Главная - Новости - Новости культуры - Фестываль беларускай культуры адбыўся ў абласным ліцэі імя Пятра Машэрава

Фестываль беларускай культуры адбыўся ў абласным ліцэі імя Пятра Машэрава

Фестываль беларускай культуры адбыўся ў абласным ліцэі імя Пятра Машэрава

Фестываль беларускай культуры адбыўся на мінулым тыдні ў абласным ліцэі імя Пятра Машэрава. На ім пабываў карэспандэнт Zarya.by.

 

Як вядома, 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Якраз да гэтай даты прымеркаваны традыцыйны ліцэйскі фестываль. Гэта не проста свята роднай мовы, яно значна шырэйшае, хаця мове аддаецца належнае. Фестываль – гэта хутчэй свята беларусазнаўства, якое гарманічна спалучае пазнавальны кампанент з забаўляльным.
Пра тое, што адбывалася на працягу тыдня, расказвае адна з арганізатараў, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жанна Гнуда:

 

– Фестываль беларускай культуры «Пад белымі крыламі» ў нас пачаўся ў панядзелак 19-га і працягваецца ўвесь тыдзень. Адбываліся сустрэчы з пісьменнікамі, у прыватнасці, была паэтка Настасся Нарэйка, якая паэтычную творчасць спалучае з журналісцкай работай у газеце «Навіны Камянеччыны». Працавалі розныя пляцоўкі, былі прадстаўлены тэатралізаваныя пастаноўкі па п’есах Кандрата Крапівы, Аляксея Дударава, Андрэя Макаёнка. Кожны клас паказваў сваю тэатралізаваную пастаноўку. Акрамя гэтага, былі конкурсы выразнага чытання, ладзіліся гульні, караоке і танцы. На выставу «Бабулін ручнік» былі звезеныя ручнікі з усёй вобласці.

 

Кульмінацыйны дзень – якраз пятніца. Кожны клас прэзентуе сваю ежу, абараняе свой стол. Гэта значыць, трэба не толькі пачаставаць, але і расказаць, чаму тую або іншую страву выбралі для прэзентацыі.

 

Да размовы далучаецца кіраўнік ліцэя Генадзь Іванчын:

 

– Фестываль – гэта файная магчымасць папулярызацыі мовы, культуры, звычаяў беларускага народа. Вучні прымаюць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы свята. Праз гэта яно робіцца для стваральнікаў больш прывабным. Праз фестываль мы захоўваем цікавасць да культуры, літаратуры, гісторыі.

 

Пачынаецца свята. На сталах можна бачыць самыя розныя стравы – ад выпечкі да салёнага агурка. Але зразумела, што галоўныя прысмакі – з мяса, а калі дакладней – са свініны. Інакш не можа быць у народа, які заўсёды меў культ працы. Каб якасна папрацаваць, трэба добра паесці. Тут міжземнаморская дыета не дапаможа. Есці трэба так, каб потым працаваць без супынку 24 гадзіны.

 

Сённяшняе пакаленне ліцэістаў паказала сапраўдны майстар-клас па гісторыі беларускай кулінарыі. Усё было смачным, бо зроблена з душою. Штосьці было набліжана да сучасных варыянтаў страў, а штосьці было сапраўднай аўтэнтыкай. Я ўласна звярнуў увагу на непаўторны смак адной пальцам пханай каўбасы і спытаў гаспадыню, дзе пяклася каўбаса. У адказ:

 

– У печы…

 

Значыць, я не памыліўся. Зрабіў камплімент маладой гаспадыні. У адказ субяседніца сумленна прызналася, што асноўная заслуга ў стварэнні кулінарнага шэдэўру належыць маці. Але гэта ў дадзеным выпадку не прынцыпова. Чамусьці я ўпэўнены, што ў гэтай сям’і цудоўная традыцыя не загіне.

 

Можа, каму здаецца, што наша сялянская кухня простая і без выдумкі, але гэта не так. Прывяду прыклад. Адной з самых папулярных кніг на нашых абшарах у ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя была кулінарная, якая вытрымала мноства выданняў, – знакамітая «Літоўская кухарка». Часам гавораць, што гэтая кніга – помнік шляхецкай кухні, але з гэтым можна паспрачацца. Мае продкі былі сялянамі, але ў бабінай хаце я знайшоў польскамоўнае выданне «Літоўскай кухаркі»…

 

Аднак, вернемся ў сучаснасць. У аўторак у ліцэі падвялі вынікі фестывалю. Пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

 

Алег КУНЕЦ

 

 

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика