Мiнскiя прадпрымальнiкi купiлi палац Радзiвiлаў у Баранавiцкiм раёне

Шанец на аднаўленне атрымаў былы палац Радзівілаў у вёсцы Паланэчка Баранавіцкага раёна. Напрыканцы мінулага года сядзіба, якую з 2013 года некалькі разоў выстаўлялі на аўкцыён, атрымала новых уладальнікаў. Zarya.by вырашыла высветліць, што за змены ў перспектыве чакаюць палац, які да гэтага больш за два дзесяцігоддзі пуставаў і паволі руйнаваўся.

 

Вёска Паланэчка знаходзіцца ў 35 км ад Баранавічаў і ў 45 – ад Нясвіжа. Два стагоддзі таму гэта быў значны для рэгіёну культурна-асветніцкі і грамадскі цэнтр. Будаўніцтва палаца, які з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму канца XVIII – пачатку XIX стагоддзя, пачалося ў другой палове XVIII стагоддзя па загадзе Мацея Радзівіла – паэта, кампазітара і драматурга, аўтара вядомай оперы «Агатка, або Прыезд пана». У палацы размяшчаліся багатая бібліятэка, архівы, калекцыі карцін і манет, якія пазней былі вывезены гаспадарамі ў Польшчу. Калісьці ў сядзібе часта праводзілі балі, гаспадары гасцінна сустракалі знакамітых гасцей. Напрыклад, у 1777 годзе тут пабываў вядомы рускі пісьменнік Дзмітрый Фанвізін. Пра гэты візіт ён напісаў у сваім дзённіку: «29 жніўня прыехалі абедаць у мястэчка Паланэчка да Радзівілаў. Тут мы былі прынятыя вельмі добра ў доме самога гаспадара. Абед добры, на срэбры, і віна лепшыя”. Сын Мацея Канстанцін Радзівіл захапляўся зборам этнаграфічных звестак аб мясцовых жыхарах, іх побыце і культуры, і выдаў на аснове гэтых дадзеных дзве кнігі.

 

 

Палац будаваўся па прыкладзе італьянскай вілы Трывулзiна на возеры Кома. Пра тое, як выглядаў палацава-паркавы ансамбль у Паланэчцы ў гады свайго росквіту, можна меркаваць па малюнку вядомага мастака Напалеона Орды. На ім ёсць надпіс, зроблены рукой жывапісца «Паланэчка 18 ліпеня 1876 г. Князь Мікалай Радзівіл». На тэрыторыі сядзібы размяшчаліся дом з флігелем, капліца-пахавальня, аранжарэя, пейзажны парк з рэдкімі пародамі дрэў і прыгожымі вадаёмамі. Унікальным сярод іншых архітэктурных помнікаў Беларусі палац у Паланэчцы з’яўляецца з-за таго, што ў яго знешнім афармленні былі выкарыстаныя так званыя гермы – шэсць чатырохгранных калон, завершаных скульптурнай выявай галоў старажытнагрэчаскіх філосафаў. Пры будаўніцтве выкарыстоўвалі камяні мятровай шырыні, потым сцены абкладвалі чырвонай цэглай. Пагаворвалі, што ў гліну для крэпасці дадавалі курыныя яйкі.

 

Нашчадкі Радзівілаў жылі ў сядзібе да пачатку Другой сусветнай вайны. Падчас баявых дзеянняў палац моцна пацярпеў пры пажары. Пасля вайны будынак аднавілі і прыстасавалі пад школу. Аднак у 1990-я яе зачынілі – будынак патрабаваў капітальнага рамонту, і паступова разбураўся. З 2013 года яму спрабавалі знайсці гаспадара, які змог бы ўзяцца за аднаўленне палаца. У 2014-м палац Радзівілаў купіла прыватная кампанія, але не змагла знайсці інвестара для рэстаўрацыі. Таму помнік архітэктуры вярнуўся дзяржаве і быў зноў выстаўлены на таргі. У 2016 годзе аўкцыён аб’яўлялі чатыры разы, кожны раз зніжаючы кошт, у выніку чаго першапачатковы кошт аб’екта быў зніжаны на 80% і склаў 19,2 тысячы рублёў. У пачатку 2017 года з’явілася прыватнае прадпрыемства з намерам выкупіць палац для стварэння карціннай галерэі з пунктам грамадскага харчавання. Аднак намеры так і засталіся намерамі – пакуль аўкцыён прызначылі, патэнцыйны пакупнік перадумаў. Далейшыя спробы прадаць гісторыка-культурную каштоўнасць былi беспаспяховымi. І толькі ў снежні 2020 года палац Радзівілаў здабыў новых уладальнікаў, а разам з імі і шанец вярнуць былую веліч. За крыху больш чым 20 тысяч беларускіх рублёў аб’ект выкупіла на аўкцыёне сямейная пара прадпрымальнікаў з Мiнска.

