У Драгічынскім раёне зарэгістравана дзесяць аграэкасядзіб. Першыя з’явіліся ў 2011 годзе. Тады амаль адначасова запрацавалі тры аб’екты – «Буслянка», «Хутарок», «Салаўіны рай». Потым была пэўная паўза. Сем год таму турыстычная карта Драгічыншчыны папоўнілася сядзібай «Куфрынка», што знаходзіцца ў вёсцы Какорыца.
Вайб Какорыцы
Гаспадыня «Куфрынкі» абаяльная Людміла Недашкоўская нарадзілася ў вёсцы Бездзеж, вывучылася на рэжысёра-акцёра народных святаў. Здаецца, ёй было суджана займацца аграэкатурызмам. Аднак спачатку Людміле давялося папрацаваць у музеі «Бездзежскі фартушок». Яго супрацоўнікаў неяк запрасілі на сядзібу ў Кобрынскім раёне паўдзельнічаць у майстар-класе па прыгатаванні страваў традыцыйнай беларускай кухні.
– Туды везла рэцэпты мясцовых самабытных страваў з бульбы, адтуль вярнулася з ідэяй… папулярызаваць вясковы побыт, беларускія традыцыі і культуру, – расказала Людміла Яўгенаўна. – Прыехала і пачала шукаць, дзе арганізаваць бізнес? Хацелася, каб сядзіба знаходзілася не надта далёка ад дома, у межах Бездзежскага сельсавета.
Прычыны, каб займацца справай менавіта ў Какорыцы, пераважылі. Гэтая вёска мае шэраг адметнасцей: і геаграфічных, і этнаграфічных. Так, адлегласць з аднаго канца населенага пункта да другога складае салідны кіламетраж. З-за вялікай тэрыторыі і шматлюднасці ў сярэдзіне мінулага стагоддзя Какорыцу ахрысцілі беларускай Масквой. Яшчэ яна мела неафіцыйны статус рыбацкай сталіцы. Не займацца рыбалоўствам какаранам было б недаравальна: раней, калі ўзровень вады істотна падымаўся, тут выкарыстоўвалі выключна водны від транспарту, бо быў адзіны спосаб перамяшчэння – на лодцы, якую гаспадары выраблялі з дрэва і называлі «чайкай». Яна перавозіла людзей, грузы, часам служыла грашовым сродкам.
Выдатнымі ўмельцамі, якія выраблялі лодкі з дрэва, хутчэй за ўсё былі першыя гаспадары Какорыцы Протас і Зіновій. Іх спадчыннікі называлі сябе Пратасевічамі і Зіновічамі. Яны даўно аблюбавалі ўрочышчы Кутасы і Герады. Ёсць яшчэ Папічычы, Ясянёва. Цяпер гэта назвы какорыцкіх вуліц.
Дзень нараджэння
Захаваць памяць пра ўнікальную вёску, прыцягнуць увагу да яе краявідаў, выхоўваць патрыятызм на родным матэрыяле – такімі клопатамі жыве Людміла Недашкоўская, якая ў кастрычніку 2018 года аформіла неабходныя дакументы і зарэгістравала ў Какорыцы аграэкасядзібу «Куфрынка». Гэта, па сутнасці, другі дзень нараджэння драўлянай хаты на вуліцы Герады, 27.
– Агледзела некалькі дамоў, якія былі выстаўлены на продаж. Гэты захапіў сваёй аўрай адразу, як пераступіла парог, – патлумачыла суразмоўца. – Паралельна, калі абжывалася, знаёмілася з гісторыяй свайго набытку. Як аказалася, калісьці будынак знаходзіўся ў цэнтры вёскі, у ім была пачатковая польская школа. З часам хату перавезлі. Жыў тут дзед Антось – рыбак ого які! Пра гэта сведчылі розныя рыбацкія прыстасаванні – сеткі, плеценыя духі (кошыкі для лоўлі ўюноў). Іх знайшла ў хлеўчыках.
Спярша прадпрымальніца нават думала звязаць назву сядзібы з любімым заняткам былога гаспадара – «Хата рыбака», «У дзеда Антося», але ў пакоях жанчыну чакалі іншыя скарбы: даўняя мэбля, колішнія шпалеры, медалі, паштоўкі… Яшчэ тут застаўся куфар, куды вяскоўцы складвалі рукатворныя багацці – тканыя і вышываныя вырабы. У хаце, дзе прайшло маленства Людмілы, таксама такі быў. Там «жылі» вышываныя фартушкі, якімі славіцца Бездзеж, тканыя паясы, падузорнікі і іншыя самаробныя рэчы, якія рыхтавала яе бабуля, потым матуля, пасля і яна сама ў пасаг, без якога ні адна дзяўчына таго краю замуж не ішла. Успаміны пра гэта цешылі і грэлі душу ўмеліцы, якая разумела, што куфар даўно страціў сваё практычнае прызначэнне – выконваць ролю мэблі, затое набыў больш высокі «статус» – захавальніка спрадвечных беларускіх традыцый. Гэтак з’явілася назва «Куфрынка».
Сядзіба знаходзіцца на ўскрайку Какорыцы. Вакол – як жылыя, так і пустыя дамы. Непадалёку ёсць возера, таму пэўная частка турыстаў – аматары правесці вольны час за вудай. Аднак найперш тыя, хто наведваецца ў «Куфрынку», знаходзяць тут ідэальныя ўмовы, каб адпачыць ад гарадскога шуму, мітусні, пабыць у цішыні, атрымаць асалоду ад аўтэнтыкі.
Вясковы каларыт
– У хаце захавана атмасфера вясковага жыцця мінулага стагоддзя: тое ж размяшчэнне пакояў, столь з бэлькамі, печ і «лыжак» (месца на печы, каб грэцца), старыя папяровыя шпалеры, дзверы з клямкай, фіранкі на вокнах. Дома як была, так і засталася толькі адна разетка – у кухні. Мэблю па маёй просьбе распісала народны майстар з Антопаля Галіна Сцепанюк. З-за тэхнічных непаладак прыйшлося перарабіць грубку ў камін, – дадала гаспадыня. – Аднак людзям, хто прыязджае сюды, патрэбны аўтэнтыка і камфорт адначасова, таму ў жыллё хутка будзе праведзена вада. Мару яшчэ пабудаваць лазню.
Госці-госцейкі
Як правіла, гасцямі «Куфрынкі» бываюць сем’і з дзецьмі. Аднак не толькі такі кантынгент наведваецца сюды. У 2019 годзе на базе аграсядзіб Бездзежскага сельсавета праводзіўся пленэр мастакоў. На памяць аб мерапрыемстве майстры пэндзля пакінулі ў какорыцкай сядзібе некалькі карцін. Праз год сюды прыязджала здымачная група тэлеперадачы «Беларуская кухня». Людміла Недашкоўская запякала па старадаўнім рэцэпце гуся. Яшчэ ў «Куфрынцы» праходзіла сустрэча ўраджэнцаў і жыхароў Какорыцы. Пазней было арганізавана «Гарбузовае свята».
Увогуле, планаў, як зрабіць прывабнай для турыстаў сядзібу, – шмат. Гаспадыня спадзяецца, што хутка ўдасца рэалізаваць чарговы. Аднак яны падпарадкаваны галоўнай ідэі – запэўніць людзей, што перш чым захапляцца чужым, варта добра прыгледзецца да сваіх вытокаў, бо адкрыцці на радзіме – самыя трывалыя і надзейныя ўспаміны.
Наталля МЕЧНАЯ
Фота аўтара