Як у Брэсце адсвяткавалi Мiжнародны дзень роднай мовы — фотарэпартаж

Традыцыйныя абрады і танцы, інсітная драўляная скульптура, унікальныя тэхналогіі ткацтва і ганчарства – выстава «Жывая спадчына Берасцейшчыны» ўпершыню прэзентавала нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці Брэсцкай вобласці.

 

Адбылася імпрэза ў межах абласнога свята «Жывыя вытокі», прымеркаванага да Міжнароднага дня роднай мовы. Пляцоўкай для знаёмства з элементамі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны нашага рэгіёна стала выставачная зала АГКЦ на вуліцы Савецкай у Брэсце.

 

– Задумка гэтай выставы ў нас была ўжо даўно. Так склалася, што людзі ведаюць матэрыяльныя гісторыка-культурныя помнікі свайго краю – палацы, цэрквы, касцёлы і г.д. А вось з нематэрыяльнай спадчынай яны знаёмыя ў меншай ступені. Мы падрыхватавалі інфармацыйныя банеры са звесткамі пра кожны з элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Берасцейшчыны, запрасілі носьбітаў традыцыйных рамёстваў і абрадаў для іх прэзентацыі, – распавяла загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко.

 

 

 

 

 

 

 

Выстава «Жывая спадчына Берасцейшчыны» знаёміць з 18 нематэрыяльнымі культурнымі скарбамі. Таксама арганізатары прадставілі рэгіянальныя культурныя каштоўнасці, дакументы на ўключэнне якіх у спіс элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі зараз рыхтуюцца. Сярод іх – драўляныя скульптуры народнага майстра Беларусі Івана Супрунчыка з в. Цераблічы Столінскага раёна, старадаўняя тэхналогія вырабу драўлянага бандарнага посуду Іванаўскага раёна. «Іх нельга абысці ўвагай – гэта ўнікальныя культурныя з’явы, вядомыя далёка за межамі Брэстчыны. Мы ўпэўнены, што ў хуткім часе яны таксама атрымаюць адпаведны статус», – пераканана Ларыса Быцко.

 

 

 

 

 

 

 

Знаёмства з самабытным светам народнай культуры імкнуліся зрабіць інтэрактыўным і пазнавальным: наведвальнікі выставы назіралі за вясельнай каравайнай традыцыяй з аграгарадка Моталь Іванаўскага раёна, вывучалі фігуры «Спораўскай полькі» (каларытны народны танец са Спорава Бярозаўскага раёна), частаваліся смачным маларыцкім грачаным хлебам.

 

 

 

 

 

Вядома, значнай часткай нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Брэсцкай вобласці з’яўляюцца разнастайныя абрады, якія суправаджалі каляндарныя і бытавыя святы нашых продкаў. Відэапрэзентацыі нагадалі гледачам, як праходзяць абрад ваджэння Кусты ў вёсцы Лобча Лунінецкага раёна, веснавыя карагоды Піншчыны, тройчае памінанне продкаў Ганцаўшчыны, карагод «Стрылка» ў в. Бездзеж Драгічынскага раёна, калядны карнавал «Конікі» ў Давыд-Гарадку на Століншчыне…

 

 

 

 

 

 

 

Выстава «Жывая спадчына Берасцейшчыны» сабрала толькі натуральныя «кампаненты» – дрэва, лён, гліна, саломка. У экспазіцыі прадставілі плён працы народных майстроў – шчэпавую птушку-абярэг з Бярозаўскага раёна, ганчарныя вырабы з Гарадной Столінскага раёна, падвойныя дываны з вёскі Падбела Камянецкага раёна, убор лелікаўскай свахі з Кобрынскага раёна і інш. Пасяліўся ў выставачнай прасторы і «драўляны народ» самабытнага разьбяра з вёскі Стойлы Пружанскага раёна Мікалая Тарасюка. Між іншым, на радзіме майстра дзейнічае створаны ім музей «Успаміны Бацькаўшчыны», дзе сабраны каля 100 ягоных работ – скульптурных кампазіцый на тэмы сялянскага жыцця.

 

 

 

 

 

Дакрануцца да народных традыцый, якія дайшлі да нас праз стагоддзі, дапамагалі госці з розных куткоў Берасцейшчыны. Кіраўнік Маларыцкага цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец мясцовую тэхніку ткацтва «кажушком» дэманструе на ўласнаручна вытканым касцюме. «На пачатку ХХ стагоддзя тэхніка ткацтва «кажушком» была страчана. Святочныя касцюмы, тканыя «кажушком», захаваліся, але жанчыны ўжо так не ткалі. Каб адрадзіць гэтую тэхналогію, мы звярталіся да старажылаў, шукалі звесткі ў бібліятэках, але ўсё марна. І толькі ў нашай вядомай ткачыхі Сцепаніды Сцепанюк атрымалася зрабіць гэта», – успамінае Валянціна Струнец. Жанчына пераканана, што нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці – гэта здабытак народа, яго карані, якія трэба захоўваць і прымнажаць. Гэта спадчына, што перадаецца з пакалення ў пакаленне як знак этнічнай самабытнасці беларусаў.

 

 

 

 

Алёна САЦУТА

Фота і відэа Марыны ЛЯШКЕВІЧ

 

Опубликовано: 08:57 - 22.02.2021г.
Поделиться новостью