Главная - Новости - Якiя навiнкi на кніжнай выставе прэзентавалі пісьменнікі Брэстчыны?

Якiя навiнкi на кніжнай выставе прэзентавалі пісьменнікі Брэстчыны?

Якiя навiнкi на кніжнай выставе прэзентавалі пісьменнікі Брэстчыны?

Дваццаць восьмы раз Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш сабрала прыхільнікаў чытання, усіх тых, хто працуе над кнігай, папулярызуе творчасць пісьменнікаў, і прайшла пад дэвізам Кніга аб’ядноўвае людзей і дзяржавы”. Сёлета на 4-дзённым кніжным форуме былі прадстаўлены 280 экспанентаў з 20 краін. Займальна-пазнавальныя мерапрыемствы, прэзентацыі кніг, аўтограф-сесіі далі магчымасць адчуць цесную ўзаемасувязь творцы і чытача.

 

Пісьменнікі Брэстчыны далучыліся да грандыёзнага кніжнага свята і на пляцоўцы “Кнігі Беларусі” прэзентавалі кніжныя навінкі свайго абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Летась пабачылі свет паэтычныя зборнікі Зінаіды Дудзюк, Таццяны Шульгі, Ірыны Морых, Міколы Антаноўскага, Юрыя Мацюшкі, Валерыя Грышкаўца, Анатоля Шушко.

 

Плённа папрацавалі таксама і берасцейскія краязнаўцы Таццяна Канапацкая і Аляксандр Юдзіцкі, насычанымі і цікавымі былі старонкі літаратурна-краязнаўчага альманаха “Астрамечаўскі рукапіс”, рэдактарам якога з’яўляецца Аляксандр Валковіч.

 

Празаікі Веніямін Бычкоўскі і Вера Пракаповіч у сваіх празаічных зборніках прыадчынілі дзверы ў свет душы чалавека, расказалі аб унутраных пошуках, асэнсаваннях, уражаннях, а папулярызатар навукі і культуры Анатоль Бярнацкі парадаваў навінкамі аматараў пазнавальнай літаратуры.

 

Пра гісторыю стварэння кнігі Расціслава Бензярука “Сустрэча ў зялёным жыце”, яго карані і жудасныя падзеі Вялікай Айчынай вайны, якія накрылі цяжкай хваляй спакойнае жыццё звычайнай працавітай беларускай сям’і, расказаў сын аўтара – краязнаўца і пісьменнік Анатоль Бензярук.

 

У слухачоў была магчамасць пагартаць старонкі трох выпускаў літаратурнага альманаха “Берасцейская скарбніца”, а самыя актыўныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі кнігу ў падарунак.

 

Быў прадстаўлены і першы ў 2021 годзе літаратурны здабытак брэсцкай творчай суполкі – чарговы выпуск альманаха “Брэст-Барнаул” як вынік цеснага супрацоўніцтва літаратараў Беларусі і Расіі.

 

І, вядома ж, на свяце гучалі вершы і музыка. Салістка ўзорнай вакальнай студыі “Фантазія” ДУК “Дом культуры чыгуначнікаў” Мілана Дземідовіч выканала песні на словы беларускіх паэтаў. Любоў Красеўская выразна і запамінальна прачытала вершы са сваіх паэтычных зборнікаў, яшчэ раз пераконваючы, што сіла паэтычнага слова аб’ядноўвае памкненні людзей да любві і шчасця, а светлыя думкі і моцныя пачуцці робяць незабыўнае ўражанне на слухача.

 

Кніжны форум – гэта цудоўны шанс прадставіць свае рукапісы выдаўцам. Сёлета Зінаіда Дудзюк увайшла ў фінал першага конкусу “Літаратурны стартап” і была запрошана на форум, на якім анансавала свой новы гістарычны раман “Хата для адзінай”. Гэтая сямейная сага ахоплівае 20 стагоддзе, пачынаючы з 1919 года. Твор багаты на  жыццёвыя падзеі.

 

Супрацоўнікі Брэсцкай гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна арганізавалі для нашых паэтаў і празаікаў анлайн-падключэнне да работы міжнароднага “круглага стала” “Пісьменнік і час” у Мінску. Літаратары гаварылі аб агульных дасягненнях, міжнародных літаратурных праектах, цесных творчых стасунках, аб вялікім уплыве пісьменніка на духоўнае выхаванне чалавека.

 

 

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ

 

Яндекс.Метрика