Таццяна Дземідовіч: “Твор павінен дарыць надзею…”

Медалём Францыска Скарыны за плённую працу нядаўна была адзначана берасцейская пісьменніца, старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Таццяна Дземідовіч. Наша размова – аб місіі сучаснага пісьменніка, марах беларускага першадрукара і “не веру” маленькіх чытачоў.

 

– Таццяна Анатольеўна, давайце згадаем вашыя першыя крокі ў літаратуры: што падштурхнула да творчасці, хто падтрымаў і скіраваў у творчых пошуках?

 

– Як і любы звычайны савецкі школьнік, у дзяцінстве я шмат чытала, потым пачала задумвацца над тым, як можна перадаць свае думкі, уражанні на паперы, як гэта робяць пісьменнікі, у чым сакрэт іх поспеху. У творчых людзей моцна развітыя эмацыйная памяць, фантазія, назіральнасць, але вопыт напісання, майстэрства прыходзяць толькі з цягам часу.

 

Успамінаю сваю першую публікацыю ў рэспубліканскім літаратурным маладзёжным часопісе “Першацвет” і той момант, калі нас, дэбютантаў, шчыра віншавалі выкладчыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Мінуў час, і цяпер я разумею, наколькі каштоўнымі былі размовы з імі падчас лекцый, колькі яркіх краязнаўчых паездак, сустрэч са знакамітымі пісьменнікамі было арганізавана іх намаганнямі, каб падштурхнуць нас да асабістых адкрыццяў. Гэта шчасце, калі ёсць людзі, якія памятаюць твае першыя крокі і заўсёды знаходзяцца побач.

 

– Яшчэ адна важная старонка ў вашай творчай біяграфіі – стварэнне і кіраўніцтва літаратурным клубам “Літара”. Ці не перашкаджала актыўная грамадская дзейнасць маладому аўтару?

 

– Пасля заканчэння ўніверсітэта я працавала ў інфармацыйным агенцтве “Інтэрфакс”, у 2006 годзе стала стваральнікам і кіраўніком літаратурнага клуба “Літара” пры Брэсцкім гарадскім Доме культуры. На нейкім этапе зразумела, што мне цікава не толькі самой пісаць, але і быць падтрымкай для тых, хто схільны да творчасці. Калі бачу чыйсьці таленавіты твор, узнікае жаданне данесці яго да грамадскасці, тым больш што таленавітыя людзі часта сціплыя і закрытыя. У літаратурны клуб прыходзілі і пачаткоўцы, і вядомыя паэты ды празаікі. За 10 гадоў працы агульнымі намаганнямі быў выдадзены шэраг калектыўных зборнікаў.
Але, канешне, літаратара ацэньваюць па асабістых поспехах.

 

Я заўсёды актыўна ўдзельнічала ў розных літаратурных конкурсах, у тым ліку ад Саюза пісьменнікаў Беларусі, газеты “Звязда”, часопіса “Вожык”, міжнародных творчых спаборніцтвах. І перамогі дапамагалі ўпэўніцца, што рухаюся ў правільным кірунку, дазвалялі асабіста пазнаёміцца з беларускімі літаратурнымі мэтрамі, павучыцца ў іх майстэрству.

 

Паступова стала сістэматычны выступаць у рэспубліканскім друку, напрыклад, з гумарыстычным часопісам “Вожык” супрацоўнічаю з 2007 года, актыўна друкавалася ў замежных часопісах, удзельнічала ў літаратурных інтэрнэт-праектах. Дарэчы, пры падтрымцы сецевых аматараў літаратуры ў 2017 годзе выйшла мая першая кніга кароткіх апавяданняў “Саламяны дом”.

 

 

 

 

– Якой вы бачыце сваю місію як кіраўніка абласной суполкі Саюза пісьменнікаў Беларусі?

 

– Я ўзначальваю абласное аддзяленне з 2017 года. Сітуацыя была незвычайная: я – малады кіраўнік, а ў калектыве – знакамітыя пісьменнікі, за плячыма якіх багата творчых дасягненняў, здабыткаў, жыццёвага і працоўнага вопыту. І з першых дзён я адчула з боку іх вялікую падтрымку. Я ўвесь час вучылася ў іх і працягваю вучыцца. З прыемнасцю магу адзначыць, што за гады маёй працы берасцейскія пісьменнікі двойчы атрымлівалі галоўную літаратурную ўзнагароду – Нацыянальную літаратурную прэмію (Зінаіда Дудзюк і Валерый Грышкавец). І я ўпэўнена, што наша скарбонка будзе папаўняцца, бо ёсць вялікі патэнцыял.

 

Сваю працу я назвала б бесперапынным бегам – прычым усё, што робіцца, робіцца разам. Так, па ініцыятыве Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ праводзіцца шмат розных творчых конкурсаў, арганізуецца сустрэч, канферэнцый, фестываляў, свят, літаратурна-выдавецкіх праектаў. Колькі цікавых ідэй і задумак нам удалося ажыццявіць! Бо кожны пісьменнік, у першую чаргу, – настаўнік, лідар, мудры дарадца для моладзі, шчыры на пачуцці чалавек. І калі мы праводзім конкурсы, дык заўсёды імкнёмся адзначыць як мага болей таленавітых прац. Прыемна прачытаць юнацкія вершы пра Радзіму, бацькоў, светлыя пачуцці, а ў прадстаўленні ўказана, што юнак вучыцца на будаўніка, альбо ўрача, альбо настаўніка! Магчыма, гэты хлопчык ці дзяўчынка не стануць паэтамі, але як радасна думаць, што чалавек, які будуе дом, лечыць людзей, мае светлые думкі, шчыра любіць Радзіму, сваіх родных і землякоў. Бо, як напісала наша славутая зямлячка Яўгенія Янішчыц: “Пачынаецца ўсё з любві, нават самая простая ява”. І сапраўды: і жыццё, і творчасць, і праца пачынаюцца з любві. І задача пісьменніка – абудзіць у чытача гэтае пачуццё, зрабіць усё магчымае, каб яно гарэла добрым агеньчыкам на працягу ўсяго жыцця.

 

– Ваша чытацкая аўдыторыя ахоплівае розныя ўзросты, але найперш вы вядомы як дзіцячы пісьменнік. Ці складана зараз знайсці агульную мову з дзецьмі і падлеткамі?

 

– Шчыра кажучы, у асноўным пішу творы для дарослых у жанры рэалізму. Моладзь сёння больш любіць фантастыку, таму знайсці сваю чытацкую аўдыторыю няпроста. Але імкнуся працаваць у кароткай форме – абразкі, навэлы не займаюць для чытання шмат часу, але канцэнтруюць думкі, інтрыгуюць сюжэтамі і перадаюць псіхалагізм. І, самае галоўнае, на мой погляд, твор павінен падарыць чытачу надзею, дапамагчы знайсці паралелі са сваёй жыццёвай сітуацыяй і падтрымаць у цяжкую хвіліну.

 

Што датычыць маіх маленькіх чытачоў, публікацыі ў шматтыражных часопісах, сапраўды, зрабілі мяне досыць вядомым дзіцячым пісьменнікам на постсавецкай прасторы. І сёння мае творы друкуюцца ў зборніках расійскага выдавецтва “Малыш” побач з творамі Віктара Драгунскага, Міхаіла Зошчанкі, творчыя студыі часам здымаюць відэа па маіх апавяданнях, уключаюць іх у свае праграмы па творчым развіцці дзяцей.

 

У сваіх дзіцячых апавяданнях я таксама прытрымліваюся рэалізму, традыцый М. Носава, таго ж В. Драгунскага, бо лічу, што дзяцей падмануць цяжэй, чым дарослых. Напрыклад, народныя казкі вельмі глыбокія і мудрыя па сваёй сутнасці. І памылка сучасных казачнікаў у тым, што яны ў сваіх фантазіях губляюць логіку альбо паўтараюць вядомыя сюжэты. А дзеці зараз вельмі разумныя, не па гадах дарослыя і могуць смела сказаць: “Не веру”. А калі чытач не паглыбляецца ў сусвет пісьменніка, губляецца сувязь з кнігай.

 

Я вельмі ўдзячна калектыву выдавецтва “Народная асвета”, які працаваў над маёй кнігай дзіцячых апавяданняў “Эх, Ромашкин”, і ў гэтым годзе яна ўбачыла свет. Спадзяюся, што героі маіх школьных апавяданняў стануць сапраўднымі сябрамі для юных чытачоў, падвядуць да правільных высноў і рашэнняў, падораць усмешку і добры настрой.

 

А зацікаціць дзяцей чытаннем можна толькі ўласным прыкладам. Разам з дзецьмі наведваць кнігарні, купляць кнігі, чытаць, абмяркоўваць прачытанае. Прапаноўваць дзецям творы згодна з іх захапленнямі, жыццёвымі сітуацыямі. Трэба больш расказваць і пра саміх пісьменнікаў, эпоху, час, у якім жыў творца. Задача настаўнікаў, бацькоў – натхніць школьніка чытаць і самім быць побач, каб малога не пакідала адчуванне, быццам вы ведаеце адну на дваіх таямніцу, адну гісторыю, і гэтая таямніца – надзейная браня перад усім дрэнным.

 

 

 

 

– Сёння канкурэнцыю папяровым выданням складаюць электронныя кнігі, літаральна кожны аўтар можа апублікаваць свой твор у прасторах інтэрнету – і, на жаль, не ўсе яны вартасныя. Як гэта ўплывае, на вашу думку, на сучасную літаратуру?

 

– Беларускае кнігадрукаванне налічвае больш за 500 гадоў. У тыя далёкія часы мала хто ўмеў пісаць і чытаць, але кніга была найвялікшай каштоўнасцю, крыніцай ведаў. Мы ўсе выраслі, дзякуючы Слову. Магчыма, Францыск Скарына марыў аб тым, каб усе ўмелі чытаць і пісаць і спасцігалі мудрасць. І вось сёння ўсе пішуць, чытаюць, але мы пачалі губляць мудрасць, назапашаную нашымі продкамі, а значыць – здольнасць да мыслення. Адна з праяў гэтага – даволі нізкі мастацкі ўзровень твораў, якія часцяком публікуюцца на інтэрнет-пляцоўках.

 

Канешне, час ідзе. Магчыма, у будучым папяровая кніга зойме сваё месца ў музеі. Але я спадзяюся, што яе электронная наступніца будзе якаснай і творы, размешчаныя ў інтэрнэце, таксама стануць адлюстраваннем багатага сусвету чалавека, яго адукаванасці, высокага маральнага аблічча. Думаю, аб такім грамадстве марыў наш першадрукар.

 

І ўзнагарода медалём Францыска Скарыны азначае для мяне найперш адказнасць перад нашым творчым калектывам, чытачамі, моладдзю і натхняе працягваць працу першадрукара ды яго паслядоўнікаў у сучасных рэаліях з думкай пра духоўнае ўзбагачэнне роднага краю.

 

 

Гутарыла Алена САЦУТА

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Опубликовано: 10:21 - 20.07.2021г.
Поделиться новостью

Последние новости