 

 

 

Невялікую экскурсію па тэрыторыі сядзібы для Zarya.by правяла менеджар праекта па аднаўленні палаца Радзівілаў у Паланэчцы, гісторык і прафесійны экскурсавод Кацярына Казлова. Аб Радзівілах яна ведае практычна ўсё: некалькі гадоў працавала ў Нясвіжы, а сама родам з Паланэчкі, таму з дзяцінства знаёмая ёй сумная гісторыя галоўнай мясцовай славутасці. Зараз палац патанае ў снезе, які праз шчыліны ў забітых дошкамі вокнах трапляе і ў памяшканне. Безгаспадарныя гады, безумоўна, дрэнна адбіліся на стане палаца – ён знаходзіцца ў аварыйным стане. Дзіркі ў сценах, столі, на сценах – аблезлая фарба, якая засталася са школьных часоў, месцамі праз якую прагледжвае цэгла. На падлозе ў холе захаваліся рэшткі пліткі, па якой калісьці хадзілі прадстаўнікі шляхетнага роду. Мяркуючы па надпісах і малюнках на сценах, апошнія гады тут любіла бываць мясцовая і не толькі моладзь. На даху дзе-нідзе пачалі прарастаць маладыя дрэвы, што ў перспектыве пагражае яшчэ большым разбурэннем. Гэта, па словах Кацярыны, вельмі ўразіла новых уладальнікаў палаца, калі яны прымалі рашэнне аб куплі.

 

 

 

Кацярына вядзе сацыяльныя сеткі праекта і толькі ў Инстаграмм за месяц на старонку праекта падпісалася амаль 1800 чалавек. Многія з іх не толькі цікавяцца далейшым лёсам палаца, але гатовыя дапамагчы не толькі ідэямі, але і практычна, і нават фінансава. Для гэтага быў адкрыты дабрачынны рахунак, і ўжо сабралася група валанцёраў, якія жадаюць дапамагчы з уборкай на тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля, калі растане снег. Пакуль жа ідзе неабходная папяровая праца, у тым ліку – падпісанне і рэгістрацыя ў Міністэрстве культуры Беларусі ахоўнага абавязацельства на гісторыка-культурную каштоўнасць. Таксама ў Брэсце прайшла першая сустрэча рабочай групы для абмеркавання этапаў рэканструкцыі палаца з удзелам прадстаўнікоў «Брэстпраектрэстаўрацыя». Спецыялістам трэба будзе правесці будаўнічую экспертызу аб’екта, і першым этапам, які працягнецца гады два, будуць праектныя работы, пасля чаго ўжо пачнецца непасрэдна рэканструкцыя. «Цяпер збіраецца каманда валанцёраў і ініцыятыўная група, – распавядае мэнэджар праекта. – Адна з галоўных мэтаў – аднавіць і вярнуць палацу Радзівілаў былую славу і веліч, даць яму другое жыццё і зрабіць культурна-грамадскім цэнтрам краю, як гэта было каля 200 гадоў таму. Вельмі хочацца, каб вёска жыла, сустракала турыстаў, каб людзі ўжо цяпер маглі прыехаць і нешта паглядзець». Таму ў планах на лета – стварэнне на тэрыторыі сядзібы міні-музея пад адкрытым небам: макеты палацаў, якія належалi Радзівілам, будуць надрукаваныя на 3D прынтары. Таксама ёсць ідэя стварыць музычныя лавачкі.

 

Паланэчка і зараз выклікае цікавасць турыстаў. Яна знаходзіцца недалёка ад Мірскага і Нясвіжскага замкаў, ды і ў акрузе Паланэчкі ёсць што паглядзець. У 6 кіламетрах, у вёсцы Ішкалдзь знаходзіцца ўнікальны помнік каменнага дойлідства XV стагоддзя касцёл Святой Тройцы, па шляху на Баранавічы – Дом-музей Адама Міцкевіча «Завоссе». У самой Паланэчцы, акрамя палаца, можна паглядзець на рэшткі вадзянога млына 1819 года – адзін з найстарэйшых, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі, і Свята-Юр’еўскі касцёл – драўляны помнік архітэктуры ў неагатычным стылі. Ён быў пабудаваны ў 1899 годзе на месцы больш старой царквы і таксама з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. У гады ваеннага ліхалецця храм не пацярпеў, толькі пазбавіўся званоў: адзін з іх знік, другі быў расколаты і не мог выконваць свае функцыі. Некаторы час звон над Паланэчкай раздаваўся дзякуючы электронным званам. А восенню 2012 года нашчадак вядомага роду Мацей Радзівіл зрабіў касцёлу падарунак у выглядзе сапраўдных званоў.

 

 

Для Баранавіцкага раёна і ў цэлым Брэсцкай вобласці былы палац Радзівілаў вельмі важны тым, што можа стаць часткай турыстычнага кластара, упэўнены намеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама Дзяніс Гарноўскі. Геаграфічнае становішча палаца вельмі выгаднае, і калі тут з’явіцца не толькі музей, але і гасцініца, турысты змогуць прыязджаць сюды не на дзень, а на большы перыяд, таксама можна выкарыстоўваць палац для бізнес-форумаў, іншых мерапрыемстваў. Паланэчка размешчана паблізу асноўных беларускіх замкаў – Мірскага і Нясвіжскага, і адсюль бліжэй, чым з Мінска, наведваць славутасці, размешчаныя на поўдні краіны, – Косаўскі замак, Брэсцкую крэпасць, Белавежскую пушчу. Ды і ў Баранавіцкім рэгіёне ёсць што паглядзець. Да ліку цікавых для турыстаў месцаў дабавiлiся вядомы ўжо зоаландшафтны парк «Дыпрыз», а таксама турыстычны комплекс «Экабел «Каўбавічы», першую чаргу якога плануецца запусціць сёлетняй вясной.

 

За новым жыццём палаца Радзівілаў, якому, будзем спадзявацца, атрымаецца вярнуць былую веліч, можна сачыць на старонцы ў Інстаграмм @radziwill_palace_polonechka

 

Алена Юркевіч

Фота аўтара

Опубликовано: 08:13 - 24.02.2021г.
Поделиться новостью

Последние новости