Будзе смачна! Як Моталь рыхтуецца да маштабнага двухдзённага свята

07.08.2023

Аграгарадок Моталь у Іванаўскім раёне – край першага ў Беларусі міжнароднага кулінарнага фэста – рыхтуецца да маштабнага двухдзённага свята, якое 12-13 жніўня ў дванаццаты раз збярэ гасцей з розных краін.

 

Добра вядома, што беларусы – мірныя, працалюбівыя і гасцінныя людзі. А яшчэ мой народ добра разбіраецца ў ежы, у смаку натуральных прадуктаў. Яскравы доказ гэтаму – шматлікая колькасць гастранамічных фестываляў, што ладзяцца ў нашай краіне: «Гаспадарчы сыр», «Лунінецкія клубніцы», «Lidbeer», «Полацкія чарніцы», «Вішнёвы фестываль». Сярод іх пачэснае месца на працягу пятнаццаці год займаюць «Мотальскія прысмакі».

 

 

 

Фестываль у Моталі мае не толькі асаблівы каларыт, але і статус дэбютанта на беларускім кулінарным абрусе. Летапіс свята пішацца з 2008 года. Свайму ўзнікненню, а пасля ўзыходжанню на «смачны» Алімп ён абавязаны крэатыўнаму, апантанаму чалавеку – былому дырэктару Мотальскага музея народнай творчасці Вользе Мацукевіч, якая расказала:

 

– Разам з работнікамі ўстановы распрацавалі шмат фальклорных праграм, якімі «частавалі» турыстаў. «Мотальскія прысмакі» – адна з такіх. Менавіта ёю была ўражана былы старшыня грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова, якая параіла на базе музея арганізаваць кулінарнае свята. Разумеючы прадпрымальны патэнцыял землякоў, рызыкнула і прапанавала кіраўніцтву раёна правядзенне больш маштабнага мерапрыемства. Добрую ідэю падмацавала канцэптуальна.

 

 

Арганізацыйны вопыт у маталян, якія адрозніваюцца камерцыйнай жылкай, меўся. 19 жніўня заўжды адзначалася храмавае свята ў Мотальскай царкве. Паралельна ў гэты дзень ажно да 1970-х гадоў праводзіўся «Спасаўскі кірмаш», на які з’язджаліся гандляры зблізку і здалёк. Нават кітайскія рамеснікі сюды прывозілі свае адмысловыя тавары.

 

 

Настальгія Вольгі Рыгораўны па былых часах, улюбёнасць у Моталь, прафесійны падыход да справы адыгралі выключную ролю. Аднак без сур’ёзнай фінансавай дапамогі наўрад ці нешта атрымалася б. Брэсцкі аблвыканкам, Іванаўскі райвыканкам, Мотальскі сельвыканкам, ААТ «Агра-Моталь», мясцовыя прадпрымальнікі – арганізатары і спонсары «Мотальскіх прысмак», якія з 2015 года праводзяцца раз у два гады.

 

Кожны сезон брэндавы фестываль здзіўляе гасцей новымі сюрпрызамі. Як вынік – турыстаў у Моталь едзе ўсё больш і больш. У 2021 годзе гастранамічнае свята наведалі 8 тысяч чалавек, а гэта ўдвая больш за насельніцтва аграгарадка.

 

Праграма сённяшняга фэсту – «апетытная» ў розных сэнсах. Турысты, запэўніваюць арганізатары, тут трапяць у палон ежы, аўтэнтыкі, самабытных мясцовых абрадаў і рамёстваў. Традыцыйна будуць працаваць гандлёвыя і выставачныя падворкі майстроў. Нацыянальнымі і палескімі прысмакамі будуць частаваць мотальскія гаспадыні. Адна з іх – 72-гадовая Ніна Кульбеда, якая ўсіх чакае каля магазіна «Копеечка» – месца-браня бабулі вось ужо ў дванаццаты раз.

 

 

– Розныя стравы буду гатаваць. Найперш, запяку гусей. Іх трымаю спецыяльна для фэсту. Птушку, перад тым, як адправіць на некалькі гадзін у печ, абмазваю маянэзам, змешаным са спецыяльнай мотальскай заправай – соль, часнок, сушаныя кроп і каляндра. Бляху, на якую кладу «тавар» у сырым выглядзе, паліваю вадой з алеем. У часе запякання накрываю гусей паперай. Таксама пачастую каўбасамі – мясной і «пычынёвай», – расказала ўвішная Ніна Мікалаеўна.

 

І калі гэтыя і іншыя стравы Ніна Кульбеда пачне кулінарыць на наступным тыдні, то льняны камплект – кашулю, «мынкэтныцю» (кашулю з брыжыкамі на рукавах), спадніцу, «галёны» (камізэльку, якую апранаюць на сарочку ці сукенку), фартух, яна падрыхтавала раней. Гэтыя рэчы – лічы, рарытэты. Найстарэйшы – фартух, якому амаль 150 год, перайшоў гаспадыні ў спадчыну ад бабулі Таццяны. Фінальны штрых – Ніна Мікалаеўна экспромтам паказвае майстар-клас па завязванні хусткі па-мотальску, ці «у лавку». Гэта, калі канцы галаўнога ўбору – «рожкі» – стаяць, нібыта накрухмаленыя, а пасярэдзіне, як у гальштуку, атрымліваецца «лавка».

 

Вольга Іванаўна Собалева пабудуе на «Мотальскія прысмакі» рыбны падворак. Усе рыбныя далікатэсы яна збіраецца рабіць менавіта з шчупакоў, акунёў, ляшчоў, злоўленых на мотальскім возеры. Шчупак фаршыраваны, рыба смажаная, рыба гарачага вэнджання, рыбны шніцаль, бутэрброды з селядцом са шчупака… Дарэчы, гэтую халодную страву па рэцэпце ад Вольгі Собалевай гатуюць нават у рэстаранах. Для чытачоў нашай газеты Вольга Іванаўна падзялілася ім бясплатна. Шчупак пачышчаны рэжацца на кавалкі, якія суткі вымочваюцца ў вадзе з воцатам. Кіслата робіць сваю справу – застаецца толькі цэнтральная костка і рыбнае філе, якое запраўляецца часнаком, алеем, каляндрай, соллю. Кавалачкі складваюцца ў слоік. Ужо праз некалькі гадзін селядзец можна спажываць. Будзе і мясны стол. Рабрынкі па-сялянску, рулеты, флякі па-мотальску, каўбасы – крывянку, «товстую» (ліверную) гаспадыня будзе выпякаць у печы.

 

Рэцэпт лівернай каўбасы (ад Вольгі Собалевай): абварыць свіныя галаву, лёгкае, сэрца, ныркі, вушы, язык, сала. У канцы дадаць печань. Усё перакруціць на мясарубцы. Дадаць часнок, каляндру, соль, кмен. Крыху ўліць юшкі. Тоўстыя кішкі пачысціць, напіхаць іх мясным міксам. Запекчы.

 

Ну, што, пацяклі ўжо слінкі? Тады з цудоўным настроем і поўным кашальком збірайцеся праз тыдзень на «Мотальскія прысмакі». Гасцінны аграгарадок чакае турыстаў!

 

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара і з архіва Zarya.by