«Мова гучыць як казка»: выкладчыца з Іванава сваёй любоўю да беларускай мовы захапляе ўсіх

21.02.2026

Як песня, як казка, як запавет. Менавіта так з вуснаў метадыста Іванаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталлі Давыдзюк гучыць беларуская мова, яна штодзень прагне наталіцца мілагучным і звонкім, магутным і пяшчотным матчыным словам.

Хочацца прыгадаць вядомы верш Яўгеніі Янішчыц, радок якога, калі перафразіраваць, будзе гучаць наступным чынам: «пачынаецца ўсё з сябе». Такой стратэгіяй асабістых паводзін Наталля Аляксееўна захапляе як калег-метадыстаў, сваіх вучняў – у гарадской школе №2 г. Іванава яна выкладае грамадазнаўства і мастацтва, так і ўсіх добрых людзей, з кім даводзіцца мець зносіны. Кожны заўважае розныя праяўленні індывідуальнасці асобы: знешняя прывабнасць, разумны позірк, мудрыя паводзіны жанчыны. І ўсё ж такі даволі часта тых, з кім ладзіць камунікацыю Наталля Давыдзюк, здзіўляе, найперш, тая акалічнасць, як лёгка і нязмушана суразмоўца мяняе моўную прастору – пераходзіць з рускай на беларускую мову і наадварот, а яшчэ – як ласкава гучыць з яе вуснаў роднае слова.

– Калі думаеш па-беларуску, дык звыклая справа – без пэўных цяжкасцяў фармуляваць на роднай мове думку, – выказалася Наталля Аляксееўна.

Але так было не заўжды. З дзяцінства яна выхоўвалася ў шматмоўным асяроддзі, дзе гучалі польская, руская, беларуская мовы, а яшчэ багаты на ўкраінізмы мотальскі дыялект (Іванаўскі раён). У суквецці моў сфарміраваўся светапогляд суразмоўцы. Уплыў аказалі іншыя падзеі, у тым ліку гістарычнага кшталту. Бацька і сама Наталля Давыдзюк (у дзявоцтве Сітарская) нарадзіліся ў вёсцы Такары Камянецкага раёна. Раней населены пункт быў у складзе беларускай дзяржавы. Потым вёску падзялілі на дзве часткі – так узніклі польскія Такары. На шчасце, гістарычныя перыпетыі не «перасялілі» ад камянецкіх такаран самага вядомага земляка – першага прэзідэнта Акадэміі навук БССР, гісторыка Усевалада Ігнатоўскага. Дарэчы, можна было б падумаць, што менавіта яго дзейнасць паўплывала на будучае прафесійнае вызначэнне Наталлі Аляксееўны, аднак тут іншая гісторыя.

– Вучобу ў Пінскім педагагічным каледжы ўзгадваю з асаблівай цеплынёй. Удзячная ўсім педагогам, а найперш Кіры Іосіфаўне Качан, якая вяла методыку прадмета «Мая радзіма – Беларусь», і Аліне Стахіеўне Новік – выкладала сацыяльна-палітычныя дысцыпліны. Гэта дзівосныя жанчыны: інтэлегентныя, цікавыя, разумныя. Захапляльна з іх вуснаў гучала любая тэма, таму не вагалася, куды паступаць у далейшым. Выбар зрабіла на карысць гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, – удакладніла суразмоўца.

А потым яна дзень за днём станавілася годным узорам для сваіх выхаванцаў. Спачатку імі былі вучні аграгарадка Моталь, дзе настаўніца працавала ў беларускамоўнай школе. Родная мова падарыла многа адкрыццяў, раскрыла патэнцыял маладога педагога, якая ўпэўнілася, што навучанне па-беларуску мае шмат плюсаў: мова ўспрымаецца арганічна як частка жыцця юнакоў і дзяўчат за межамі школы, двухмоўе развівае дзяцей не толькі ў інтэлектуальным плане, але стварае надзейны падмурак для патрыятызму.  Бясспрэчна і тое, што Дзень роднай мовы для гэтых школьнікаў – свята кожны дзень.

Наталля Аляксееўна вітае любыя праявы падтрымкі мясцовых брэндаў, беларускіх вытворцаў, якасных айчынных тавараў, увагі да беларускасці. З гэтай прычыны Наталля Давыдзюк выказвае вялікую ўдзячнасць за праект «Кожная пятніца – роднае, сваё», ініцыянаваны Міністэрствам антыманапольнага развіцця і гандлю Рэспублікі Беларусь. Аднак прыхільна ставіцца – адно, зусім іншае – не забывацца далучацца да справы. Менавіта канкрэтныя крокі,  мужнасць у адстойванні сваіх інтарэсаў сведчаць пра тваю адданасць пэўнай ідэі. Часам гэтае стаўленне дапамагае іншым не саромецца дзейнічаць, быць больш упэўненымі. Такі ўплыў меў удзел Наталлі Давыдзюк у шматлікіх мерапрыемствах: аматарскім праекце, сутнасць якога заключалася ў агучванні тэкстаў і кніг па-беларуску для далейшага выкарыстання ў нейрасетках; напісанні агульнанацыянальных дыктовак; распрацоўцы сумесна з калегамі-настаўнікамі настольнай гульні «У пошукаў скарбаў»; правядзенні на беларускай мове ў межах Кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый аўкцыёна інтэлектуальных праектаў. На апошняе мерапрыемства, дарэчы, прыязджалі госці з іншых краін. Сакавітае беларускае слова, прызнаваліся педагогі-замежнікі, з’яўлялася фішкай аўкцыёну. Ідэя настолькі моцна захапіла калег з Дзяржынска, што яны вырашылі арганізаваць нешта падобнае ў сябе. Наталлю Аляксееўну запрасілі ў якасці вядучай. Быў адзін пункцік-пажаданне: весці продаж інтэлектуальнага прадукту па-беларуску.

Калі гаварыць пра Дзень роднай мовы, то, безумоўна, гераіня ўсцешана тым, што колькасць землякоў, якія 21 лютага свядома абіраюць для гутаркі беларускую мову, становіцца большай. Можна было б яшчэ многа добрага сказаць у адрас суразмоўцы, аднак у першую чаргу кранае наступны факт: Наталля Давыдзюк з кагорты тых, хто падпісваецца пад кожным радком верша беларускай паэткі Еўдакіі Лось:

Не чакайце, што буду хваліцца

Перад іншымі мовай маёй.

Хіба хваліцца з лесу крыніца,

Што грымотней яна за прыбой?

Той, хто любіць папраўдзе, ён ціха

Слова роднае ў сэрцы спяліць,

Беражэ ад пагарднага ліха:

Калі слову, то й сэрцу баліць…

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара