Гісторыя фальклорнага фестывалю «Сузор’е мастацтваў з глыбіні стагоддзяў»

26.02.2026

Фальклорны фестываль «Сузор’е мастацтваў з глыбіні стагоддзяў» праводзіцца ў Драгічынскім раёне не так даўно, толькі чатыры гады. Добрая ініцыятыва падпарадкавана вырашэнню такіх важных задач, як захаванне здабыткаў рэгіянальнай культуры, адраджэнне некалі распаўсюджаных у пэўнай мясцовасці абрадаў, далучэнне моладзі да культурнай спадчыны народа.

Гісторыя «Сузор’я»

Штогод мерапрыемства мяняе лакацыю. Упершыню гасцей і ўдзельнікаў прымаў Папінскі сельскі Дом культуры. Сярод мноства пажаданняў, агучаных у 2023 годзе начальнікам аддзела культуры Драгічынскага райвыканкама Інай Праневіч, было наступнае: каб свята пусціла карані, стала традыцыйным для Драгічыншчыны – краю, культурная спадчына якога мае свой непаўторны каларыт. У добрую хвіліну было прамоўлена пажаданне, бо фестываль з таго часу праводзіцца штогод. Пляцоўкамі для правядзення фальклорнага фэсту выступілі вёска Заверша, аграгарадок Закозель. Нядаўна такі гонар мелі Брашэвічы – адзін з самых старажытных населеных пунктаў Драгічынскага раёна. Першае згадванне аб ім у пісьмовых крыніцах датуецца 1554 годам.

Павівач і пояс брата

Рупліўцы на ніве фальклорнага руху амаль з усяго раёна сустрэліся ў мясцовым Доме культуры, дзе панавала незвычайная атмасфера. Арганізатары фестывалю засталіся вернымі  першапачаткова акрэсленай канцэпцыі свята: апроч дэманстрацыі калектывамі народных абрадаў і дзеянняў, пашыраных у раёне ў мінулым, знаёміць з сучаснымі дасягненнямі культработнікаў, папулярызаваць народныя рамёствы праз майстар-класы. Выязныя заняткі па ткацтве, разьбе па дрэве на гэты раз прапанавалі Валерый Манцэвіч і Галіна Сцепанюк, якія працуюць у філіяле «Антопальскі раённы Цэнтр рамёстваў».

– Ткацтву навучаю як дзяўчынак, так і хлопчыкаў. Раней у гурток ахвотней запісваліся апошнія. Што цікава, часта прыходзяць дзеці, якіх не надта хваляць у школе. Калі хто расперазаўся, даўно ведаю, як уціхамірыць: пасадзіць за драўляныя бердзечкі, – расказала народны майстар Галіна Сцепанюк.

Старадаўнім рамяством жанчыне ўдаецца захапіць школьнікаў рознага ўзросту. Адкрыццём для іх спачатку становіцца цікавая інфармацыя пра паясы: напрыклад, зараз ён – неабавязковы аксэсуар у гардэробе мужчыны, а раней быў галоўным абярэгам палешука. Нават глянуць у акно, не тое каб выйсці вяскоўцу на вуліцу, без пояса было забаронена. Праўда, аднойчы і толькі мужчынам дазвалялася парушыць дадзенае правіла: калі ішла нарыхтоўка сена. Яго касілі па балотах, дзе было многа вужоў. Калі складалі сена ў стажок, была верагоднасць, што з-пад вілаў выскачыць лускаваты госць і трапіць касцу за кашулю. Пояс у такім выпадку затрымаў бы вужа пад адзеннем, таму, ідучы на гэтую працу, не падпярэзваліся.

Сёння выхаванцы Галіны Міхайлаўны цудоўна арыентуецца ў разнавіднасцях тканых паясоў. Не толькі ведаюць, але і ткуць яны дзіцячы павівач, традыцыйныя паясы Драгічыншчыны.

–  Самым доўгім – 4 метры 20 сантыметраў, з нітак трох колераў – белага, блакітнага і цёмна-сіняга, быў пояс брата. Выклікае гонар, што ў нашым Цэнтры рамёстваў адрадзілі пояс бабыля. Унікальны рарытэт перадалі таксама ў адзін са сталічных музеяў. Звычайная справа: ткаць паясы па заказе мясцовых калектываў. Хутка, думаецца, юныя ткачы зразумеюць, што гэтым яны займаюцца не толькі каб разнастаіць свой вольны час, а дзеля таго, каб узор, што вызначае самабытнасць Драгічыншчыны, не згубіўся ў віхуры падзей, – спадзяецца Галіна Сцепанюк.

