Главная - Новости - Главные новости - «Выцінанкі Святланы Вяль» можна ўбачыць у брэсцкім музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»

«Выцінанкі Святланы Вяль» можна ўбачыць у брэсцкім музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»

«Выцінанкі Святланы Вяль» можна ўбачыць у брэсцкім музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»

Раней выцінанкі можна было ўбачыць у многіх вясковых хатах: узорыстымі папяровымі карункамі жанчыны ўпрыгожвалі шафы, паліцы, вокны і покуць. Прычына такой папулярнасці была даволі празаічнай: сродкаў і магчымасцей аздобіць памяшканне ў гаспадынь асабліва не было, а хацелася ўтульнасці і хараства. Цяпер выцінанка – від народнага мастацтва, які ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны.

 

Тэхніка стварэння папяровых карцін ды карункавых палотнаў у майстроў з розных рэгіёнаў, безумоўна, адрознівалася: хтосьці карыстаўся нажом краўца ці шаўца, нехта – звычайнымі нажніцамі або цвіком. Цікава, што дзеці, якім яшчэ не дазвалялі браць у рукі вострыя прылады, рабілі так званыя «вырыванкі» – паперу проста рвалі рукамі. Цягам часу з’яўляліся ўсё больш складаныя кампазіцыі, выразаліся мудрагелістыя ўзоры – ствараліся непаўторныя творы народнага мастацтва, якія ўвабралі ў сябе нацыянальную сімволіку і сакральны сэнс. Убачыць рукатворную прыгажосць беларускай выцінанкі могуць наведвальнікі выставы «Выцінанкі Святланы Вяль», якая адкрылася ў брэсцкім музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці».

 

 

 

 

 

 

 

 

 

На выставе прадстаўлена каля 35 аўтарскіх прац, створаных у мінулым годзе. Дарэчы, дзесяць выцінанак Святланы Вяль з новага цыкла будуць экспанавацца з 13 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Святлана Вяль займаецца мастацтвам выцінанкі з 1996 года. Вырабы члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці ўдзельнічалі ў шматлікіх выставах традыцыйных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Беларусі і за межамі. Некалькі гадоў Святлана Віктараўна праводзіла майстар-класы па выцінанцы ў абласным грамадска-культурным цэнтры. Летась, пасля дзесяцігадовага перапынку, мастачка вярнулася да выцінанкі і зноў узяла ў рукі разец і нажніцы.

 

– Я шукала іншыя тэхнікі, звярталася да арнаментаў сусветнага ўзроўню, а потым вярнулася да свайго стылю. Вырашыла, што буду рабіць тое, што вылучае мяне сярод іншых майстроў, што ўласціва толькі мне. Мой стыль – гэта шмат беларускага арнаменту, карункавыя акенцы, рамкі. Звычайна я раблю кампазіцыйныя творы, таму яны даволі вялікія, аб’ёмныя, – адзначыла майстар.

 

 

 

 

 

 

 

 

Выцінанкі Святланы Вяль, па меркаванні знаўцаў, здзіўляюць тонкасцю і бездакорнасцю выканання, вітражнай шматколернасцю. Кожная яе праца прыцягвае погляд творчым пераасэнсаваннем народных матываў, арыгінальным малюнкам, нечаканым спалучэннем сілуэта, геаметрычных ліній і расліннага ўзору. Таленавіты аўтар стварае цэлы сусвет, які насяляюць стылізаваныя кветкі, птушкі, чалавечыя фігуры, аздобленыя складаным арнаментам.

 

Як вядома, гісторыя ўпрыгажэнняў з паперы налічвае не адну тысячу гадоў. Зарадзілася мастацтва ў Кітаі, дзе беражліва захоўваюць традыцыі. Пра гэта расказаў рэктар Акадэміі прыгожых мастацтваў горада Гуанчжоу Дун Цзяхуэй. На думку кітайскага госця, выцінанка нясе прыгажосць і мудрасць продкаў.

 

 

 

 

Асобныя цыклы выцінанак Святланы Вяль прысвечаны святам і абрадам беларусаў, птушкам і раслінам: «Казачныя птушкі», трыпціх «Купальскія гульні», «Вялікдзень. Дрэва жыцця», «Ганарыстыя пеўні» і іншыя. Выцінанкамі на выставе можна любавацца, а можна «чытаць» праз сімвалы і архетыпы, рупліва выразаныя на паперы таленавітай рукой. Тут і Дрэва Жыцця з разгалістай кронай, і птушкі – пеўні, цецерукі, совы – як сімвал душы ды палёту. Кожны элемент арнаменту – таксама своеасаблівы код, які перадаецца з пакалення ў пакаленне.

 

 

 

 

 

 

 

 

– У 1999 годзе ў нашай мастацкай галерэі адбылася першая выстава выцінанак Святланы Вяль. Гэта была велікодная выстава ў народным стылі, – згадвае былы дырэктар мастацкай галерэі «Беларт» Людміла Крапіўная. – І калі параўнаць тую выставу і сённяшнюю, то відавочна, што гэта якасна новы ўзровень майстрэства. Там былі больш простыя і лаканічныя кампазіцыі, а зараз – сапраўдныя папяровыя карункі.

 

Наведаць выставу «Выцінанкі Святланы Вяль» можна да 14 лістапада.

 

Алёна САЦУТА
Фота Марыны ЛЯШКЕВІЧ

 

Присоединяйтесь к нашему Телеграм-каналу ЗДЕСЬ

Яндекс.Метрика