Як у музеі «Бездзежскі фартушок» з галёпамі сустракалі вясну

12.04.2021

Супрацоўнікі музея народнай творчасці «Бездзежскі фартушок», што ў Драгічынскім раёне, умеюць здзіўляць сваіх наведвальнікаў. Вясну, якая ў свядомасці атаясамліваецца з цяплом і прылётам птушак, тут і цяпер сустракаюць так, як гэта здавён рабілі нашы продкі.

 

Запамінальна ў гэтай мясцовасці святкуюць Благавешчанне. На яго гатуюць галёпы – рытуальнае мучное печыва. Традыцыя вырабу галёп у Бездзежы, як заверылі месцічы, ніколі не перарывалася. 

 

Асабліва чакаюць беларусы прылёт з цёплых мясцін белых буслоў. Сімвал-птушку Радзімы ў розных яе куточках называюць таксама бацяном, буськом, а таксама буснем. На Благавешчанне, якое ў хрысціян па новым стылі адзначаецца 7 красавіка, у Бездзежы выпякаюць смачныя галёпы.

 

– Гэта такія невялікія булачкі ў выглядзе птушак. Цеста для галёп, як правіла, поснае, паколькі свята прыпадае на Вялікі пост. Дрожджы, вада, цукар – асноўныя яго інгрэдыенты. Абавязковымі кампанентамі з’яўляюцца пашана да традыцый продкаў, вера і добры настрой таго, хто займаецца прыгатаваннем стравы, – расказала супрацоўніца музея Людміла Янушчык.

 

 

 

 

 

 

 

За працэсам, калі з мучнога калабка атрымліваецца ядомая птушачка з дзюбкай, крылцамі і цікаўнымі цёмнымі вочкамі, можа паназіраць кожны, хто завітае ў музей. Галёпамі турыстаў у «Бездзежскім фартушку» частуюць незалежна ад узросту. Перш як паласавацца печывам з духмянай гарбатай супрацоўнікі і дзецям, і дарослым прапануюць пагукаць вясну. Дзеля гэтага чалавек кладзе птушачку-булачку на далонь, падымае ўверх руку і гучна тройчы прамаўляе: «Бусынь, бусынь, на тобі галёпу, дай мні жыта копу». Закліч выконваецца на бездзежскім дыялекце. У ім згадваецца капа – даўнейшая адзінка лічэння, якая абазначае шэсцьдзесят штук чаго-небудь. Як бачым, селянін, выконваючы вясенні абрад, спадзяваўся на тое, што гэта паўплывае на будучы ўраджай.

 

 

 

 

 

Разам з традыцыяй выпякаць галёпы ў музеі некалькі год існуе яшчэ адзін добры звычай – на маладое дрэўца вешаць самаробных птушачак, загадваючы пры гэтым свае патаемныя жаданні. Асабліва звычай палюбіўся маленькім наведвальнікам музея. За імі і тым, як забаўляльная праграма праходзіць на падворку «Бездзежскага фартушка», назірае сапраўдны бусел. Ён ужо некалькі год жыве тут. Паламанае крыло не дазволіла птушцы разам з суродзічамі паляцець у вырай. Аднак сваёй прысутнасцю Інакенцій, так завуць птушку, нібы даказвае тое, што ў Бездзежы заўжды рай. І сапраўды, тут шануюць тое, што дае народу ўпэўненасць у яго будучыні.  

 

 

 

 

 

 

 

Наталля МЕЧНАЯ

Фота аўтара