Аб’яўлены рэспубліканскі літаратурны конкурс імя Яўгеніі Янішчыц

24.01.2024

Аб’яўлены рэспубліканскі літаратурны конкурс імя Яўгеніі Янішчыц “Жывём, як светлай памяці зарок” на лепшы паэтычны зборнік.

 

Яго мэты – прывіццё любові да роднага краю, зберажэнне гістарычнай спадчыны беларускага народа, папулярызацыя лепшых сучасных паэтычных твораў, прыцягненне ўвагі шырокай грамадскасці да важнасці айчыннай літаратуры, у тым ліку творчай спадчыны Яўгеніі Янішчыц.

 

У якасці арганізатараў конкурсу выступаюць Брэсцкае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.

 

З 1 лютага па 15 мая бягучага года на конкурс прымаюцца паэтычныя зборнікі 2022–2024 гадоў выпуску на рускай і беларускай мовах з аўтарскімі аўтографамі. Ад аднаго аўтара ад 18 гадоў, што жыве на тэрыторыі Беларусі, – не больш як адна аўтарская кніга (у двух экземплярах). Важна: не разглядаюцца кнігі, раней узнагароджаныя на міжнародных, рэспубліканскіх і абласных творчых конкурсах!

 

Да конкурснай работы дадаецца заяўка, у якой указваюцца кароткія біяграфічныя звесткі аўтара, месца яго пражывання і кантактны тэлефон.

 

Пераможцы будуць вызначаны да 1 верасня 2024 года. Узнагароджанне іх адбудзецца ў рамках святкавання ХХХІ Дня беларускага пісьменства ў Івацэвічах.

 

Кнігі дасылаюцца на адрас Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: 224013, г.Брэст, пр-т Машэрава, 75\1, пакой 605.

 

Конкурсныя кнігі з аўтографамі аўтараў будуць перададзены на захаванне ў фонды Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.

 

Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі