“Рабіць чалавека драўлянага нашмат складаней, чым жывога”, – прызнаўся народны майстар з вёскі Стойлы Пружанскага раёна, аўтар “драўлянага народа” Мікалай Тарасюк падчас адкрыцця выставачнага праекта ў Мастацкім музеі “Брэстчына этнаграфічная. Пружанска-Камянецкі край”. Прызнаўся з экрана. На вялікі жаль, энцыклапедыст беларускага сялянскага жыцця пайшоў ад нас у 2015 годзе. Пакінуўшы нам мудрасць пакаленняў і свае непаўторныя вырабы.
Выставачны праект утварыўся з таго, што ў фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея назбіралася шмат самабытных прадметаў этнаграфіі, і першым было вырашана прадставіць майстроў Пружанска-Камянецкага краю. Тое, што стварае яго гісторыю.
Раіса Баюра, майстар саломапляцення, прывезла свае работы таксама з Пружаншчыны. Больш за 20 гадоў яна адпрацавала на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў, а цяпер займаецца рамесніцтвам. Вырабы стварае з жытняй саломкі, бо, какжа, яна намнога мягчэйшая. Сама сее, сама і апрацоўвае матэрыял. Невялтічкія мудрагелістыя шкатулачкі, а таксама напольныя вазы і аб’ёмістыя сундучкі – зрабіць гэта ўсё для яе не праблема. Бо ствараецца з душой. Карыстаюцца попытам творы Раісы Васільеўны і ў Санкт-Пецярбурзе, дзе жыве сям’я сына.
Пазнаёміліся наведвальнікі выставы з традыцыйнымі касцюмамі Валкавыска-Камянецкага строю, унікальнымі двухасноўнымі дыванамі, выцінанкамі, ганчарнымі вырабамі, прадметамі быту. А таксама насалодзіліся абрадавымі песнямі ў выкананні таленавітых фальклорных гуртоў Пружаншчыны і Камянеччыны.
Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што створана талентам і працалюбствам бацькоў, тое, што стварае нацыянальнае аблічча народа, ягоную душу і памкненні.
– Вы канешне ж не застанецеся абыякавымі да тых прадметаў, якія сёння прадстаўлены на гэтай выставе, да тых людзей, якія прадставілі гэтыя адметныя экспанаты, таму што яна прэзентуе нашую культуру, нашае народнае багацце. І увогулле гаворыць пра тое, што сапраўдныя корні нашай існасці і ёсць у вытоках народнай культуры, – адзначыў дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў. – Выстава прэзентуе нашу культуру, наша народнае багацце. І менавіта народная культура адрознівае адну нацыю ад другой. І мы не павінны забываць, адкуль мы. Памятаць традыцыі, шанаваць продкаў.
Ірына АРЛОВА,
Фота Валерыя КАРАЛЯ