«Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы!» – гэтыя радкі Якуба Коласа знаёмыя кожнаму беларусу са школьных гадоў. У іх – любоў да роднай зямлі, да роднага слова, да таго, што фарміруе нашу душу і памяць. 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Напярэдадні гэтай даты «Заря» пацікавілася ў жыхароў горада Бяроза, якое месца беларуская мова займае ў іх жыцці.
Ніна:
– У звычайным жыцці размаўляю нават не па-беларуску, а па-вясковаму: трасянка ў ход ідзе. Нядаўна з унучкай вучылі верш Багдановіча «Здароў, марозны, звонкі вечар!» Ён нагадаў мне пра той час, калі яшчэ я ў школе вучылася, гадоў пяцьдзясят таму. Быў у мяне аднакласнік Мікалай Пейган. Ён заўсёды па-беларуску размаўляў, потым стаў настаўнікам гісторыі і пісаў краязнаўчыя кнігі. У 2021 годзе ўвайшоў у топ-10 лепшых людзей Бярозаўшчыны на думку чытачоў раённай газеты «Маяк».
Мікалай:
– Вельмі прыемна пачуць, калі нехта размаўляе па-беларуску. Вось у мяне жонка з Баранавіцкага раёна, яна часта беларускія словы ўжывае. Нядаўна задумаўся, як будзе па-беларуску «качественный товар». Жонка тады і сказала, што будзе гучаць так: «якасны тавар». Яна мне часта падказвае.
Таццяна:
– Мне вельмі падабаецца, калі беларускую мову выкарыстоўваюць у сацыяльных сетках, асабліва ў Цік-Току. Яна гучыць так прыгожа! Я, напрыклад, люблю глядзець Ілью Шынкарэнку (наш блогер беларускі). У яго не толькі ўвесь кантэнт вядзецца па-беларуску, але і песні свае ён піша па-беларуску. Трэба якраз такім чынам папулярызаваць нашу мову сярод моладзі.
Дзяніс:
– Я са школы запомніў трылогію Якуба Коласа «На ростанях». Для агульнага развіцця беларускую мову трэба вучыць. А вось ці размаўляць на ёй – гэта ўжо справа кожнага. Часам я сустракаю людзей, якія гавораць чыста па-беларуску. Ёсць такая аграсядзіба «Галас» у Драгічынскім раёне – маці ўладальніка гэтай сядзібы размаўляе ўвесь час толькі на нашай мове. Заўсёды прыемна паслухаць.
Марына:
– Калі раблю ўрокі з дзецьмі, усведамляю, якая наша мова мілагучная, ласкавая. Дрэнна, што моладзь не ведае беларускіх аўтараў: ёсць сучасныя цікавыя пісьменнікі. Я люблю творчасць Ніла Гілевіча. Вельмі падабаецца яго гумарыстычны вершык «Як я ўцягнуўся».
Сяргей:
– Мележ, Быкаў, Купала… Беларускую літаратуру ў школе вельмі любіў. Нядаўна чытаў «Людзі на балоце» Івана Мележа і пасля гэтага стаў заўважаць, што беларускія словы выкарыстоўваю ледзьве не штодня. «Добра», «прыгожа», «хай будзе» ёсць у маім лексіконе, і я гэтага не саромеюся! Сваіх дзяцей буду вучыць беларускай мове з пялёнак, каб чулі і прывыкалі да яе.
Апытанне правяла Ульяна СЦЕПАНЧУК, студэнтка 4 курса факультэта журналістыкі БГУ
Фота аўтара