Главная - Новости - Главные новости - Галасы палескай самабытнасці. Разважлівы бондар

Галасы палескай самабытнасці. Разважлівы бондар

Галасы палескай самабытнасці. Разважлівы бондар

Глінна, Рудск, Вартыцк, Сухое, Крывіца, Залядынне, Вілы… Безліч гаваркіх тапонімаў рассыпана на карце Іванаўшчыны. Прыпынкам для журналісцкага падарожжа была абрана вёска Глінна.

 

Цэбрык замест адынца

 

Выпраўляючыся ў гэты населены пункт, думала, што абавязкова пазнаёмлюся з майстрам, які раскрые сакрэты, як дамовіцца з глінай. Вядома, што вада і чалавечыя рукі ўздзейнічаюць на пароду, нібыта чарадзеі. У выніку маніпуляцый атрымліваецца розны гліняны посуд з адмысловымі назвамі: слой, адынец, мамзель, злівач.

Замест ганчара ў Глінна сустрэла… бондара. У яго хаце і майстэрні якія толькі драўляныя вырабы не знайшліся! Дзежка, цэбрык, бочкі і бочачкі, рэшата, бодня, санкі, клюкі, граблі, веялкі… Усё гэта раней актыўна выкарыстоўвалася ў побыце беларуса.

 

 

Настаўнік

 

– Неафіцыйнай сталіцай бандарства ў Іванаўскім раёне лічацца Рылавічы. У XVI стагоддзі рылавіцкія бондары выраблялі посуд нават для каралеўскага двара. Справа жыла ў гэтай мясцовасці да канца мінулага стагоддзя. Нягледзячы на гэта, менавіта глінянскі бондар Андрэй Іванавіч Чурыла ў 2000-м годзе, калі ў Іванаве адчынілася Школа бондарства, быў тым, хто дапамагаў адраджаць старадаўняе рамяство продкаў. Сёння ўстанова называецца Іванаўскай дзіцячай школай мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці, – адзначыла дырэктар Наталля Гацэвіч.

 

 

Захоўваецца там асабовая справа Андрэя Іванавіча, дзе пазначана: «Беларус. 23 мая 1941 года нараджэння. Закончыў пяць класаў школы». Сціплую характарыстыку дапоўніла асабістае знаёмства, якое адбылося ў роднай хаце Андрэя Чурылы.

 

Дзядзька Віктар і станок

 

– Даўно жыву сам. Сыны Іван, Мікалай, Васіль, Сцяпан, Аляксандр, Сяргей і дачка Таццяна маюць свае сем’і. Не толькі ўнукаў, але і праўнукаў дачакаўся. Сам жа быў сіратой – ні бацькі, ні дзядзькі. Бацьку забілі бандэраўцы. Адным словам, мужчынскай справе мяне не было каму вучыць. Жылі з маці, яе дзвюма сёстрамі, маім братам Анатолем разам у маленькай хаце, якая была крытая «кулыкамы» – саломай. Падлога ж была гліняная. У вёсцы жыў дзядзька Віктар. Ён ўсё умеў рабіць, але больш займаўся цяслярствам. Я заходзіў да яго калі-нікалі. Дапамагаў і разам з тым вучыўся. Нават маглі б парадніцца – я меў сур’ёзныя погляды на яго пляменніцу. Аднак не лёс, – расказаў 81-гадовы дзядуля.

 

 

Каханне Андрэя Чурылу чакала наперадзе. Аднойчы ён трапіў на «вычоркы», якія ладзіліся ў адной з хат на хутары Мошна. Павітаўшыся з усімі, ён злавіў на сабе позірк на некалькі год старэйшай дзяўчыны Веры. Яны разам хадзілі ў школу, безліч разоў сустракаліся.  Аднак у той вечар яе погляд меў ракавое ўздзеянне.

 

 

– Быццам токам прабіла ўсё цела. Праз нейкі час ажаніліся. Пачалі будаваць хату. Вокны, дзверы, некаторую мэблю рабіў сам, – успамінаў Андрэй Чурыла.

 

Спярша ён меў просты драўляны інструмент. З часам Андрэй Іванавіч пайшоў да дзядзькі Віктара і папрасіў гэблік. Калі ж майстар даведаўся, што Андрэй надумаў рабіць, адказаў: «Ого! Станок не кожны чалавек здолее зрабіць!». На тым і разышліся. А пасля высока ацаніў працу вучня.

 

Хата, майстэрня, хлеў

 

– Каб забяспечыць вялікую сям’ю, зарабляў грошы, працуючы спачатку будаўніком, пасля – трактарыстам у калгасе. Дома кім толькі ні быў: найперш бацькам і гаспадаром – аратаем, пастухом, будаўніком, бондарам, цесляром. У кухню, як падраслі дзеці, спатрэбілася доўгая лава. Вось і зрабіў яе. З разной спінкай. Бочачкі, дзежкі, цэбры, маслабойкі, сальніцы, лыжкі – што ні замовіць мая гаспадыня, усё вырабляў. А яшчэ прылады працы і рознае начынне: барану, граблі, клюкі. Нешта стаіць у хаце, іншае – у хляве, пэўныя рэчы захоўваю ў майстэрні. Былі ж і замовы, – расказвае Андэй Іванавіч.

 

 

На пытанне «Дзе знаходзілі сілы і час на розныя справы?» мудры дзядуля адказаў:

 

– Галоўнае – жаданне. Што ж датычыцца дрэваў, то да іх меў прыхільнасць з дзяцінства. Помню, пойдзем з маці ў грыбы. Яна глядзела долу, таму з цэлымі кошыкамі вярталася дадому. Мае ж вочы больш захапляліся соснамі і ялінамі, клёнамі і бярозамі.

 

З часам гэтая назіральнасць зрабіла добрую справу. Ніколі не чытаючы спецыяльную літаратуру, глінянскі бондар многа якой інфармацыяй валодае. Напрыклад, якая парода дрэў мае слабейшую ці мацнейшую драўніну. На практыцы веды выглядалі больш пераканаўча і запамінальна. Майстар вынес дзве дзежкі: дубовую і сасновую. Колер, клёпкі, донца – усё рознае. Вучыў адрозніваць, каб ніхто не падмануў, калі купляць нешта надумаю.

 

 

 

Андрэй Іванавіч паказаў і майстэрню. Часам ён заходзіць сюды, каб успомніць, як спраўна працаваў раней спустам, вугольнікам, шаблонам, нажоўкай, нацягачам, прабойнікам… Аднак паход у рабочы кабінет стварае блюзавы настрой. Майстар сумуе, што дзежкі, цэбры, маслабойкі – ужо амаль гісторыя.

 

– Хлопцы маюць здольнасці да бандарнай справы, але спецыяльна гэтым не займаюцца. Перакананы, мой досвед ім наўрад ці спатрэбіцца. Цяпер у іх іншае жыццё. Яно, дарэчы, самы цікавы і надзейны даведнік, – падсумаваў Андрэй Чурыла.

 

 

 

Ужо праводзячы да брамкі, ён расказаў, чаму родная вёска мае такую назву. Аказваецца, здабыча мясцовай гліны тут вялася раней. Спартыўнага целаскладу дзядуля спыніўся і ля вокан з аканіцамі па баках і карнізамі ўверсе:

 

– Мая работа. Працаваць з дрэвам – асалода, бо яно забірае стому і надае чалавеку разважлівасці.

 

 

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика