Як брыгадзір сельгаспрадпрыемства стварыў у Маларыцкім раёне прыватны краязнаўчы музей

01.10.2022

Музеяў шмат на свеце. Яны бываюць розныя. З багатымі калекцыямі, з невялікімі экспазіцыямі. Адрозніваюць гістарычныя, мастацкія, літаратурныя, тэхнічныя музеі… Гэты ж – краязнаўчы. Да таго яшчэ і прыватны. Знаходзіцца ён у аграгарадку Макраны Маларыцкага раёна і створаны намаганнямі мясцовага жыхара Сцяпана Бурштына, які працуе брыгадзірам участка раслінаводства «Ляхаўцы» ААТ «Макраны». Месціцца музей на другім паверсе ва ўласным доме Сцяпана Канстанцінавіча  і займае плошчу прыкладна 60 квадратных метраў.

 

У дзень нашай сустрэчы ў музеі Сцяпан Бурштын праводзіў чарговую экскурсію для дзевяцікласнікаў Макранскай СШ.

 

‒ Вучні нашай установы адукацыі не раз бывалі на экскурсіі  ў гэтым музеі, ‒ рассказвае настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Макранскай сярэдняй школы Анастасія Саўчук. ‒ Тут сапраўды ёсць на што паглядзець. Кожны раз для сябе адкрываеш нешта новае, цікавае, раней нязведанае. Для чалавека важна не толькі дыхаць паветрам, любавацца краявідамі родных мясцін, але і адчуваць сябе часцінкай Радзімы, яе культуры і гісторыі. Пасля кожнай экскурсіі ў гэты музей міжволі задумваешся над словамі народнай мудрасці: калі не ведаеш, адкуль прыйшоў, то не будзеш ведаць, куды пойдзеш. Тут, на другім паверсе, жыве не толькі памяць, але і павага да мінулага.

 

 

‒ Мой музей ‒ наша блізкае мінулае, якое нельга вось так адразу ўзяць і адным махам выкрасліць з жыцця, ‒ гаворыць Сцяпан Бурштын. ‒ Гэта не толькі памяць, але і павага да продкаў, да свайго краю, яго гісторыі. Месца для экспанатаў, якія ў музеі размяшчаюцца тэматычна, адведзена не так і багата. Аднак гэта не перашкаджае прасачыць асобныя этапы існавання ранейшай дзяржавы (СССР), у якой мы жылі.

 

Краязнаўчымі і гістарычнымі пытаннямі Сцяпан Бурштын цікавіцца са школьных гадоў. У 2003 годзе «непатрэбныя» рэчы блізкага мінулага, каб не заміналі, ён стаў зносіць на другі паверх дома. А вось сур’ёзна і  мэтанакіравана пачаў займацца зборам экспанатаў у 2011 годзе. Паступова ўзнікла задумка  стварыць прыватны краязнаўчы музей.

 

Цяпер у ім можна пабачыць матэрыялы па чатырох асноўных раздзелах: «Ваенная гісторыя», «Этнаграфія», «Летапіс калгаса», «Гісторыя маёй сям’і». Са з’яўленнем новых экспанатаў тэматычныя межы музея пастаянна пашыраюцца. У калекцыі, напрыклад, ёсць газеты, датаваныя 1921 годам, кнігі, выдадзеныя пасля 1930-га, а таксама 8 самавараў, адзін з першых савецкіх тэлевізараў… Гонар Сцяпана Бурштына ‒ 36 савецкіх фотаапаратаў, 12 кіцеляў, 68 мужчынскіх галаўных убораў, пачынаючы з часоў Чырвонай Арміі, 120 шэўронаў, якія сабраны з шасці краін свету, а таксама 15 вымпелаў і 19 пераходных сцягоў часоў СССР, 300 значкоў, атрыбутыка піянерскай арганізацыі. Нядаўна Сцяпан Бурштын захапіўся зборам знакаў пагранічных войскаў і вырабаў з бурштыну. Калекцыяніруе ён і побытавыя  прадметы штодзённага ўжытку нашых продкаў. Іх ужо амаль 40 экземпляраў.

 

 

У музеі Сцяпана Бурштына «жывуць» экспанаты, узрост якіх пад сто і больш гадоў. У кожнага з іх свая гісторыя і шлях у прыватны макранскі музей. Напрыклад, сярод калекцыі з 500 манет ёсць і такая, выпуск якой датуецца 1700 годам. Ганаровае месца ў экспазіцыі займае таксама кніга «Святое Евангелле Госпада нашага Ісуса Хрыста», датаваная 1917 годам.

 

‒ Цяпер завяршаю працу над ілюстраванай гісторыяй Макран, якую назваў «Ці  павінна зямля калгасу?», ‒ гаворыць Сцяпан Бурштын. ‒ У аснове яе – успаміны мясцовых жыхароў і фотаздымкі. Па іх можна прасачыць, як змянялася жыццё вяскоўцаў і нашага населенага пункта на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.

 

Музей Сцяпана Бурштына адкрыты для ўсіх. Пазнаёміцца з экспазіцыяй мог ужо не адзін дзясятак чалавек. Пабывалі тут на экскурсіях і вучні бліжэйшых школ. Некалькі разоў прыязджалі ў музей краязнаўцы з Брэста, Пінска. Наведвалі музей госці з Расіі, Польшчы, Германіі, Украіны…

 

 

Асобная  старонка захапленняў Сцяпана Канстанцінавіча – захаванне ваеннай гісторыі. Яго намаганні ў гэтым накірунку адзначаны чатырма ўзнагародамі замежных краін. У 2014 годзе ён атрымаў два медалі «За асабісты ўклад у захаванне помнікаў ваеннай гісторыі» і «70 гадоў абароне Кіева» ад грамадскага аб’яднання «Таварыства ветэранаў разведкі ваенна-марскога флоту» (Украіна). У 2015-м медаль «Слава воінам-разведчыкам» яму ўручаў Руслан Байчук, консул-дарадчык консульства Расіі ў Брэсце. Падчас правядзення ІІ Міжнароднай ваенна-гістарычнай экспедыцыі, якая праходзіла ў Пінску, Сцяпан Бурштын ва ўрачыстай абстаноўцы атрымаў памятны нагрудны знак «Віцэ-адмірал Георгій Халасцякоў» з рук Героя Расіі, камандзіра глыбакаводнага жылога апарата «Мір» Інстытута акіяналогіі Расійскай акадэміі навук Яўгена Чарняева.

 

У музеі Сцяпана Бурштына пабывалі нашчадкі маракоў, якія загінулі ў 1941 годзе, і ветэраны флота ‒ удзельнікі ІІ Міжнароднай ваенна-гістарычнай экспедыцыі. Асноўная мэта яе – гэта ўвекавечванне памяці і спроба адраджэння  Дняпроўскай (Пінскай) ваеннай флатыліі.

 

‒ У мяне наладжаны сувязі з некаторымі музеямі Брэстчыны, ‒ гаворыць Сцяпан Канстанцінавіч. ‒ У прыватнасці, з краязнаўчым музеем «Спадчына» Маларыцкай раённай гімназіі, этнакраязнаўчым музеем «Спадчына» Целяханскай СШ Івацэвіцкага раёна, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеем, з музеем Дняпроўскай флатыліі СШ №2 г. Пінска. Па краязнаўчых пытаннях таксама супрацоўнічаю і з Макранскай сельскай бібліятэкай, Палескім дзяржаўным універсітэтам і іншымі ўстановамі ды грамадскімі суполкамі.

Дарэчы, Сцяпан Бурштын з’яўляецца членам гісторыка-патрыятычнага клуба «Пошук» (г. Пінск). Ён са сваёй прыватнай калекцыі перадаў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага некалькіх кніг мінулага, таксама мае непасрэднае дачыненне да стварэння музея камандзіра партызанскай разведвальна-дыверсійнай  брыгады  Сцяпана Паўлавіча Каплуна (г. Столін).

 

 

Дарэчы, Сцяпан Бурштын ‒ пляменнік аднаго з партызан брыгады Сцяпана Каплуна. Тамсама яго цётка была партызанскім поварам. Сцяпан Канстанцінавіч перадаў у будучы музей многія дублікаты дакументаў і асабістыя лісты Сцяпана Каплуна, адрасаваныя партызану Паўлу Дабрынцу. У Сцяпана Канстанцінавіча была задумка стварыць музей Сцяпана Каплуна ў Макранах ці Маларыце. Аднак так склаліся жыццёвыя абставіны, што гэтыя планы пакуль не ажыццявіліся.

 

‒ Краязнаўства і гісторыя роднага краю дапамагаюць звярнуцца да нашых вытокаў ва ўсіх яго праявах, ‒ перакананы Сцяпан Канстанцінавіч. – Іх змест – гэта ў першую чаргу жыццё народа і яго вопыт, якія прасеяны праз сіта стагоддзяў, а таксама духоўны свет чалавека, яго думкі, пачуцці, перакананні, перажыванні. Выхаванне сапраўднага грамадзяніна і патрыёта – задача асабліва актуальная сёння. Яна не можа быць паспяхова вырашана без усведамлення сваіх каранёў, глыбокага спазнання і засваення народнай культуры, далучэння да гісторыка-культурных каштоўнасцей, выхавання гонару і павагі да мінулага свайго краю, краіны.

 

«Музей, створаны Сцяпанам Канстанцінавічам, як выказаліся адны з наведвальнікаў яго музея, ‒ нагадвае маленькае люстэрка, у якім знайшло адбітак мінулае цэлай краіны. «Тут мы ўбачылі невялічкі свет са сваімі правіламі, рэчамі, якія так далёкія цяпер ад сучаснасці. Сцяпан Бурштын здолеў пранікнуць у глыб таго, савецкага, часу. Ён, як здабытчык золата, дастаў з мінулага, уваскрэсіў падзеі, факты, даты і нават імёны людзей, што ўжо адышлі ў нябыт… Тут жывуць памяць і павага да перажытага». Выдатныя словы з кнігі водгукаў!

 

Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара