Главная - Новости - Главные новости - У Кобрынскiм музеi прадставiлi экспанат чэрвеня – касцюм лелікаўскай свахi

У Кобрынскiм музеi прадставiлi экспанат чэрвеня – касцюм лелікаўскай свахi

У Кобрынскiм музеi прадставiлi экспанат чэрвеня – касцюм лелікаўскай свахi

Дванаццаць месяцаў — дванаццаць унікальных экспанатаў. Такая галоўная задумка праекта “Экспанат для цікаўных, або З схованак музея”, прымеркаванага да 75-годдзя Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава. Цэлы год наведвальнікам будуць дэманстраваць па адным прадмеце з музейных фондаў.

 

Гэтыя экспанаты ніколі раней не ўваходзілі ў склад пастаянных экспазіцый. Увазе гледачоў ужо былі прадстаўлены: брашура «Біяграфічныя дадзеныя аб службе вялікага палкаводца», якая лічыцца ў фондах пад нумарам 1; італьянскае крэсла эпохі Рэнесансу; каўнер для параднага мундзіра генерал-ад’ютанта, які належаў вялікаму князю Міхаілу Паўлавічу, брату імператара Расіі Аляксандра I; маузер удзельніка вызвалення Кобрына ад нямецкіх захопнікаў Дзмітрыя Барысава.

 

Для выставы аднаго прадмета ў чэрвені абраны касцюм свахі. Фартух і кашуля з “вачыма”, какошнік з пер’ем – сваху з весак Лелікава і Павіцце Кобрынскага раена ні з кім не пераблытаеш.

 

Хацелася б адзначыць, што на выставе прадстаўлена сучасная рэпліка народнага касцюма. Намаганнямі супрацоўнікаў музея вырашылі галоўную задачу: далі зацікаўленным разуменне таго, як выглядала сваха ў мінулым стагоддзі. Шлях да стварэння касцюма быў доўгім…

 

Праз дзесяцігоддзі, нават сотні гадоў, аўтэнтычны касцюм набывае асаблівае значэнне, а тэхналогіі яго стварэння становяцца ці ледзь не сакральным веданнем. Прадмет асаблівага гонару Кобрынскага раёна – убранне свахі з вёсак Лелікава і Павіцце. Традыцыі вырабу і выкарыстання гэтага народнага касцюма ў 2018 годзе былі ўключаны ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
Кобрынскі музей, нягледзячы на ваенна-гістарычны профіль, ў сваёй рабоце імкнецца прыцягнуць увагу да нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, займаецца збіраннем экспанатаў па этнаграфіі.

 

Паколькі ў галіне народнага адзення і тэкстыля хутка ідзе разбуральны працэс у сувязі з адыходам з жыцця старэйшага пакалення – носьбітаў традыцый, было вырашана, пакуль не поздна, сабраць поўны камплект строя свахі. Аказалася, што здабыць касцюм вельмі няпроста. Мясцовыя жыхары, якія захоўваюць у куфрах асобныя часткі касцюма, не спяшаюцца з імі расставацца, нават на час.

 

У творчага калектыва Кобрынскага музея выспела рашэнне вярнуць касцюм свахі ў сучаснае жыццё, даць яму “другое дыханне” — пашыць рэпліку адзення. Такі варыянт «адраджэння» магчымы, таму што традыцыі вырабу касцюма былі аднесены да гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі «Б». Такія каштоўнасці могуць быць адноўлены на другасным матэрыяле і існаваць у сучаснай форме.

 

 

 

 

Касцюм свахі — гэта своеасаблівая візітная картачка ўсяго Кобрынскага раена. З аднаго боку, гэта тыповы народны строй, які складаецца з кашулі, спадніцы, фартуха. З другога боку, касцюм адрозніваецца павышанай дэкаратыўнасцю, адмысловым галаўным уборам – маркерам гэтага адзення.

 

Усе часткі гэтага касцюма пашыты з баваўняных тканін і багата аздоблены аплікацыяй з рознакаляровых стужак і тканін.

 

На палічках, рукавах, манішцы кашулі, на фартуху нашыты «вочы» — ланцужкі з закругленых ромбаў, у сярэдзіне якіх вышыты васьмікутныя зоркі. Касцюм свахі шылі «з вачыма», таму што яна кіравала вяселлем, і ўсё павінна бачыць. Гэтыя зоркі-вочы таксама зберагалі маладых ад сурокаў.

 

Адметнай асаблівасцю гэтага строя з’яўляецца незвычайны галаўны ўбор у выглядзе какошніка, упрыгожанага рознакаляровымі пучкамі пеўневых пёраў, што падкрэслівае баявы дух свахі, сваячкі жаніха.
У пачатку ХХ ст. у такім адзенні на вяселлі была старэйшая сваха і свашкі – маладыя жанчыны і нават дзяўчынкі-падлеткі з роду жаніха. Старэйшая сваха сачыла за паслядоўнасцю вясельных абрадаў, удзельнічала ў галоўных момантах урачыстасці.

 

Супрацоўнікі музея заняліся даследаваннем асаблівасцяў касцюма свахі, працавалі з літаратурай, замалёўкамі даследчыкаў-этнографаў, старымі фотаздымкамі, музейнымі калекцыямі, распытвалі людзей сталага веку, знаёміліся з вопытам старэйшых майстрых.

 

Вельмі дапамаглі ў рабоце матэрыялы, якія сабралі загадчык аўтаклубам ДзУК “Кобрынская раённая клубная сістэма” Вольга П’янцава і іншыя работнікі культуры Кобрынскага райвыканкама.
У працэсе вывучэння аўтэнтычнага ўбора, шматлікіх здымкаў з выявай свахі розных гадоў з’явіліся пытанні, адказы на якія ведала галоўная захавальніца старажытнай традыцыі, жыхарка вескі Лелікава – Анастасія Шапяцюк. Да яе і адправіліся супрацоўнікі музея.

 

 


 

 

Анастасія Ігнацьеўна, якая ў свой час пашыла касцюмы для сваіх унучак Дашы і Каці, падзялілася сакрэтамі вырабу ўбора свахі. Яна патлумачыла, што спадніца магла быць любога колеру, але досыць часта шылі яе з чырвонай тканіны. Сваха насіла толькі адну «затулку» (фартух). Такое пытанне паўстала таму, што на Кобрыншчыне жанчыны часта насілі па два фартуха адразу, пры гэтым падол верхняга падтыкаўся так, каб быў бачны ўзор на ніжнім.

 

Не існуе каляровай заканамернасці пры размяшчэнні стужак на спадніцы, кожная швачка размяшчае іх па сваім гусце. Фрагменты аплікацыі ў выглядзе “вачэй-ланцужкоў” спачатку «нажыўляюцца» уручную, а потым усе адзенне шыецца на машынцы.

 

Ёсць свае сакрэты і ў захоўванні касцюма: спадніца і фартух складваюцца па шырокіх падоўжаных складках, апрацоўваюцца прасам, а потым звязваюцца ў некалькіх месцах.

 

Для “ажыўлення малюнка” трэба было знайсці майстра, якога называюць універсальным: і таленавітую швачку, і добрую закройшчыцу. Акуратная, працавітая – гэта тыя якасці, якія адрозніваюць Іну Корсак, што пагадзілася ўзяцца за адказную справу. Калі былі гатовы асобныя фрагменты касцюма, трэба было завяршыць «вочы» — вышыць ў сярэдзіне зоркі. Гэта работа была выканана вопытнай вышывальшчыцай Галінай Аўдзеевай.

 

Самай цяжкай задачай стаў выраб галаўнога ўбора, які вылучаў сваху сярод іншых гасцей на вяселлі. Гэта пры тым, што лубяны каркас і “брэжэ” (карону з разнакаляровых стужак, упрыгожанную пацеркамі) падаравала супрацоўнікам Анастасія Шапяцюк.

 

Амаль дэтэктыўная гісторыя адбывалася, калі пачаўся пошук петушынага пер’я для галаўнога ўбора. Нарэшце хтосьці з супрацоўнікаў знайшоў гаспадынь, якія пагадзіліся на карысць справы заняцца зборам петушынага пер’я, не абы якога, а мяккага і нежнага. Магчыма, у некаторых пеўняў хвасты сталі радзейшыя, зато ў “кароне” з’явіліся сімпатычныя каляровыя “рожкі”, без якіх немагчыма ўявіць какошнік свахі.

 

Каб паказаць своеасаблівасць і прыгажосць народнага касцюма, была праведзена вялікая работа.
Адна з задач музея, вядома ж, у супрацоўніцтве з іншымі установамі культуры і адукацыі — пастарацца выратаваць ўсе, што можна выратаваць, адкрыць, вывучыць, захаваць і перадаць новаму пакаленню, бо народны касцюм — гэта частка нашай культуры, частка нашай душы. Гэта толькі пачатак вялікай работы…

 

 

старшы навуковы супрацоўнік
Кобрынскага ваенна-гістарычнага
музея імя А.В. Суворава
Лілія Кірылюк

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика