Главная - Новости - Главные новости - У Іванаўскім лясніцтве пачалася нарыхтоўка бярозавіка

У Іванаўскім лясніцтве пачалася нарыхтоўка бярозавіка

У Іванаўскім лясніцтве пачалася нарыхтоўка бярозавіка

У Іванаўскім лясніцтве, якое з’ўляецца структурным падраздзяленнем Дзяржаўнай лесагаспадарчай ўстановы «Пінскі лясгас», пачалася нарыхтоўка бярозавіка. За сезон, які прадоўжыцца некалькі тыдняў, запланавана здабыць 150 тон карыснага соку.

 

Для гэтага ў 125-м квартале, што каля вёскі Клёнкі, адведзена дзялянка плошчай каля пяці гектараў лесу. Месца збору соку вось ужо некалькі год нязменнае.

 

– Для вяскоўцаў – гэта ўрочышча Замалінне. Магчыма, калісьці тут быў маліннік. Аднак на гэтым месцы даўно расце гай. Сярэдні ўзрост дрэў дасягае шасцідзесяці год. Для нарыхтоўкі соку выкарыстоўваем бярозу, калі ў дыяметры яна мае больш за дваццаць сантыметраў, – патлумачыў ляснік Мікалай Гарупа.

 

 

Мікалай Мікалаевіч працуе ў лясніцтве ўжо 23 гады. За такі перыяд выпадкаў браканьерства – незаконнай здабычы бярозавага соку – не было. Ды і навошта калечыць дрэва, калі кошт яго вітамінных дароў – даступны для любога. Усяго сямнаццаць капеек за літр. Ужо, 11 сакавіка стартаваў продаж натуральнага прадукту для людзей. Гандаль для першага дня – добры. Рэалізавалі каля адной тоны. Асноўныя ж пакупнікі соку – перапрацоўчыя прадпрыемствы Брэстчыны, іншых абласцей.

 

 

– Некаторыя людзі і па трыста літраў купляюць. Напэўна, кааперыруюцца, каб забраць тавар за адзін раз. Бывае, з суседніх раёнаў прыязджаюць. Тут звычайна, калі не ў выхадныя, чэргаў няма. Прыеду яшчэ раз. Дзе ж знойдзеш такі танны, натуральны і карысны сок? – разважае Алег.

 

У мінулым годзе недзе пятнаццаць тон «ураджаю» прадалі людзям. Раней і цяпер яны прыязджаюць у лес уласным транспартам. Пакупнікі могуць выбраць, які пакет з бярозавікам пераліць ва ўласную тару. Галоўнае: быць з «лясным» білетам – квітком аб аплаце. Яе можна здзейсніць у лясніцтве.

 

З моманту нарыхтоўкі соку работнікі кругласутачна знаходзяцца на месцы. Запрашаюць на адказны перыяд і памочнікаў. Пётр Хвісюк – адзін з такіх надзейных і працавітых – расказаў:

 

– Я тры дні рабіў падсочкі. Іншыя забівалі жалабкі, з якіх цячэ сок у пакет ёмістасцю прыблізна 40 літраў. Такіх пакетаў на дзялянцы – недзе паўтары тысячы. Што дзіўна: з аднаго дрэва – сок несалодкі, з другога – салодкі. Бывае і так: у пакеты, якія павесілі на дрэва ў аднолькавы час, бярозавік паступае з рознай хуткасцю. Звычайна людзі змешваюць сок з цукрам. Я ж – прыхільнік натуральнага смаку напою. Звычайна стаўлю бярозавік у халоднае памяшканне і штодзень яго п’ю. Атрымліваецца такі вітамінізіраваны сакавіцкі фрэш.

 

 

З-за пакетаў, куды сцякае сок, бярозы нагадваюць гаспадынь з фартухамі. Звычайна на адно дрэва вешаецца адзін ці два пакеты. Сустракаюцца бярозы з трыма «фартухамі». Пры добрым раскладзе за суткі набягае 40 – 50 літраў з аднаго дрэва.

 

Колькі часу зойме нарыхтоўка соку, будзе залежаць ад надвор’я. Аптымальная сярэднесутачная тэмпература для руху соку – каля дзесяці градусаў вышэй за нуль.

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика