Главная - Новости - Главные новости - Любоў Кісялевіч — урач-вірусолаг райветстанцыі ў Ганцавічах

Любоў Кісялевіч — урач-вірусолаг райветстанцыі ў Ганцавічах

Любоў Кісялевіч — урач-вірусолаг райветстанцыі ў Ганцавічах

Сёння яе біяграфію можна змясціць на палове старонкі ўборыстага тэксту, аднак ацаніць па вартасці тое, што робіць для сельскай гаспадаркі Ганцаўшчыны гэтая дзяўчынка, куды больш складана. Пра адказнасць і незвычайнасць работы сведчыць яе пасада: Любоў Кісялевіч працуе ў райветстанцыі ўрачом-вірусолагам. Нярэдка яе дзень пачынаецца з гумовых ботаў і чарговай паездкі на адну з ферм гаспадарак раёна. І тое, што засталі яе за рабочым сталом у кабінеце, чыстая выпадковасць.

 

Нарадзілася Люба ў вёсцы Вялікія Круговічы і рэдкае сваё імя атрымала ў гонар тамтэйшай акушэркі, якую парадзіхі вельмі паважалі. Не сказаць, каб кожная імкнулася ў дачушцы ўшанаваць імя вясковага медыка, але мама Любы Тамара Мікалаеўна была рамантыкам. Праспяваўшы ў душы мілагучнае «Люба-Любушка», вырашыла, што менавіта пад гэтым іменем яе дачушка з’явіцца на свет.

 

 

Тады старэйшая Кісялевіч, якая мела дыплом заатэхніка, хутчэй за ўсё, не задумвалася, што з часам перадасць у спадчыну сваёй Любушцы не толькі рамантычнасць і веру ў дабрыню, але і прафесію. Уласна кажучы, дзіўным гэта не было, бо пасля школы многія з юнакоў і дзяўчат выбіралі аграрны каледж у суседніх Ляхавічах. Люба Кісялевіч паследавала іх прыкладу. Дабірацца ў Ляхавічы было зручна, а магчымасць кожныя выхадныя, а то і пасля заняткаў у будні дзень пераступіць парог роднага дома вельмі вабіла.

 

– Не думайце, што рашэнне было неабдуманым, спантанным і вызначалася толькі пэўнымі прывілеямі, – тлумачыць свой крок дзяўчына, якую сёння ўсё часцей калегі паважліва называюць Любоўю Алегаўнай. – Вырасшы ў вёсцы, мы прывыклі да сельскіх турбот і клопатаў пра жывёлу, якой на кожным падворку было шмат. Ды і ветурач у сельскай мясцовасці заўсёды карыстаўся аўтарытэтам. Да таго ж, жывёла падвяргаецца розным хваробам і адчувае боль гэтак жа, як і чалавек, толькі сказаць нічога не можа. Такая акалічнасць робіць нашу работу яшчэ больш складанай і адказнай.

 

Пасля каледжа Любу Кісялевіч накіравалі на працу ў вёску Морач у Клецкім раёне. Аднак дзяўчына заявіла аб сваім намеры працягваць вучобу ў Віцебскай ордэна Знак пашаны дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і ў той жа год стала першакурсніцай названай ВНУ.

 

У жыцці далёка не ўсё бывае гладка. Здараецца, абставіны складваюцца так, што трэба прымаць кардынальнае рашэнне і на некаторы час адкладваць на будучае ажыццяўленне даўняй мары. Вось і нашай гераіні давялося перагледзець некаторыя жыццёвыя прыярытэты, але адмовіцца ад імкнення навучыцца лячыць братоў нашых меншых яна так і не здолела. Перавёўшыся на завочнае аддзяленне, Люба вярнулася на Ганцаўшчыну і стала лабаранткай у райветстанцыі. Работа яшчэ больш зацвердзіла ў перакананні, што жыццёвая сцяжына выбрана правільна.

 

Да гэтага часу сям’я Кісялевічаў перабралася ў райцэнтр. Паколькі была яна мнагадзетнай, то з дапамогай дзяржавы атрымала добраўпарадкаваную трохпакаёвую кватэру ў новым доме. Сёння разам з бацькамі засталіся ў ёй Люба і малодшая сястрычка Ангеліна. Старэйшы брат Дзмітрый таксама выбраў ветэрынарыю і працуе ў Іванаўскім раёне. Сястра Ганна закончыла медыцынскі каледж у Гродна ды так і засталася ў абласным цэнтры масажыстам. Раз’язны характар работы ў таты Алега Васільевіча. Таму дні, калі збіраюцца ў родных сценах усе разам, ператвараюцца ў сапраўднае свята. Усе астатнія – напоўнены работай.

 

З нязменнай удзячнасцю гаворыць Любоў Кісялевіч пра сваіх настаўнікаў, пад чыім пільным наглядам рабіла першыя крокі ў прафесіі. Перш за ўсё, гэта Ганна Пятроўна Рычаева, Мікалай Мікалаевіч Навумік, Святлана Аляксандраўна Кошман… Падтрымка і ўзаемавыручка пануюць у калектыве і сёння. Падчас паездак на фермы для таго, каб узяць аналізы крыві ў жывёлы, нярэдка патрэбна мужчынская сіла. Таму ўрачу-вірусолагу Любові Кісялевіч і лабарантцы Ліліі Васілевіч ахвотна дапамагаюць ветурачы-мужчыны.

 

–  Перыядычна праводзім даследаванні на лейкоз, – гаворыць Любоў Алегаўна. – Лічу вельмі значным той факт, што ўдалося ўтаймаваць гэтую каварную хваробу. Цяпер пільна сочым за тым, каб не было новых успышак. Пад асаблівым кантролем – першацёлкі. Адзін раз у тры гады абследуем статак на бруцэлёз. Гэта вельмі небяспечная хвароба, якая ад жывёлін можа перадавацца чалавеку. І вельмі добра, што выпадкаў яе не рэгіструецца ўвогуле. Што, аднак, не з’яўляецца прычынай для заспакаення ветэрынарнай службы.

 

З пераездам у райцэнтр страчаны сувязі з былымі аднакласнікамі з Вялікіх Круговічаў, пра што Любоў Кісялевіч вельмі шкадуе. Школьная бесклапотная пара ў чарговы раз прыгадалася напярэдадні вечароў сустрэчы з выпускнікамі. Так сталася, што пасля школы іх выпуск так і не сустрэўся, а даведацца, хто якіх вышынь дасягнуў, вельмі карціць.

 

Сама наша гераіня ахвотна расказала б школьным сябрам, што знайшла сваё прызванне на роднай Ганцаўшчыне, дзе ўжо сёмы год працуе на ніве ветэрынарыі. А нядаўна дзяўчыне пашчасціла браць удзел у абласным форуме маладых спецыялістаў «Аграпрамысловы комплекс Брэстчыны: будуем будучае разам».

 

– Вельмі памятным атрымалася мерапрыемства, – расказвае Любоў Кісялевіч. – І карысным. Сустрэча праходзіла на Кобрыншчыне. Асабіста мяне ўразіла выступленне старшыні Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Пачко, які так шчыра запрашаў маладых спецыялістаў у гаспадаркі раёна, даходліва расказваў пра ўмовы работы, абяцаў усемагчымае садзеянне і прэферэнцыі…

 

На пытанне, ці не нарадзілася ў сэрцы спакуса развітацца з Ганцаўшчынай, дзяўчына загадкава ўсміхнулася і пажартавала:

 

– Хіба калі замуж паклічуць…

 

Пакуль жа Любоў Кісялевіч штодня аддае свае веды і старанна працуе на карысць малой радзіме. Знаходзіць заспакаенне і адказы на многія пытанні ў кнігах і верыць, што мары абавязкова збываюцца. Трэба толькі абавязкова ў гэта верыць…

 

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Фота Алы ПЯТЛІЦКАЙ

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика