Праект «Бацькаўшчына»: усе шляхі вялі на… кірмаш

16.07.2022

Тэрыторыя сучаснай Брэстчыны за сваю гісторыю ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Савецкага Саюза. Брэсцкая вобласць з’яўляецца заходнімі варотамі суверэннай Рэспублікі Беларусь – размешчана на скрыжаванні ажыўленых шляхоў з усходу на захад і з поўначы на ўсход. Дзякуючы ўнікальнаму геаграфічнаму размяшчэнню рэгіён заўсёды з’яўляўся буйным гандлёвым цэнтрам. Амаль у кожным горадзе і многіх мястэчках былі гандлёвыя рады, рыначныя плошчы, рынкі і базары, а таксама вялікая колькасць крамаў на любы густ і кашалёк.

 

Сёння цяжка ўявіць наша жыццё без магчымасці набываць тавары ці паслугі кожны дзень, нават не выходзячы з дома. А калісьці кірмашы ладзілі ў асноўным на святы, рыначныя плошчы ажывалі часцей у нядзелю, а ў гандлёвых радах можна было набыць рэдкія тавары як у мясцовых гандляроў, так і ў замежных гасцей, павагу да якіх можна было выказаць сваім жаданнем патаргавацца.

 

Чарговы выпуск праекта прысвечаны ўнікальным аб’ектам гандлю на Брэстчыне, якім пашчасціла трапіць у фотааб’ектыў. На жаль да нашых часоў амаль не захаваліся архітэктурныя збудаванні гэтай сферы. А тыя, што дайшлі да сучаснасці з’яўляюцца сапраўднай гістарычнай каштоўнасцю. Цікава, што многія месцы, дзе раней знаходзіліся рыначныя плошчы ці кірмашы, і цяпер выконваюць тую ж функцыю, толькі на сучасны лад.

 

БРЭСТ. Для горада и навакольных вёсак

 

На месцы сучаснага будынка Цэнтральнага ўнівермага на праспекце Машэрава ў абласным цэнтры здаўна віравала гандлёвае жыццё. Раней тут знаходзілася гарадская плошча, на якой у 1842 годзе былі пабудаваны гандлёвыя рады – аднапавярховы, прамавугольны будынак у стылі класіцызму з вялікім унутраным дваром. Па перыметры ён падзяляўся на шэраг гандлёвых секцый – крам, якія мелі ўваходы з боку галоўнага фасада і ўнутранага двара.

 

 

Гандлёвыя рады на той час з’яўляліся найбуйнейшым збудаваннем у горадзе. Некалькі разоў у год гасцінны двор станавіўся месцам паломніцтва жыхароў Брэста і навакольных вёсак – у гэтыя дні праводзіліся традыцыйныя для горада кірмашы. Гандляры прапаноўвалі хлеб, лён, алей, скуру, аўчыну і іншыя тавары. Гадавы абарот брэсцкага гандлю ў сярэдзіне 40-х гадоў XIX стагоддзя дасягаў сумы ў паўмільёна рублёў. Як правіла, увесь гарадскі гандаль і большасць рамесных майстэрняў былі сканцэнтраваныя ў руках мяшчан-яўрэяў. Насупраць гандлёвых радоў знаходзілася гарадская стаянка рамізнікаў, а пазней – гарадскіх аўтобусаў.

 

 

Гандлёвыя рады былі знесены ў 1970 годзе, а на іх месцы пабудаваны вялікі гандлёвы комплекс з цэнтральным універмагам.

 

 

ПРУЖАНЫ. Бойкі гандаль у «Белых крамах»

 

Гандлёвыя рады ў Пружанах, вядомыя таксама пад іншай назвай – «Белыя крамы», адносяцца ў цяперашні час да помніка гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Цагляныя гандлёвыя рады былі пабудаваны ў 1867 годзе і з’яўляюцца адной з нешматлікіх, якія захаваліся да нашых дзён, гістарычных славутасцяў горада Пружаны.

 

 

«Белыя крамы» з’яўляюцца ўзорам спалучэння двух стыляў: барока і класіцызму. Толькі адзінкавыя прыклады такой архітэктуры захаваліся ў забудове сучасных гарадоў Беларусі. Пры гэтым гандлёвыя рады з’яўляюцца вельмі незвычайным, прыгожым і запамінальным аб’ектам. Таму кожны будынак, які адносіцца да гэтага тыпу гістарычных архітэктурных помнікаў, уяўляе сабой асаблівую цікавасць і каштоўнасць для турыстаў і падарожнікаў па Беларусі. А гандлёвыя рады ў горадзе Пружаны захаваліся проста выдатна, яны даюць дакладнае ўяўленне пра тое, як выглядалі падобныя пабудовы ў іншых гарадах краіны.

 

Узведзены «Белыя крамы» былі замест старых драўляных радоў, у сярэдзіне мелі спецыяльны дворык для захоўвання тавараў, які агароджваўся ад старонніх вачэй варотамі. Цяпер у іх тыповае для каменных гандлёвых радоў вонкавае аблічча: аднапавярховы будынак у форме выцягнутага прамавугольніка падзелены на секцыі па перыметры арачнай галерэяй. Накрыты двухсхільным дахам будынак мае франтоны на тарцах. Насупраць інтэрвалаў паміж слупоў арачнай галерэі прагледжваюцца невялікія нішы ў сценах-вітрыны крам з дзвярыма, дзе калісьці вялі бойкі гандаль. Зараз гандлёвыя рады таксама часткова выкарыстоўваюцца па свайму непасрэднаму прызначэнню.

 

 

КОБРЫН. Згарэлыя, але адноўленыя

 

У працэсе гістарычнага развіцця горада сфарміравалася гандлёвая плошча, акружаная жылымі кварталамі, а затым побач быў пабудаваны праваслаўны манастыр. Асноўныя вулічныя кірункі цягнуліся да рынкавай плошчы, на якой размясціліся ратуша і гандлёвыя рады.

 

Першапачаткова драўляныя, яны былі пабудаваны на рыначнай плошчы. У 1812 годзе, на жаль, згарэлі. Будаўніцтва каменных пачалося ў 1820-х гадах, але пажар 1835-га зноў пашкодзіў іх. Пажары адбываліся яшчэ некалькі разоў, асабліва гандлёвыя рады пацярпелі ў 1915 годзе, калі горад акупавалі нямецкія войскі. У 1920-я гады ХХ стагоддзя яны былі амаль цалкам адноўлены.

 

 

 

У 1961 годзе на тэрыторыі гасціннага двара размясцілася швейная фабрыка, у якую ўвайшлі захаваныя аб’екты гандлёвых радоў. Будынкі сёння з’яўляюцца помнікамі архітэктуры мясцовага значэння.

 

 

ПІНСК. Гучалі ідыш, польская мова і палескія дыялекты

 

Гэта месца спрадвеку вызначала жыццё горада. Пад сценамі замка ў асяроддзі храмаў знаходзілася гандлёвая плошча. Змянялася тапаграфія, але рынак заставаўся там жа. Сюды сыходзіліся дарогі заходняга, паўночнага, усходняга напрамкаў, якія сталі вуліцамі Брэсцкай, Ганчарскай, Спаскай. Згодна з Магдэбургскім правам, атрыманым Пінскам у 1581 годзе, гораду дазвалялася выкарыстоўваць герб і праводзіць буйныя кірмашы.

 

 

Тут, на рынку, нават існавала сваё вымярэнне прадуктаў – «пінская бочка». З XVIII стагоддзя драўляныя «крамніцы» змяніліся на каменныя гандлёвыя рады. Яны былі адноўленыя пасля вялікага пажару 1921 года. Доўгі час езуіцкі манастыр суседнічаў з гандлёвай плошчай, якая ў 1920 – 1930 гады насіла назву Мая, у гонар прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай у 1791 годзе. У кірмашовыя дні ўсю плошчу запаўнялі гандляры з гліняным і плеценым посудам, ільнянымі палотнамі, прадуктамі харчавання і гароднінай. На рынку размаўлялі на некалькіх мовах: польскай, ідышы і палескіх дыялектах. Вакол яго знаходзіліся жылыя дамы з крамкамі, у большасці яны належалі пінскім яўрэям, што на працягу некалькіх стагоддзяў складалі асноўную частку насельніцтва горада.

 

 

Стары рынак існаваў і ў пасляваенны час, ён перажыў разбурэнне касцёла Святога Станіслава, асобныя пабудовы знаходзіліся побач з пяціпавярхоўкамі-хрушчоўкамі.

 

Уладзімір Караткевіч, які наведаў Пінск у канцы 1960-х, шкадаваў, што не застаў гэты архітэктурны комплекс. Фатаграфіі радоў маюцца нават у падручніку аўтара Уладзіміра Чантурыі. Фатаграфіі ёсць, а радоў ужо няма…

 

Вольга СВІРЫДОВІЧ