Главная - Новости - Главные новости - Таленты Берасцейшчыны: жыццё і праца захавальніцы традыцыйнага беларускага рамяства

Таленты Берасцейшчыны: жыццё і праца захавальніцы традыцыйнага беларускага рамяства

Таленты Берасцейшчыны: жыццё і праца захавальніцы традыцыйнага беларускага рамяства

Незвычайным падарункам да семдзесят восьмага дня нараджэння мотальскай ткачыхе Марыі Васільеўне Кульбедзе стала прысуджэнне ёй ганаровага статусу народнага майстра Рэспублікі Беларусь.

 

Каб павіншаваць з добрай падзеяй захавальніцу традыцыйнага беларускага рамяства, напрасілася да яе ў госці.

 

– Прыязджайце ў Моталь, з дарагой душой вас прыму, але скажу, што я заўжды хавалася ад славы, увагі, а яны мяне на старасці знайшлі, – такім быў адказ Марыі Кульбеды на просьбу карэспандэнта.

 

Хвіліна попыту

 

У той дзень умеліцу заастала за любімай справай – ткацтвам мотальскіх хустак. Новая партыя галаўных убораў была прыемнага лавандавага колеру. За дзень майстрыха такіх можа саткаць пяць штук. Акрамя нітак, спраўнага станка, які па-мотальску завецца «вэрстат», ткачысе патрэбны яшчэ і адпаведны рабочы настрой.

 

 

– Звычайна, калі тку, уключаю палітычныя праграмы. Аднак часам адчуваю – нешта ў галаве «морочыцца». Быццам навальваецца на яе штосьці. Рукі становяцца як вата – не слухаюцца. Разумею, што ў такія дні і я, і станок павінны адпачыць, – Расказвае Марыя Васільеўна.

 

Сёлетняй зімой Марыя Кульбеда «забаўляецца» на хустках. Аднак не толькі хусцінкі праславілі майстрыху, а яшчэ ручнікі, сурвэткі, абрусы, посцілкі… Што цікава: для розных вырабаў была свая хвіліна славы, а прасцей кажучы, попыту.

 

 

– Колькі ўсяго наткала за жыццё – не злічыць! І дзе толькі мотальскія тканыя рэчы не знаходзяцца цяпер! Нават на Кіпры ёсць. Там жыве мая ўнучка. Ёй вазіла ў падарунак ручнікі, абрусы і сурвэткі. Тыя ж, хто гасцяваў у яе дома, пасля заказвалі вырабы. За мяжой ручная праца вельмі цэніцца, – заўважае Марыя Васільеўна.

 

Ткачыхі для фабрыкі

 

Марыя Лукашэвіч (дзявочае прозвішча гераіні) пазнаёмілася з кроснамі ў юным узросце. Дэбют адбыўся тады, калі яна вучылася ў першым класе. Дарослыя пайшлі даглядаць гаспадарку, а яна тым часам залезла на «дошку» – лаву, куды сядае ткач… Падрасла, навучылася абыходзілася з ткацкім станком. Вось тады маці сказала, каб дачка спяшалася рыхтаваць сабе пасаг. На што Марыя адказвала: «Пакуль збяруся ісці замуж, з моды выйдуць тыя ручнікі». Безумоўна, у тую хвіліну Марыя Васільеўна і падумаць не магла, што прыйдзе час, калі станок стане карміць усю яе сям’ю, у якой выхоўвалася трое дзяцей.

 

– Працавала паляводам, пуцявой рабочай, пекарам, майстрам-надомнікам па ткацтве на Пінскай фабрыцы мастацкіх вырабаў. З фабрыкі пайшла на пенсію, – паведаміла ткачыха біяграфічныя звесткі.

 

 

— Ехаць у Пінск, каб уладкавацца на работу, Марыі Васільеўне, іншым ткачыхам, якіх у Моталі калісьці налічвалася некалькі сотняў, не давялося. Іх, суперкласных спецыялістаў, якія спасцігалі навуку ткаць ад працавітых бабуль і матуль, знайшлі самі наймальнікі. Больш за тае, за перавыкананне нормаў вырабу Марыя Кульбеда штогод, бывала і некалькі разоў на год, грашова заахвочвалася. У працоўнай кнізе ёсць запісы аб прысваенні ёй званняў «Лепшы па прафесіі», «Выдатнік якасці». Якасць, якасць і яшчэ раз якасць – дэвіз ткацкай дзейнасці гераіні.

