Першы абласны літаратурны фестываль «Берасцейскае шматгалоссе» прайшоў на Жабінкаўшчыне

28.10.2022

Першы абласны літаратурны фестываль «Берасцейскае шматгалоссе» прайшоў на Жабінкаўшчыне. Арганізатарам падзеі выступіла Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.

 

Галоўнай тэмай літаратурнага форуму, прымеркаванага да Года гістарычнай памяці, стала захаванне гістарычнай праўды і ўвекавечанне памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

– Мы праводзім шмат цікавых мерапрыемстваў, імкнёмся быць бліжэй да чытачоў і ўзнімаць актуальныя для нашага грамадства тэмы. Таму з’явілася ідэя арганізаваць маштабны літаратурны фестываль. Пачаць вырашылі з Жабінкаўшчыны, бо гэта вельмі самабытны край, багаты на таленты. Гэта радзіма Алеся Каско, Васіля Гадулькі, Васіля Сахарчука, Расціслава і Анатоля Бензерукоў і іншых выдатных аўтараў, – адзначыла Таццяна Дземідовіч, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 

Літаратары Брэстчыны сабраліся ў Жабінцы 27 кастрычніка невыпадкова: менавіта ў гэты дзень у 1942 годзе нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі мірных жыхароў Жабінкі і навакольных вёсак. І праз 80 гадоў гэтая трагічная дата болем адгукаецца ў сэрцах людзей. Паэты і празаікі, дзіцячыя пісьменнікі з Брэста, Жабінкі, Кобрына, Іванава і іншых куточкаў вобласці наведалі памятныя мясціны Жабінкаўскага раёна. Яны ўсклалі кветкі ў мемарыяльным комплексе на месцы спаленай вёскі Драмлёва, дзе ў агні загінула больш за 180 жыхароў. У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ў вёсцы Малыя Сяхновічы ўдзельнікі фестывалю пазнаёміліся з экспазіцыяй аб генацыдзе беларускага народа. Завяршыўся маршрут на вуліцы Міру ў райцэнтры, дзе літаратары ўшанавалі памяць ахвяр фашыстаў і ўсклалі кветкі да помнікаў.

 

 

 

 

 

 

 

 

– Трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны нельга забываць. Калі наведваеш памятныя месцы, дакранаешся да гісторыі, адчуваеш узрушэнне, смутак і гонар за свой гераічны народ. Сёння прыемна было бачыць, з якой пашанай на Жабінкаўшчыне захоўваецца памяць. На мой погляд, гэтыя важныя думкі і пачуцці вельмі шчыра і прачула даносяць да чытачоў нашы пісьменнікі. Праз іх творы нібыта па-новаму адкрываеш малую радзіму. І я ўпэўнена, што сённяшнія ўражанні абавязкова адгукнуцца ў іх душах і выльюцца ў вершах і прозе, – упэўнена Лідзія Раманюк, старшыня праўлення Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонда міру.

 

Працягам фестывальнай праграмы сталі сустрэчы са школьнікамі. Пісьменнікі завіталі ў госці ў сярэднія школы №№1 і 3 райцэнтра, а таксама ў ліцэй г. Жабінкі, дзе распавядалі аб сваёй творчасці, чыталі ўласныя творы і адказвалі на пытанні юных чытачоў. У гарадскім Доме культуры ўдзельнікаў літаратурнага фэсту вітаў старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Вадзім Краўчук, які пажадаў пісьменнікам натхнення і новых творчых здабыткаў. Таксама ў межах фестывалю «Берасцейскае шматгалоссе» адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу «Слёзы сясцер Хатыні».

 

 

 

 

 

– Конкурс прысвечаны ўвекавечанню памяці спаленых вёсак, якіх напаткаў лёс Хатыні. У эмацыянальным плане гэта быў вельмі цяжкі конкурс як для членаў журы, так і для ўдзельнікаў. Таму што ўзнятая тэма – вельмі балючая і трагічная. Хачу адзначыць, што свае працы даслалі 100 аўтараў, прычым большасць з іх – настаўнікі. І гэта цудоўна, таму што яны наводзяць масткі памяці паміж пакаленнямі і з’яўляюцца праваднікамі гістарычнай праўды. Конкурсныя творы заклікаюць нас больш рабіць стваральнага, добрага, светлага, каб быць годнымі памяці загінулых землякоў, – расказала Таццяна Дземідовіч.

 

Дыпломамі пераможцаў конкурсу «Слёзы сясцер Хатыні» былі адзначаны шэсць аўтараў у дзвюх намінацыях. Сярод прафесійных літаратараў лепшымі прызнаны Мікалай Антаноўскі (г. Пружаны), Расціслаў Бензярук (г. Жабінка) і Надзея Парчук (г. Брэст). Сярод аўтараў-аматараў узнагароджаны Марыя Філіпава (г. Баранавічы), Ірына Саломка (г. Іванава) і Надзея Момлік (Кобрынскі раён).

 

Плануецца, што літаратурны фестываль «Берасцейскае шматгалоссе» стане традыцыйным і будзе праводзіцца ў розных рэгіёнах Брэстчыны.

 

Алёна САЦУТА

Фота аўтара