Бездзеж сустракае абрадавы карагод «Стрылку»

10.04.2026

Выключна раз у год – на першы дзень праваслаўнага Вялікадня і толькі ў адным населеным пункце Беларусі – аграгарадку Бездзеж Драгічынскага раёна праводзіцца вясновы абрадавы карагод «Стрылка». З 2014 года гэтая праява народнай творчасці ўключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі, што абавязвае носьбітаў да зберажэння ўнікальнай культурнай з’явы.  

«Дыяменты» нацыі

Багацце не заўжды вымяраецца грашыма і каштоўнымі камянямі, хаця найчасцей менавіта з імі асацыіруецца стан заможнасці і часткова вызначаецца ўплывовасць чалавека. Калі прастору разважанняў пашырыць хаця б да межаў пэўнай дзяржавы, то дыяментамі, якія вызначаюць самабытнасць яе насельніцтва, з’яўляюцца мова, абрады, традыцыі, рамёствы. У сукупнасці яны ўплываюць на ўклад жыцця, асаблівасці светапогляду і менталітэту народа. Адным словам, фарміруюць код нацыі – гарант яе прышласці. Такімі каштоўнасцямі валодаюць таксама беларусы.

Ад прадзедаў…

Цікавая форма, адмысловы сэнс, каларытнае выкананне – характарыстыкі вясенняга абраду «Стрылка», што даўно бытуе на Драгічыншчыне. Месцам яго правядзення з году ў год з’яўляецца «місто» ў аграгарадку Бездзеж – тэрыторыя побач са Свята-Троіцкай царквой. Дарэчы, вуліц у Бездзежы шмат, таму не кожны мясцовы чалавек можа адразу падказаць выпадковаму госцю, як трапіць на тую ці іншую, але дзе знаходзіцца «місто» ведаюць усе, хто жыве ў вёсцы.

– Гэта цэнтр нашага населенага пункта. Калісьці тут праводзіліся вялікія кірмашы – штогод ажно чатыры разы. Галоўныя вуліцы сыходзяцца ў гэтым месцы. Пасля «нэшпора» (царкоўнай службы на Вялікдзень і хрэснага ходу вакол храма) прадстаўніцы жаночага полу тут водзяць «Стрылку». Некалі сама ўдзельнічала ў абрадзе, праз пэўны час эстафету перадала дачцэ Сафіі, – расказала дырэктар музея народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» Марыя Астаповіч.

Ключавыя моманты

Удзельнікамі абраду з’яўляюцца толькі жанчыны. Разам з жыхарамі Бездзежа і навакольных вёсак яны спярша сустракаюцца ў царкве. Там пасля абеда ладзіцца служба, святар віншуе вернікаў з надыходам Вялікадня, жадае плёну ва ўсіх справах, у тым ліку, на сельскай ніве. Да слова, «Стрылка» акурат сімвалізуе заканчэнне працяглага Вялікага паста, падчас якога рэкамендавалася не ўжываць скаромную ежу і моцныя напіткі, зняцце забароны на спевы і пачатак веснавых сельскагаспадарчых работ. Табу наконт спіртнога замацавана ў прыказцы: у Бездзежы да «Стрэлкі» не п’юць гарэлкі.

Пасля «нешпара» вакол Троіцкага храма адбываецца хрэсны ход. Потым пачынаецца «Стрылка». Кіруе абрадам самая паважаная ў вёсцы замужняя жанчына. Яна растаўляе «зярнятак» (тры групкі, у кожнай па тры маленькія дзяўчынкі; іх размяшчэнне нагадвае правільны трохвугольнік. – Заўв. аўтара), таксама ўзначальвае карагод і «заводыть «Стрылку» – першай пачынае спяваць абрадавую песню. Словы падхопліваюць усе ўдзельніцы, якія злучаюць рукі і марудна рухаюцца па сонцы, агінаючы «зярнятак»:

Лыты, лыты, Стрылка, по горам, по долынам,

Да нысы, нысы, Стрылка, да дывоцькую красу,

А дывоцькая краса в мэді потопае,

У воді вырынае. Тыхо йды, тыхо йды!..

Адмысловы рух вакол «зярнятак» надае карагоду выгляд падковы – старажытнаславянскага сімвала шчасця, дабрабыту і ўрадлівасці. Людзі як раней, гэтак і цяпер спадзяюцца, што «Стрылка» дапаможа, і новы сельскагаспадарчы год абавязкова будзе шчодрым на ўраджай і добры прыплод.

Наталля МЕЧНАЯ

Фота аўтара і з інтэрнэт-крыніц