Фестываль «Фальклор без межаў» прайшоў ў Іванава

У чатырнаццаты раз прыхільнікі народнай творчасці сустрэліся на міжрэгіянальным фестывалі «Фальклор без межаў». Фэст праходзіў 12-13 студзеня. Гасцей свята каларытнымі нумарамі парадавалі калектывы з розных абласцей Беларусі, а таксама з Расійскай Федэрацыі.

Адкрыццё «Фальклору без межаў» адбылося ў аграгарадку Тышкавічы. Выбар пляцоўкі для правядзення першага фестывальнага дня абумоўлены тым, што менавіта тут зарадзілася ідэя правядзення цяпер ужо брэндавага для Іванаўшчыны мерапрыемства. Упершыню веліч фальклору шматлікія калектывы на тышкавіцкай зямлі прадэманстравалі ў 2005 годзе. Натхняльнікам культурнага праекта, які спачатку праводзіўся адзін дзень, два дзесяцігоддзі таму выступіў тагачасны кіраўнік мясцовай гаспадаркі Анатоль Антановіч. З 2013 года міжрэгіянальны фэст ладзіцца раз у два гады. Сустракаюцца ўдзельнікі і прыхільнікі народнай творчасці ў калядна-шчадроўскі перыяд – калі таямніца нараджэння Хрыста сілкуе веру ў цуды і перамогу добрага і стваральнага пачатку ў чалавеку.

– На Іванаўшчыне жывуць не толькі таленавітыя і гасцінныя людзі, але і тыя, хто неабыякавы да самабытнай фальклорнай спадчыны. У ёй увасоблена духоўнае жыццё многіх пакаленняў. Імкненне зберагчы народныя традыцыі абумоўлена клопатам сучаснікаў аб захаванні духоўнасці беларускага народа, – заявіў старшыня Іванаўскага райвыканкама Анатолій Ткачук.

У мінулую нядзелю тэрыторыя ля тышкавіцкага Дома культуры ператварылася ў падворак, гаспадыняй якога была Калядуха-Весялуха. На вуліцы ўстанавілі знак: адсюль, маўляў, пачынаецца «тышковска мыже» – зямля, дзе любяць народныя спевы, танцы і адмысловую мясцовую гаворку. Бадзёры настрой стваралі і ўдзельнікі ўзорнага ансамбля фальклорнага танца «Каразель» (кіраўнік Эльміра Каткавец). Хлопцы і дзяўчаты, якім неаднойчы крычалі «брава», вучылі гасцей побытавым палескім танцам.

– Прыйшоў у ансамбль, калі быў у трэцім класе. Не адразу адчуў дух народных скокаў. «Плэскач», «Лысы», «На рэчаньку», «Субота», «Падыспань» – не пералічыць, колькі іх ведаю. У кожнага танца, як і ў пэўнага чалавека, свой характар, – падзяліўся 11-класнік Аляксандр Лукашэвіч.

Зразумець культурны код беларусаў – даўняя мара сямейнага казацкага ансамбля з Санкт-Пецярбурга «Жывая даўніна».

– Нашаму калектыву 35 гадоў. Мы многа дзе выступалі, але такой увагі і павагі да народных традыцый, як на фестывалі «Фальклор без межаў», нідзе не сустракалі. Мы ў захапленні ад Беларусі! – падкрэсліла кіраўнік ансамбля Людміла Праваторава.

На тышкавіцкай сцэне сабраліся тры пакаленні адной сям’і. Дарослыя арганізоўваюць экспедыцыі, падчас якіх занатоўваюць аўтэнтычныя казацкія песні. У рэпертуары «Жывой спадчыны» – каля двухсот кампазіцый. Дарэчы, госці з паўночнай сталіцы краіны-суседкі здзівілі публіку, калі акапэльна зацягнулі «Радуйся». Падпявала ўся зала.

Сюрпрыз у той вечар падрыхтавалі не толькі калектывы, якія прэзентавалі самабытную песенную творчасць. Сюды прывезлі свае шэдэўры – тканыя, саламяныя, вышываныя, ганчарныя, а яшчэ вырабы з дрэва – майстры, у тым ліку са званнем «Народны». Першай на Івацэвіччыне гэты ганаровы статус атрымала Ніна Мікалаеўна Тысевіч з вёскі Аброва. Бабуля ў 87-гадовым узросце паказвае прыклад маладым.

– Без вышыўкі хворай сябе адчуваю, таму штодзень хаця б пяць «уколаў» раблю. Да той пары, пакуль рукі будуць слухацца, не планую развітвацца з ніткай і іголкай. У святыя вечары вышываць нельга, а вось днём – калі ласка. Люблю яркія малюнкі. Такія на маіх ручніках, карцінах, падузорніках. Калісьці яшчэ ткала і вязала кручком. Звычайна раздорваю аўтарскія творы. Іх можна адшукаць па ўсім свеце, – гаворыць Ніна Мікалаеўна.

Саламяныя вырабы прывезла Тамара Кузьміч, драўляны посуд – Сяргей Упіравец, самаробныя музычныя інструменты – Пётр Саламянюк, за ткацкім станком тут шчыравала Ганна Кандзярэшка, з мастацтвам выцінанкі, уключанай у снежні мінулага года ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА, пазнаёміла народны майстар Беларусі Наталля Кулецкая. Да слова, званне яна атрымала пяць год таму, 13 студзеня 2020 года. Наталля Міхайлаўна даўно працуе педагогам-дэфектолагам у Косаўскім дзіцячым садку, там жа праводзіць заняткі ў гуртку «Папяровыя карункі». З рукатворным папяровым цудам пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве. У хатах яе бабуль, якіх звалі Ганнамі, былі палічкі з бялюткімі сурвэткамі. Цяпер Наталля Міхайлаўна сама стварае такія шэдэўры: карціны, пано, фіранкі, набожнікі – упрыгожанні абразоў. Сябра Саюза народных майстроў Беларусі ганарыцца сваім трыпціхам «Мая Беларусь». Тры карціны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску.

– Беларуская выцінанка не можа не захапляць. Момант адкрыцця і сюрпрызу дорыць складзеная ў некалькі разоў папера, на якой ты пэўны час нешта выразаў, – сцвярджае Наталля Міхайлаўна.

Брэндавы культурны праект Іванаўшчыны «Фальклор без межаў» вядомы ў краінах бліжняга і далёкага замежжа. З кожным крокам фестываль набывае новыя сяброўскія сувязі, пашырае геаграфію ўдзельнікаў. У форуме ўдзельнічалі госці з Польшчы, Украіны, Кітая. У гэтым годзе высокі ўзровень майстэрства прадэманструюць творчыя калектывы з Беларусі і Расіі.

Прадоўжылася свята ў райцэнтры – горадзе Іванава. 13 студзеня ў першай палове дня прайшоў круглы стол. Тэмай размовы сталі калядныя традыцыі розных рэгіёнаў Беларусі. У Цэнтры культуры і народных традыцый разгарнулі выставы, ладзілі майстар-класы па вырабе калядных кампазіцый, ёлачных цацак. Інтэрактыўную праграму прапанаваў тэатр «Ларчык-Шоу». Праграму фестывалю таксама ўзбагацілі гала-канцэрт, святочны карагод, віншаванні жыхарам творчых калектываў Іванаўшчыны.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика