярук і аўтар гэтых радкоў.

 

Цікавасць моладзі да беларускага слова, традыцый, жаданне паглыбіцца ў таямніцы беларускага вершаскладання, успомніць прачытаныя кнігі беларускіх аўтараў ды падзяліцца сваімі першымі спробамі пяра ўражвае. У святочныя дні пісьменнікі выступілі ў школах і бібліятэках. Настасся Нарэйка з Камянца пабывала ў трох установах адукацыі Брэстчыны. У Брэсцкім абласным ліцэі імя П. Машэрава прайшоў фестываль беларускай культуры.

 

– Ліцэісты літаральна засыпалі мяне пытаннямі пра беларускую культуру, – прызнаецца Настасся, – і было цяжка выбраць самае неардынарнае.

 

Не менш цёплымі былі і сустрэчы з вучнямі Пелішчанкай сярэдняй школы, што на Камянеччыне, і сярэдняй школы №2 горада Камянца.

 

Анатоль Бензярук сустрэўся са студэнтамі філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Анатоль Брытун у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М.Горкага пагутарыў аб значэнні роднай мовы ў жыцці чалавека з сямікласнікамі сярэдняй школы №20. Запамінальныя сустрэчы з пісьменнікамі прайшлі і ў гімназіі №1 горада Брэста. А ў Кобрынскай бібліятэцы аматары беларускай паэзіі наведалі свята «Мая мова – мой народ» з удзелам Наталлі Кандрашук.

 

У дзень роднай мовы адбылося і адкрытае пасяджэнне рэдкалегіі беларускамоўнага часопіса для падлеткаў «Бярозка», у якім анлайн з пляцоўкі Брэсцкай гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна ўдзельнічалі пісьменнікі абласнога цэнтра. Пра даўнія і глыбокія літаратурныя стасункі з краінамі свету, пра значнае месца беларускай мовы ў міжнароднай прасторы сведчыць і выстава, падрыхтаваная супрацоўнікамі Брэсцкай гарадской бібліятэкі, якая знаёміць з літаратурнай класікай у перакладзе на беларускую мову. Загадчык аддзела абслугоўвання, пісьменніца Ірына Фаміна ў святочны дзень пазнаёміла з прадстаўленымі кнігамі навучэнцаў палітэхнічнага каледжа і ветэранаў Белтэлекама.

 

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ,

старшыня Брэсцкага аддзялення саюза пісьменнікаў Беларусі