 

Хусткі як валюта

 

У пэўныя перыяды за «вэрстат» сядалі не толькі жанчыны, але і мужчыны. Такімі няпростымі былі 90-я гады мінулага стагоддзя. З Прыбалтыкі ў Моталь прыязджаў гандляр, які купляў хусткі вялікімі партыямі – да дзвюх тысяч.

 

– Сама, каб накарміць дзяцей, ездзіла на работу ва Украіну, у Чувашыю вазіла беларускі трыкатаж. Ткала, як і ўсе маталяне. У нас хусткі пэўны час служылі валютай. Імі разлічваліся, калі набывалі тавар у прыезджых гандляроў. За адзін тканы галаўны ўбор можна было набыць некалькі шакаладак. За скураную куртку трэба было аддаць энную колькасць хустак. Ужо не памятаю, колькі дакладна, – успамінае майстрыха.

 

Шукайце станок у Моталі!

 

Нядаўна да Марыі Кульбеды прыязджалі госці са Слуцкага раёна, якія павезлі на сваю малую радзіму… мотальскі станок. Справа ў тым, што культработнікі тых мясцін вырашылі арганізаваць гурток па ткацтве. І калі ткачыху, якая б не дала знікнуць старадаўняму рамяству, знайшлі на месцы, то кросны прыйшлося доўга шукаць па ўсёй рэспубліцы. Выпадкова выйшлі на сталічнага госця – ён падказаў адрас і кантакты Марыі Васільеўны. Яна, у сваю чаргу, знайшла ў Моталі гаспадыню, якая згадзілася прадаць кросны. У падарунак незнаёмым людзям Марыя Кульбеда аддала свае «ныт» і «бэрдо».

 

– Дзеля добрай справы нічога не шкада, – сказала майстрыха.
Дарэчы, станок – складаны механізм. У ім ёсць яшчэ «снывныцы, статовына, брускі, воротыло, колэсо, цыўка, чоўнык, сучка, рыдкі, поножы…». Страта адной, нават самай маленькай дэталі, не проста ўскладняе, а спыняе ўвесь працэс, вынікам якога становяцца неверагоднай прыгажосці і высокай якасці вырабы. Марыя Кульбеда не карыстаецца іголкай. Пальцы ды чоўнік – яе найлепшыя сябры.

 

«Пэрэборы: квіткы і гадынка»

 

Узор на тканых шэдэўрах – справа адмысловая і нялёгкая. Можна сказаць, што нараджаецца ён у «нытовы». Якім чынам? Туды закладваюцца ніткі на ўзор. Мотальская майстрыха спачатку яго малюе на паперы. Пасля настройвае станок на ўзор, які плануе ткаць. Заправіць яго правільна – ці не палова справы. Не кожны ткач са стажам умее гэта зрабіць. Нездарма ў Моталі кажуць: «На готовому вэрстаты будэ й жаба плэскаты».

 

Аднойчы з умеліцай здарылася такое: яна выткала ручнік, аздобіўшы выраб кветкамі. Пакупнікі, калі ўбачылі такі малюнак, падумалі, што ружы вышытыя. Прыйшлося ў прысутнасці недаверлівых людзей ткаць кветку «ў пэрэборы». Такую назву мае спосаб, бо ніткі рукамі патрэбна перабіраць.

 

– Гэтым спосабам, але ўзорам «гадынка», ткала ручнік, што вісіць на іконе, – расказала суразмоўца.
Калі ўважліва прыгледзецца, то зразумела становіцца, што назва з’явілася не без дай прычыны – узор нагадвае малюнак на змяінай скуры.

 

У сям’і маёй гераіні многа пакаленняў жанчын былі майстравітымі ткачыхамі. Такімі жадае бачыць сваіх дзяцей і ўнукаў Марыя Кульбеда – новаспечаны і адзіны пакуль афіцыйна прызнаны народны майстар на Іванаўшчыне. І ўсё дзеля таго, каб зберагчы традыцыйнае ручное ткацтва там, дзе бярэ выток жыццё гэтай мудрай жанчыны.

 

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика