Галасы палесскай самабытнасці. Гісторыя ансамбля народнай музыкі і песні «Палешукі»

14.12.2023

Больш за трыццаць пяць год самабытную песенную спадчыну Іванаўшчыны прэзентуе Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі». Сваю дзейнасць ён ажыццяўляе пры раённым Цэнтры культуры і народных традыцый.

 

Шлях да палескага слова

 

З’яўленню ў 1986 годзе непаўторнага па рэпертуары ансамбля «Палешукі» папярэднічала грунтоўная праца – пошук і падбор таленавітых выканаўцаў народных песень.

 

Дзякуючы аўтарскім аранжыроўкам палескі фальклор стаў вядомы для шырокай публіцы не толькі на тэрыторыі Іванаўскага раёна, розных абласцей Беларусі, але і замежжа.

 

– Ідэя стварэння калектыву, які б сваёй творчасцю падкрэсліваў песенны і танцавальны каларыт нашага краю, належыць, у тым ліку, вопытнаму харавіку і баяністу Івану Дзянейку, – адзначыў удзельнік «Палешукоў» першага саставу, кампазітар Валянцін Перапёлкін.

 

Іван Дзянейка, Валянцін Перапёлкін, Міхаіл і Людміла Каспяровіч (першы мастацкі кіраўнік), Іван Барысюк (вядучы саліст), Сцяпан Кунахавец, браты Уладзімір і Юрый Шэляговічы, Валерый Ткачук, Уладзімір Селязнёў, Аляксей Буткевіч, Васіль Гарох, Уладзімір Сініцкі былі ў першым складзе ансамбля, які ў 1990 годзе атрымаў званне «Народны», а з 2004 года стаў Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь.

 

Палессе – кландайк

 

За ёю, народнай песняй, «Палешукі» завіталі ў вясковыя хаты. Валянціна Васільевіча да гэтай патрэбнай справы падштурхнула метадыст гарадскога Дома культуры Ганна Фісюк, якая неяк паказала яму цікавы сшытак. У ім – тэксты мясцовых песень ад мотальскіх пявунь. Глянуўшы запісы, калега зразумеў адно: трэба, не адкладваючы, выпраўляцца ў вёску – кландайк палескай песні. Экспедыцыі ладзіліся ў паўночную і паўднёвую зоны Іванаўшчыны. Аловак, нотная папера і вушы (у дадзеным выпадку маецца на ўвазе абсалютны музыкальны слых. – Заўвага аўтара) – надзейныя сябры Валянціна Перапёлкіна ў тых паездках.

 

– Добры «ўраджай» – больш за пяцьдзясят песень, як цяпер помню, аднойчы запісаў за два ці тры тыдні. Спачатку ехаў па канкрэтным адрасе, потым спрацоўвала так званае сарафаннае радыё – бабуля Маруся клікала сяброўку Зосю, а тая падказвала, куды яшчэ можна заехаць за каштоўным песенным матэрыялам. Унікальныя спевы пачуў тады з вуснаў узроставых жыхароў Опаля, Моталя, Тышкавіч. Жанчыны, а бывала і мужчыны, выконвалі песні, я тым часам яркія, спрадвечна палескія творы адразу націраваў.

 

 

Потым прасіў паўтарыць. Не рэдкасць – чалавек у другі раз выконваў тую ж самую песню крыху на іншы лад. Я выбіраў версію, якая мне больш падабалася, і потым рабіў аранжыроўку. Дарэчы, кампазітарскай справай займаліся многія ўдзельнікі ансамбля. Часам здаралася такое, што калектыў не ўспрымаў пэўную кампазіцыю. У выніку яе не ўключалі ў рэпертуар «Палешукоў». Адным словам, у ансамблі заўжды панавала здаровая творчая атмасфера, – удакладніў Валянцін Перапёлкін.

 

Жарты і сум

 

Адшуканыя народныя песні, якія раней і цяпер складаюць аснову творчага аблічча калектыву, розныя па змесце – тужлівыя і жартоўныя, вясёлыя і павучальныя. Іх, а таксама аўтарскія песні на іншых мовах, за час існавання «Палешукоў» чулі ў многіх краінах свету. Дзе б ні выступаў гэты ансамбль, слухач заўсёды быў удзячным і шчодрым на эмоцыі і апладысменты.

 

– Народная песня паўсюль карыстаецца папулярнасцю. Для чалавека яна фарміруе «імунітэт» ад нізкапробнага песеннага матэрыялу, – дадаў Валянцін Перапёлкін.

 

Нязменныя каардынаты

 

Сённяшні склад ансамбля – трэці па ліку. Ад стварэння і да цяперашняга часу ў ім застаецца вопытны вакаліст Уладзімір Сініцкі, які да таго ж іграе на розных музычных інструментах. Дарэчы, падчас выступлення «Палешукоў» можна пачуць скрыпку, цымбалы, баян, акардэон, балалайку, жалейку, акарыну, бас-гітару, трубу, барабан, бугая, трашчоткі, бубен. Цікавы факт: у студыі, дзе праводзяць рэпетыцыі «Палешукі», на сцяне вісіць самаробны драўляны інструмент – малаточкі. Час ад часу інструмент гучыць на канцэртах.

 

Вольга Кухарчук, Андрэй Шурхай, Сяргей Псышчаніца, Аляксандр Пархейчук, Іван Самахавец, Андрэй Страпко, Мікалай Гарох, Віталь Лінік, Яўген Шаршоў – такі сучасны склад «Палешукоў». З 2013 года калектыў узначальвае Іван Засімовіч. Апрача кіраўніцкай ролі, Іван Іванавіч з’яўляецца салістам, кампазітарам, аранжыроўшчыкам, мульціінструменталістам. Для таго, каб стаць спецыялістам такога шырокага профілю, спатрэбілася адолець доўгі, цікавы і няпросты музычны шлях, закончыць чатыры спецыялізаваныя ўстановы – школу мастацтваў у Іванаве, музычны колледж імя Рыгора Шырмы ў Брэсце, акадэмію музыкі і магістратуру пры ёй у Мінску. Іван Засімовіч – магістр мастацтвазнаўства, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможца шматлікіх конкурсаў і фестываляў. Адным з самых значных музыкант назваў удзел у прэстыжным конкурсе акардэаністаў «Трафей свету».

 

Рэпертуар і шлягеры

 

Рабочы рэпертуар ансамбля налічвае каля трох дзясяткаў песень. Безумоўна, «Палешукі» актыўна карыстаюцца ранейшымі шлягерамі – песнямі «Ляціць воран», «Ой, там на горі», «Чы я тобі ны казала, чы ны говорыла» і іншымі. Аднак творчы працэс, які падразумявае з’яўленне новых кампазіцый, ідзе несупынна. Так, аднойчы кіраўніку «Палешукоў» трапілася замалёўка «Разумная жонка». У творы Наталлі Сацуты Ганна, жонка Васіля, знайшла выйсце, як пасварыць мужа з чаркай: «да гарэлкі з усёй злосці даліла яшчэ чагосьці». Мужа яна таксама папярэдзіла пра магчымыя наступствы ўжывання моцнага напою: сказала, што ёй прысніўся кепскі сон. Аднак Васіль не паслухаўся гаспадыню. Як высветлілася – дарма. Так жывот балеў, што «ледзь не выпусціў ён духу». Але ж ахвоту піць разумная жонка адбіла.

 

– Амаль адразу пасля прачытання твора з’явілася жаданне пакласці словы на музыку. Так узнікла новая песня. Увогуле, робячы аранжыроўкі, атрымліваю вялікае задавальненне ад працэсу, – прызнаўся кіраўнік ансамбля «Палешукі».

 

За год музыкі развучваюць да пятнаццаці новых песень. Частка з іх надоўга прыжываецца ў творчасці калектыву, карыстаецца вялікай папулярнасцю. Такая доля напаткала песні «Палеская інструментальная», «Гуляначка», «Старажытная сюіта», «Камар», «Цешча», «Шынкарачка», «Санаторый», «Каліна-ягада» і многія іншыя.
Нотны сшытак Івана Засімовіча, трэба сказаць, ніколі не сумуе. Тым больш, што восенню 2024 года – чарговае пацвярджэнне высокага звання.

 

 

Якасная песня – будучыня

 

Паміж размовамі пра блізкія і далёкія падарожжы «Палешукоў», пра незабыўныя моманты канцэртнай дзейнасці, пра падарункі калектыву Іван Засімовіч не забываецца падкрэсліць:

 

– Кожны ўдзельнік ансамбля – унікальны музыкант, сапраўдны прафесіянал, і, безумоўна, улюбёны ў справу, якой займаецца.

 

Разам «Палешукі» – калектыў мае безліч узнагарод (у 2003 годзе, між іншым, быў уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта) – выконваюць важную місію: зберагаюць і памнажаюць каларытны палескі песенны скарб, праз мудрасць, заключаную ў фальклоры, фарміруюць высокі густ землякоў, прывіваюць пашану і любоў да культурнай спадчыны беларусаў.

 

 

Якасны матэрыял, памножаны на прафесіяналізм выканаўцаў, – сакрэт паспяховасці ансамбля, яго высокага п’едэсталу і адначасова будучыні беларускай песні.

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара