Главная - Новости - Главные новости - На Іванаўшчыне прайшоў фестываль «Фальклор без межаў»

На Іванаўшчыне прайшоў фестываль «Фальклор без межаў»

На Іванаўшчыне прайшоў фестываль «Фальклор без межаў»

Брэндавы фестываль «Фальклор без межаў» у дванаццаты раз прайшоў на Іванаўшчыне, дзе, як адзначыў старшыня Іванаўскага райвыканкама Анатолій Ткачук, спрадвеку шануецца самабытная культура беларусаў, жывуць таленавітыя, вынаходлівыя і гасцінныя людзі.

 

У раёне дзейнічае 28 калектываў самадзейнай творчасці, якія маюць званні «народны» і «узорны». Візітная картка раёна – заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці.

 

Свята доўжылася два дні: 20 і 21 чэрвеня. Пляцоўкі для паказу багатай народнай творчасці разгарнуліся ў парку «Перамога» ў Іванава і сельскі Дом культуры ў аграгарадку Тышкавічы. Народныя спевы і гульні, побытавыя танцы і траецкая варажба, дэфіле адзення і тэатралізаванае прадстаўленне прадэманстравалі фальклорна-этнаграфічныя калектывы Іванаўшчыны і госці свята – удзельнікі з Мінскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей.

 

 

 

 

Упершыню вядомы фальклорны форум прайшоў летам, а не зімою, як гэта адбывалася раней. Паколькі правядзенне фестывалю супала з праваслаўнай Троіцай, гэта абумовіла акцэнт калектываў на адметнасцях яе святкавання ў розных беларускіх рэгіёнах. Так, у межах праграмы «Траецкія карагоды на Іванаўскай зямлі» ўдзельнікамі былі паказаны ўнікальныя абрады. Усе дзеі адбываліся вакол сімвала свята, бярозы, якую ўбіралі прыгожымі стужачкамі (абрад «Завіванне бярозкі», народныя фальклорна-этнаграфічныя гурты «Жураўка», аг. Псышчава, «Панёвы», аг. Опаль). Падчас прэзентацыі абраду кумавання (аг. Рудск, народны ансамбль «Рудляначка») дзяўчаты абменьваліся траецкімі вяночкамі, якія віліся напярэдадні з розных галінак дрэў і зёлак – бярозы, клёну, мяты, барвінка, рамонка, васілька. Каля бярозы спяваліся траецкія песні, абавязкова вадзіліся карагоды ці таночкі.

 

 

 

Шэраг калектываў прадэманстравалі траецкі абрад «Куст», або «Ваджэнне Куста», які захаваўся да нашага часу на Палессі, у тым ліку ў вёсцы Застружжа Іванаўскага раёна. Там ён праводзіцца на другі дзень Сёмухі. Кустом выбіраецца мясцовая прыгажуня, пажадана з зялёнымі вачыма. Пасля службы ў царкве ёй з галінак бярозы, клёну, дубу робяць «зялёны» убор – сукенку і вяночак. Туды ж уплятаюць мяту і васількі. Пасля Куст разам з падарожнікамі ў залежнасці ад мясцовасці іх колькасць была абавязкова цотнай альбо няцотнай, ходзяць па вёсцы і спяваюць траецкія песні. У іх – зварот да Бога, каб ён падарыў сёлета добры ўраджай. Гаспадарам людзі гавараць: «Водым Кусту по сыловы, шоб всі люды булы здоровы». У некаторых вёсках Куста размяшчаюць на белым памосце, якім служыць вытканы ручнік. Пасля таго, як сустрэліся з усімі аднавяскоўцамі, вянок Куста кладуць да наступнага года за абраз, а «сукенку» людзі разбіраюць па галінцы. Пры гэтым прыгаворваюць, напрыклад, «быру голінку дубу, шоб ны болілы зубы» і інш.

 

 

Народны сямейны аўтэнтычны фальклорны калектыў Лук’яновічаў (Леснікоўскі сельскі Дом культуры) прэзентаваў абрад Зелянец. Раней ён бытаваў у некаторых населеных пунктах Драгічыншчыны і Бярозаўшчыны ў другі чацвер пасля Тройцы. Цяпер адзначаецца толькі ў вёсцы Леснікі Драгічынскага раёна. Хоць на календары амаль канец чэрвеня, згодна са звычаямі гэтай мясцовасці, толькі калі «прыйшов Зылынэц – высны конэц, літа начало…». На Зелянца таксама вілі вяночкі, якія асвячалі і вешалі на прыдарожныя крыжы ў вёсцы, адносілі на могілкі.

 

У праграме свята – дэфіле адзення з бабулінага куфэрка «Вяртанне да спадчыны». Незвычайныя касцюмы, выкананыя на сучасны лад з ільняных сурвэтак, вытканых ручнікоў, стварылі работнікі сельскіх Дамоў культуры Іванаўшчыны. Перамаглі ў гэтым конкурсе касцюмы, прадстаўленыя Сачыўкаўскім і Мотальскім СДК. Другое месца падзялілі ўборы з Псышчава і Рудска. Трэцяе – з Іванаўскага цэнтра культуры і народных традыцый і аграгарадка Адрыжын. Прыз глядацкіх сімпатый атрымалі мадэлі з Залядыння і Махро. Усе пераможцы былі ўзнагароджаны грашовымі сертыфікатамі.

 

 

 

Таксама каля летняга амфітэатра ў гарадскім парку адбыўся агляд-конкурс побытавых танцаў «Скакорыкі ў Янове». Дзеля таго, каб атрымаць грашовы прыз, парам неабходна было паказаць сваё танцавальнае майстэрства выконвалі падыспань, кракавяк, карапет (лысы), ночку, танец «На рэчаньку», польку з выкрунтасамі, вальс. Самым артыстычным быў прызнаны дуэт з Адрыжына. Удзельнікі з Моладава занялі 3-е месца, пара з Моталя – узнагароджана дыпломам II ступені. Сачыўкаўскія танцоры, па меркаванні журы, былі самымі лепшымі.

 

Усе прызы і дыпломы ўдзельнікам фестывалю прадставіў яго арганізатар – аддзел культуры Іванаўскага райвыканкама.

 

 

На працягу свята працавалі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гандлёвыя рады і шматлікія фотазоны. Трынаццаты «Фальклор без межаў», плануецца, пройдзе праз два гады – у юбілейным для беларускага Іванава 2023 годзе. Гораду споўніцца 600 год.

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара

Яндекс.Метрика