Главная - Новости - Главные новости - Як прайшоў фестываль «Суквецце культур» у Маларыце

Як прайшоў фестываль «Суквецце культур» у Маларыце

Як прайшоў фестываль «Суквецце культур» у Маларыце

Першая субота снежня сабрала ў Маларыцкім ГДК шмат гасцей – удзельнікаў заключнага канцэрта абласнога тура XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур «Суквецце культур».

 

Маштабны форум, які накіраваны на захаванне і папулярызацыю нацыянальных традыцый, гісторыі, самабытнасці этнічных культур, праводзіцца раз у два гады і адметны тым, што становіцца пляцоўкай, дзе ззяе сапраўднае сузор’е талентаў тых людзей, для якіх Беларусь стала другой радзімай. Сёлета гэты фестываль мае асаблівы акцэнт – праводзіцца ён у Год народнага адзінства і з’яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем таго, што на зямлі Беларусі спакойна і мірна жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і, знаходзячыся побач з імі, мы павінны ведаць іх традыцыі і звычаі.

 

 

 

– Шосты раз мы прымаем гэты фестываль на маларыцкай зямлі. Праводзіць тут заключны канцэрт абласнога тура «Суквецця культур» стала традыцыяй, – адзначыў, адкрываючы мерапрыемства, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк.

 

У сваю чаргу старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык. Адзначыў, што ў гонар фестывалю «Суквецце культур» у цэнтры нашага горада з’явіўся прыгожы сквер, таксама фестываль падарыў гораду цудоўныя драўляныя скульптуры, якія адлюстроўваюць людзей розных нацыянальнасцяў.

 

 

На сцэне і ў зале ўжо з першых выступленняў адчувалася атмасфера свята. Маларыцкіх гледачоў запальвалі сваімі яркімі нумарамі прадстаўнікі нацыянальных дыяспар, якія пражываюць на тэрыторыі Брэстчыны. Выступленні гучалі на розных мовах: азербайджанскай, польскай, кітайскай, малдаўскай, туркменскай, украінскай і рускай. Нават без ведання мовы лёгка ўспрымаўся сэнс слоў песні ці верша. І гэта зноў жа пераконвала ў тым, што і радкі вершаў, і музыка пішуцца душой, таму творы, на якой бы мове яны ні гучалі, зразумелыя кожнаму.

 

 

Пранікнёна выконвала верш на польскай мове Дар’я Кузаўка з Брэста, кранальна гучала туркменская песня пад гітару ў выкананні студэнта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Сулеймана Хумедава, узрушыў залу сваім рускім танцам ансамбль «Каруначкі» з Жабінкі, заварожвала гледачоў выкананне а капэла ўкраінскай песні Надзеяй Самайлюк са Столінскага раёна, павесяліла гумарэска, якую прачытала Святлана Вадап’янава з горада Пінска. Дарэчы, украінскую культуру, цудоўна выканаўшы песню і выклікаўшы шквал апладысментаў, прадстаўляў і двойчы лаўрэат Рэспубліканскага фестывалю «Суквецце культур» вакальны ансамбль нашых землякоў «Акалада» пад кіраўніцтвам Алены Свішчовай.

 

 

Канцэрт увабраў у сябе яркія колеры нацыянальных культур і стаў, як адзначалі яго ўдзельнікі, менавіта той пляцоўкай, дзе можна прадэманстраваць свае магчымасці, а яшчэ яскрава адчуць, што мы жывем у краіне, якая беражэ не толькі сваю культуру, але і падтрымлівае традыцыі іншых народаў.

 

Асобнай старонкай фестывалю стала выстава майстроў народнай творчасці, дзе былі прадстаўлены вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва розных культур. Найбольш шырока як і ў канцэртнай праграме, так і на выставе былі прадстаўлены вырабы ўкраінскай і рускай культуры.

 

 

 

Што толькі ні прапаноўвалі гледачам удзельнікі выставы! Так, бондар з Іванава Андрэй Максімовіч запрашаў паглядзець, як зроблены біянкі і барыльца, кухлі і крынкі. Майстар па валянні з шэрсці Галіна Корзун з Пінска расказвала, як па старадаўніх рускіх традыцыях вырабляецца экаадзенне – валёнкі, шапкі, камізэлькі. А Кацярына Кіслюк з Івацэвіцкага раёна знаёміла з майстэрствам вырабу з шэрсці цацак, сувеніраў і аксесуараў. Цяжка было адарваць вочы ад чароўных пано з дрэва нашага земляка з Замшан Івана Карабейкі. Віртуозным майстэрствам вырабу выцінанкі дзялілася Наталля Смоліна з Ляхавіцкага раёна, керамічныя вырабы з гліны прывёз на выставу Генадзь Міранюк з Пружаншчыны. На выставе было шмат вышытых ручнікоў, элементаў нацыянальнага адзення. Усе яны заварожвалі сваімі ўзорамі і ўражвалі непаўторнасцю. Гасцям фестывалю цікава было пабываць у зале, дзе былі размешчаны вышыўкі, тканыя вырабы, вырабы з саломы маларыцкіх майстроў — раённага цэнтра народнай творчасці, Дарапеевіцкага Дома рамёстваў і Хаціслаўскага СДК.

 

Падарункам маларытчанам і ўдзельнікам абласного тура фестывалю «Суквецце культур» стала выступленне інструментальнага ансамбля «Рапсодыя» Брэсцкай абласной філармоніі.

 

Святлана МАКСІМУК

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика