Іван Фяцісаў: 100 гадоў з дня нараджэння

Іван Якаўлевіч Фяцісаў запомніўся мне найперш (акрамя цудоўных жывапісных партрэтаў: чаго варты толькі партрэт М. Асса, што знаходзіцца ў Брэсцкім абласным мастацкім музеі) поглядам сваіх хітравата-гуллівых вачэй. Хвіліны, калі даводзілася размаўляць з ім, адбіліся ў памяці тым запамінальным “фяцісаўскім” позіркам… А яшчэ – дачка Анастасія – таксама мастачка воляй лёсу, сын Уладзімір – Валодзя, з якім у школьныя гады займаўся сумесна фехтаваннем у спортшколе па вуліцы Леніна ў Брэсце…  Але напачатку я і не ведаў, што Валодзеў бацька – берасцейскі мастак.

 

Нарадзіўся будучы мастак у сям’і Сцефаніды і Якава Фяцісавых 21 кастрычніка 1920 года ў сяле Тума Разанскай вобласці, якое славілася сваімі вялікімі кірмашамі. Бацькі былі адукаванымі людзьмі, сям’я жыла дружна і мірна, прытрымліваючыся рэлігійных абрадаў. Калі памёр бацька, наваліліся розныя праблемы, галеча… Улічваючы ўсё гэта, сапраўдным дасягненнем для Івана Фяцісава стала заканчэнне сямігодкі, а потым паступленне ў 14-гадовым узросце ў Іванаўскае мастацкае вучылішча, дзе і пачалося яго самастойнае жыццё ў незнаёмым горадзе.

 

У студэнцкія гады Іван шмат чытаў рускую і замежную літаратуру, адначасова выхоўваючы ў сабе павагу да асобы чалавека. Тады і закладваўся падмурак яго жыццёвага і мастацкага светапогляду.

 

У 1940-м з чацвёртага курса вучылішча Іван быў прызваны на службу ў войска, ну а потым – Вялікая Айчынная вайна, якую Іван Якаўлевіч прайшоў “ад званка да званка”, закончыўшы яе камандзірам узвода разведчыкаў у Чэхаславакіі, кавалерам шматлікіх ордэнаў і медалёў. На вайне было не да мастацтва… Ды і ў мірны час да гэтай ваеннай тэмы мастак звярнуўся толькі напрыканцы жыцця (карціны “Разведчыкі”, “На зямлі Афганістана”, “Вера ў жывых”, “Памяць пра невядомыя магілы”, “Успамін пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці”). Вайна асабліва тонка і запамінальна адлюстравана ў творах мастака: там няма батальных сцэн, бо ён больш углядаўся ва ўспаміны, у перажытое, перабалелае. Іван Фяцісаў імкнуўся да філасофскага абагульнення, да глыбокай развагі над падзеямі мінулай вайны і марыў пра будучыню. Страшная вайна дала яму вялікі духоўны вопыт, стала незабыўным урокам жыцця…

 

Пасля дэмабілізацыі Іван Якаўлевіч давучыўся ў Іванаўскім мастацкім вучылішчы і ў 1947 годзе прыехаў у Брэст, а праз два гады  быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. За той час стварыў два запамінальныя гарадскія пейзажы: “Брэст. 1948 год. Гандлёвыя рады” і “Брэсцкі рынак” – творы, якія і сёння берагуць дух старога горада, выклікаюць настальгічныя ноткі ў берасцейцаў.

 

У пасляваенныя гады мастак працаваў у студыі выяўленчага мастацтва пры Доме народнай творчасці, у педвучылішчы… І шмат творча працаваў самастойна, удасканальваючы сваё мастакоўскае майстэрства (майстэрні тады ў яго не было, таму працаваў у хатніх умовах ). У тыя ж гады была створана адна з самых вядомых карцін “Прыходзьце заўтра”, у якой удала паказаны вобраз чыноўніка-бюракрата.  

 

 

 

Мастак штогод любіў ездзіць летам у сельскую мясцовасць (асабліва падабаўся яму Столінскі раён ), ствараючы паэтычныя вобразы жыхароў правінцыі і непаўторныя краявіды беларускага Палесся (“Фросенька”, “Альшанка”, “Даярка С. Сыса”, “Партрэт Л. Карыцька”, “Стары беларускі дворык”, “Восеньскі парк”, “Дзеці на мосціку”). Іван Якаўлевіч працаваў у розных кірунках: быў выдатным майстрам партрэта, пейзажа, жанравай карціны.

 

Асаблівае месца ў яго творчасці ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя займала будаўніцтва буйнейшай у Беларусі Бярозаўскай ГРЭС: была створана серыя партрэтаў будаўнікоў, эцюдаў і замалёвак будоўлі. У партрэтах брыгадзіра Валашчука, арматуршчыка Шэндрыкава, кранаўшчыцы Урбановіч мастак канцэнтруе ўсю ўвагу на тварах людзей працы, з высокім прафесійным майстэрствам выпісваючы сваіх герояў. 

 

 

Не абмінуў Іван Якаўлевіч у сваёй творчасці і тэму мацярынства, стварыўшы праз блізкія рысы маці абагульнёны сімвал мацярынства. Таму, напэўна, маці паказана як святая на абразе з ясным спакойным тварам. На пярэднім плане непагасны агонь лампады як непагасная памяць пра тую, што дала мастаку жыццё. Прысутнічаюць таксама і іншыя дэталі з біяграфіі: Біблія, па якой жыла Сцефаніда Іванаўна, трохкутнік франтавога ліста ад сына, якога яна так і не дачакалася…

 

Іван Фяцісаў быў не толькі жывапісцам, ён – аўтар шматлікіх архітэктурна-мастацкіх музейных экспазіцый у Брэсце, Баранавічах, Бярозе, Століне, Пінску… Стварыў экспазіцыі біялагічнага музея ў Брэсцкім педагагічным інстытуце (цяпер – БрДУ імя А.С. Пушкіна), музей касманаўтыкі на радзіме двойчы Героя Савецкага Саюза Пятра Клімука, музей “Бярэсце”… Зробленыя мастаком-праекціроўшчыкам Іванам Фяцісавым экспазіцыі вылучаліся глыбокім разуменнем музейнай спецыфікі, прафесіяналізмам выканання.

 

 

Апошнім творам мастака-жывапісца стаў аўтапартрэт, які Іван Якаўлевіч рабіў ужо будучы вельмі хворым. Але партрэт атрымаўся гімнам чалавечаму жыццю, няспыннай прагай да ўсяго прыгожага.

 

Іван Фяцісаў быў сапраўдным мастаком, сапраўдным інтэлігентам, які ствараў асаблівую аўру вакол сябе. Прыкметны, акуратна апрануты, ён любіў паэзію, увогуле літаратуру, меў цудоўную хатнюю бібліятэку. Яго светлы жыццесцвярджальны талент увасобіўся ў шматлікіх жывапісных творах, якія дораць і будуць дарыць пазітыўную энергетыку прыхільнікам выяўленчага мастацва Берасцейшчыны і Беларусі яшчэ многія і многія гады. Памёр мастак 5 кастрычніка 1994 года.

 

Добрай справай для ўвекавечання памяці славутага мастака стала адкрыццё памятнай дошкі на доме на вуглу вуліцы 17 Верасня і праспекта імя П.М. Машэрава ў 2019 годзе, дзе мастак жыў працяглы час.  

 

 

         Леанід ВАЛАСЮК, г. Брэст

Опубликовано: 01:30 - 30.10.2020г.
Поделиться новостью