Вялікая ўвага

Удзельнікі свята ўважліва глядзелі на тое, што адбывалася на сцэне Дома культуры. Заліхвацкім быў пачатак фальклорнага фэсту: «Зайграй дудачка весяло, каб наша сяло весела было…». Такімі словамі вітаў аўдыторыю народны ансамбль народнай песні «Зараначка». Музычнымі нумарамі калектыў падрыхтаваў глебу для ўспрымання гледачамі старажытных абрадаў «Шчадроўкі», «Вячоркі», «Дзеркачы», «Адправіны», «Саракі», «Каравайніцы».

Незабытымі на Драгічыншчыне да гэтай пары з’яўляюцца абрады, якія выконваліся на святы зімовага цыклу. 13 студзеня адзначаюцца «Шчадроўкі». Гаспадары чакалі гэтага дня, каб даведацца, ці хутка скончыцца зіма. Яе працягласць вызначалі так: пад абрус клалі сена, а пасля выцягвалі сянніну. Кароткая азначала, што хутка маразы адыдуць, доўгая ж прадказвала, што зіма яшчэ затрымаецца. Незамужнія дзяўчаты ў гэты вечар варажылі: насыпалі зерне і запускалі ў хату курыцу. Лічылася, да чыёй купкі свойская птушка падыдзе спярша, тая дзяўчына першай пакрые галаву вэлюмам.

«Сядайма радком ды пагамонім ладком» – некалі так гаспадары віталі вясковых жанчын, што збіраліся разам на «Вячоркі». Адбывалася гэта доўгімі зімовымі вечарамі. Нехта вышываў ці ткаў, хтосьці біў масла. Праца не перашкаджала жартаваць, спяваць песні. Бывала, працаўніцы разыходзіліся тады, калі пеўні на досвітку пачыналі вітаць крыкам новы дзень.

Добра, што на свяце ў якасці гледачоў было багата юнакоў і дзяўчат, бо некаторыя нават назвы пералічаных абрадаў да гэтага моманту былі ім не знаёмыя. Такімі з’ўляюцца «Саракі» і «Дзеркачы». Першы прымеркаваны да аднайменнага царкоўнага свята, якое адзначаецца 22 сакавіка. Лічылася, што калі ў гэты дзень гушкацца на арэлях, то вырасце доўгі лён. У цэнтры ўвагі былі птушкі. Да іх прылёту і цяпер у некаторых вёсках Драгічынскага раёна выпякаюць печыва: булачкі ў форме жаўранкаў. Дзяўчаты звычайна гулялі ў народныя гульні «Явар» і «Ручай», хлопцам прапаноўвалася з заплюшчанымі вачыма назбіраць сорак трэсак. Хто выконваў дадзенае заданне, мог разлічваць на тое, што знойдзе сорак гнёздаў ці сорак птушыных яек.

Ад сцёртых венікаў (дзеркачоў) пазбаўляліся на сёмы дзень пасля Вялікадня. Спачатку “голым” венікам вымяталі смецце з хаты – тым самым адганялі зіму, а пасля яго палілі і прыгаворвалі: ідзі, зіма, да кучара, бо ты нам надакучыла, ідзі, зіма, да карася, бо ты нам упяклася… Разарваць зімовыя ланцугі дапамагаў агонь. Гукалі вясну песнямі-вяснянкамі.

Вясельны абрад «Каравайніцы» паказаў творчы сямейны калектыў Лук’яновічаў, удзельніцы якога самі некалі выступалі ў ролі каравайніц – так называлі сябровак нявесты ці жаніха, якія ўпрыгожвалі кветкамі каравай. Сяброўкі маладой шылі ў гэты вечар для яе вэлюм і рабілі нагрудныя ўпрыгожанні для гасцей маладога.

Праводны вечар узнавілі работнікі Хомскага сельскага Дома культуры. Праводзіны сына ў армію ўспрымаліся з сумам. Удзельнікамі большасці дзействаў выступалі самыя блізкія: бацькі і хрышчоныя. Маці на дарогу навабранцу пякла бохан хлеба (каб не ведаў голаду), бацька даваў жменю зямлі з роднага поля (калі на службе выпадалі цяжкасці, трэба было насыпаць яе ў боты), хрышчоная маці бласлаўляла яго вадой, авсечанай у царкве на свята Хрышчэння. Састрыжаныя валасы салдата клалі за абразы. Хлопца, прызванага ў армію, госці адорвалі падарункамі. Абавязковым ад кожнага была насоўка. Калі малады чалавек выходзіў з хаты, па дарозе ён іх раскідваў (госці падымалі і бераглі насоўкі). Пакідаў толькі адну – каханай дзяўчыны, якая абяцала дачакацца любага са службы. Весялосць, радасць гасцям падарылі таксама калектывы «Папінскія музыкі», «Сваякі», «Вясёлыя суседзі».

Фальклорны фестываль «Сузор’е мастацтваў з глыбіні стагоддзяў» на наступны год можа справіць маленькі юбілей. З гэтай нагоды свята зноўку збярэ поўную залу гасцей, якія прагнуць сустрэч з мінулым.

Наталля МЕЧНАЯ

Фота аўтара