У чацвер у філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея – “Мастацкі музей” – адкрылася чарговая, другая па ліку, выстава праекта “Брэстчына этнаграфічная”: “Пінска-Івацэвіцкі край”.
Тут прадстаўлены прадметы з фондаў музея: традыцыйныя касцюмы, посцілкі, калекцыя ручнікоў Пінскага, Івацэвіцкага, Бярозаўскага і Ганцавіцкага раёнаў. Экспазіцыю дапаўняюць фотаздымкі жыхароў Пінска-Івацэвіцкага краю і работы сучасных народных майстроў Таццяны Зданевіч, Наталлі Ярмоцык і Наталлі Кулецкай: роспіс па шкле, народныя паясы, прадметы з саломкі.
Традыцыйныя народныя касцюмы Піншчыны, Івацэвіччыны, Бярозаўшчыны, Ганцаўшчыны займаюць бадай што цэнтральнае месца сярод экспанатаў выставы, яны ўваходзяць у эстэтычны комплекс Пінска-Івацэвіцкага строю, які з’яўляецца адным з самых архаічных на Беларусі. Гэты строй вылучаецца тонкасцю, белізной тканіны, а таксама сціплым лінейным арнаментам. Такі сустракаецца ў Пінскім, Івацэвіцкім, Бярозаўскім раёнах. А вось што датычыцца адзення Ганцавіцкага, яно багата аздоблена раслінным і ромбавідным арнаментамі. Звычайным дадаткам да вопраткі тут была палатняная торбачка, якія у некаторых вёсках Ганцаўшчыны носяць і зараз, адпраўляючыся ў краму за прадуктамі. Сёння мы называем такую торбачку экалагічнай… Карацей, што датычыць строю, кожны рэгіён меў свае адметнасці і традыцыі. І ў касцюмах пачатку мінулага стагоддзя, якія ўвайшлі ў экспазіцыю, мы гэта заўважаем.
У ручнікоў кожнага з рэгіёнаў таксама свой “твар”. Вылучаюцца сярод іх экземпляры цікавай ступенчатай формы – з прышытымі на канцах кавалкамі тканіны, якія называюцца “трапкі”. Ручнікі з “трапкамі” выкарыстоўвалі галоўным чынам у вясельных абрадах – імі навязвалі сваху, свата, правую руку маладой, калі праводзілі яе з бацькоўскай хаты, абавязковым атрыбутам яны служылі і пры вянчанні. А на Піншчыне такі прыгожы ступенчаты ручнік быў часткай святочнага ўбору нявесты.
Фотаздымкі пачатку мінулага стагоддзя яскрава сведчаць аб тым, як жылі тады палешукі. Адзін з самых цікавых – з выявай лодачнага базару ў Пінску. Мноства лодак-пласкадонак, якія называліся “чайкамі”, прышвартавана да берага Піны акурат у тым месцы, побач з якім зараз знаходзіцца плошча Леніна. Жыхары наваколля везлі на продаж што заўгодна – ад дроў, лазы і сена да хатняй жывёлы. Тут жа, не адыходзячы “ад касы”, увішныя палешукі лавілі рыбу – яна таксама была хадавым таварам. Побач – той самы паляшук у поўнай амуніцыі – падпаясанай світцы з сукна, капелюшы і лапцях з аборамі.
У экспазіцыі ёсць і “візітоўка” Бярозаўскага раёна – шчэпавая птушка-абярэг. Яе вешалі над калыскай дзіцяці і ў хаце на Каляды. Але доўга не трымалі – лічылі, што на крылах гэтай птушкі можа застацца дурны погляд суседкі. Таму пасля святаў абярэг спальвалі ў печы – з агнём усё зло адыходзіла…
А вось галоўнай гераіняй выставы стала народны майстар Беларусі з Бярозаўскага раёна, якая адраджае традыцыі роспісу па шкле і пляце традыцыйныя беларускія паясы, Таццяна Зданевіч.
– Інфармацыю аб роспісе па шкле я збірала на працягу амаль 15 гадоў, – распавядае Таццяна Мікалаеўна. – Традыцыйную тэхніку роспісу, якая ўнесена ў спіс нематэрыльнай культурнай спадчыны Беларусі, пераймала ад майстрыхі, якая сёння жыве на Бярозаўшчыне, Алены Макоўчык. Традыцыйны роспіс па шкле з’явіўся на Беларусі амаль сто гадоў таму, а на Брозаўшчыне – прыкладна 70. У нас былі экспедыцыі па 30 вёсках, дзе адшукалі 18 майстроў. На сённяшні дзень іх восем – тых, хто ў стане расказаць пра тэхнічныя моманты “шкляных” малюнкаў. Акрамя экспедыцый і зносінаў з народнымі майстрамі роспісу па шкле, якія пра сваё захапленне расказвалі з вялікай любоўю, без усялякіх навуковых падстаў, было прачытана шмат адпаведнай літаратуры. Таццяну захапіла неверагодная цікавасць, і яна зразумела, што гэта занятак для яе душы.
Абедзве дачкі таксама малююць і плятуць народныя паясы, а сама Таццяна Мікалаеўна навучае старадаўняму майстэрству – за яе плячыма ўжо амаль 500 вучняў узростам ад шасці да 80 гадоў. І зараз кожную нядзелю яна ладзіць майстар-класы.
“Роспіс па шкле – гэта падарунак для вашага жыцця”, – звярнула майстрыха ўвагу моладзі, якая завітала на адкрыццё выставы, і прадэманстравала невялічкі майстар-клас, які выклікаў у юных наведвальнікаў надзвычай вялікую цікавасць.
– Каб зрабіць роспіс па шкле, найперш патрэбна, зразумела, шкло. Прычым, тоўсценькае, такое, як у шыбах. Яшчэ – туш, алейныя альбо акварэльныя фарбы ці проста нітраэмаль, якой фарбавалі, напрыклад, столь. Пры дапамозе пяра робім тушшу контур, потым – акуратненька пэндзлікам заліўку фарбай. Пераварочваем шкло і аздабляем малюнак фальгай. Устаўляем у раму, – тлумачыць майстар.
Адзін з такіх твораў – “Калядкі” – Таццяна Зданевіч падарыла музею. Зрэшты, на выставе, якая будзе доўжыцца да 26 снежня, ім яшчэ можна палюбавацца.
Ірына АРЛОВА
Фота Валерыя КАРАЛЯ