У будынку Ленінскага сельскага дома культуры, што ў Жабінкаўскім раёне для дзяцей створана школа, у якую малеча на заняткі ходзіць з задавальненнем. Школа? У клубе? Не можа быць! – скажа ўважлівы чытач. Можа, бо яна не простая, а мае гучнае імя – “Школа народнай творчасці”.
Тут Тамара Клімук вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак рабіць маленькія цуды ўласнымі рукамі. Усяго дзейнічае чатыры гурткі: вышыванне крыжыкам, вязанне кручком, работа з бавоўнай і ткацтва. Тамара Васільеўна валодае ўсімі гэтымі тэхнікамі і з радасцю дзеліцца сваімі ўменнямі з юнымі жыхарамі пасёлка Ленінскі.
– Радуюся, назіраючы, як запальваюцца вачаняты выхаванцаў, калі бяруцца за новую работу, як паступова ў іх руках спачатку неслухмяны кручок выводзіць аднолькавыя пецелькі, а іголка пракладвае ніткай роўны “хвост” на вышыванцы, – кажа Тамара Васільеўна. – Дзеці настолькі захапляюцца працэсам, што губляюць адчуванне часу і гатовыя заседжвацца да цямна. Тады даводзіцца нагадваць, што трэба спяшацца дадому, каб падрыхтаваць хатнія заданні.
Дзецям тут сапраўды цікава і ўтульна. Сцены, паліцы шафаў пакоя “Школы народнай творчасці” ўпрыгожаны работамі выхаванцаў. Тут мноства вышыванак, вязаных цацак, габеленаў, забавак з валянай поўсці і нават саматканых насовачкаў. Як правіла, усе спрабуюць тварыць у розных тэхніках і спыняюцца на тым, што больш па душы. Самыя актыўныя выхаванцы Ганачка і Маша Казлова, Паліна Ігнацюк, Ягор Кавылін, Ягор і Радыён Курыны, Настасся Шэдава, Руслана Яшчук, Таіса Баландзюк, Сафія Кулікоўская, Ганна, Насця, Вольга і Даша Шамайла ўжо зараз не ведаюць праблем з падарункамі для родных на ўсялякія святы – майструюць іх самі!
– Дзеці не толькі вучацца майстраваць, што вельмі спатрэбіцца ім потым у дарослым жыцці, – лічыць Тамара Клімук. – Яны на занятках вывучаюць гісторыю нашага краю, традыцыі, характэрныя для нашага рэгіёну. Напрыклад, калі дзяўчынкі вышываюць крыжыкам узоры, даведваюцца, якія з іх былі больш распаўсюджаны на адзенні і рушніках і якую сімволіку неслі. “Радзіма”, “Хлеб”, “Зямля”, “Жанчына”, “Поле” – іх некалькі дзясяткаў, і гэта сапраўдная малітва на адзенні нашых продкаў. Дарэчы, дзеці часта наведваюць этнаграфічны пакой, у якім сабрана выстава ільняных рэчаў, пашытае і ўпрыгожанае рукамі нашых продкаў адзенне. Некаторым кашулям і спадніцам больш за сто гадоў! Дзеці маюць магчымасць пабачыць іх і паўтарыць узоры на сваіх сурвэтках.
Яшчэ выхаванцы “Школы народнай творчасці” любяць ткаць. Так, тут ёсць сапраўдныя кросны, на жаль, яны даўно не выконваюць сваё прызначэнне. Таму дзеці ткуць на маленькіх кроснах. Жартуюць, што адчуваюць сябе слуцкімі ткачыхамі. Потым з гэтых саматканых лапікаў ладзяць лялькі-самакруткі, як гэта рабілі нашы прабабулі. Многія работы выхаванцаў не аднойчы адпраўляліся на выставы дзіцячай творчасці ў Брэсце. Але самае галоўнае – у гэтай незвычайнай школе вучаць захоўваць спадчыну продкаў і выхоўваць павагу да гісторыі роднага краю.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара і з архіва