Главная - Новости - Главные новости - Галасы палескай самабытнасці: Другі дом Вольгі Кульбеда

Галасы палескай самабытнасці: Другі дом Вольгі Кульбеда

Галасы палескай самабытнасці: Другі дом Вольгі Кульбеда

Сёлетні Дзень работнікаў культуры для дырэктара Мотальскага музея народнай творчасці Вольгі Кульбеда – асаблівы. І ўсё таму, што нястомная праца і поспехі на прафесійнай ніве гэтага чалавека адзначаны высокай узнагародай – нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

 

Шлях да узнагароды пракладзены немалы – дваццаць шэсць гадоў апантанай дзейнасці ў сферы культуры. За доўгі час давялося зведаць «смак» розных пасад: хормайстра, загадчыка сельскага Дома культуры, дырэктара музея. Зразумела, што кожная адрознівалася колам прафесійных абавязкаў, асаблівасцямі арганізацыі дзейнасці. Аднак увесь гэты перыяд – больш чым два дзесяцігоддзі, гераіня шчыравала на мотальскай зямлі – сваёй малой радзіме.
– У Моталі нарадзіліся мае шматлікія продкі. Тут кожны куточак прасякнуты слаўнай гісторыяй землякоў, якія спрадвеку здзіўлялі гасцей добразычлівасцю, прадпрымальнасцю, асаблівым стрыжнем, – адзначыла Вольга Рыгораўна.

 

 

Важнай прыступкай, якая вызначыла кірунак прафесійных памкненняў Вольгі Кульбеда, стала Мотальская сярэдняя школа №1. Для жанчыны ўстанова асацыюецца з разумнымі настаўнікамі, цікавымі ўрокамі і, абавязкова, школьнымі вечарынамі. На іх мая суразмоўца выконвала ролю вядучай, якая ўмела трымаць увагу прысутных, быць «дырыжорам», які і вызначаў настрой таго ці іншага свята.

 

– Закончыўшы адзінаццаць класаў школы, хацела працягваць займацца любімай справай, таму і паступіла ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў імя Цёткі. Адтуль я ўжо выйшла дыпламаваным спецыялістам – арганізатарам культурна-забаўляльнай дзейнасці, рэжысёрам народных свят і абрадаў. Безумоўна, вучылішча загартавала мяне тэарэтычна. Настаўнікам, які падказваў на практыцы, калі працавала хормайстрам пры Мотальскім СДК, быў тагачасны яго дырэктар Валянцін Чугаеў. Увогуле, мне пашанцавала на добрых людзей, якія да таго ж былі прафесіяналамі сваёй справы. Такой з’яўлялася і Вольга Мацукевіч – першы дырэктар Мотальскага музея народнай творчасці. Гэта яна заклала надзейны падмурак нашай установы, адчыненай 13 жніўня 1995 года. Дзякуючы свайму таленту, мая папярэдніца задала высокую планку яго дзейнасці. Як вынік – у 2001 годзе музей атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта, – расказала Вольга Кульбеда.

 

 

Будучы школьніцай, яна наведвала гэты музей у якасці турыста. І ўжо тады, у юнацкім узросце, калі, як успамінае Вольга Рыгораўна (у дзявоцтве Міховіч), школьнікі былі не надта спешчаныя культурнымі падарожжамі, Мотальскі музей быў для яе сакральным месцам. Сабраныя ў ім экспанаты – пранік і кажух, грузіла і андарак, куфар і рала, іншыя рэчы – дзякуючы багатаму ўяўленню дзяўчыны нібыта ажывалі. Праз пэўны час, а менавіта 31 жніўня 2012 года, яна вернецца сюды, але ўжо ў іншай іпастасі – у якасці дырэктара, ад здольнасцяў і ўменняў якога, Вольга Кульбеда выдатна гэта ўсведамляла, залежыць будучыня ўстановы культуры.

 

– Па сутнасці – гэта быў выклік самой сабе. Прымаючы прапанову ўзначаліць музей, разумела, чым будзем займацца я і калегі. Зменаў у працы для мяне было многа, бо ранейшую канцэртную дзейнасць змяніла экскурсійная, клопаты музейных работнікаў палягаюць у плане пошуку, збору, папаўнення фонду экспанатаў, зладжвання навуковых экспедыцый, удасканалення працы музея ў адпаведнасці з выклікамі часу. Пра запатрабаванасць нашага музея сярод турыстаў сведчыць тое, што за дзевяць месяцаў бягучага года яго парог пераступіла больш за трынаццаць тысяч чалавек – рознага ўзросту людзі, з розных краін, з рознымі зацікаўленасцямі. Да іх увагі ў васьмі экскурсійных залах – больш за тысячу экспанатаў. Агульная ж колькасць музейных рарытэтаў – амаль 28 тысяч, – праінфармавала Вольга Рыгораўна.

 

 

Да слова, для тых, хто цікавіцца фальклорам, Мотальскі музей народнай творчасці прапануе абрадавую экскурсію «Жывы гук». Каб упэўніцца ў разнастайнасці страваў мотальскай кухні, ёсць нагода наведаць лекцыю-экскурсію «Народная кухня маталян». А можна падарыць сабе і свайму страўніку свята – прыехаць на фальклорны фэст «Мотальскія прысмакі». Калі жадаеце паўдзельнічаць у майстар-класах, замаўляйце ў якасці гіда бабулю Алену. Дзеткам яна раскажа і пакажа, як «кашуля ў полі расце», прачытае тутэйшыя казкі, зладзіць з дзецьмі мотальскія старадаўнія гульні – «Камінчыкі», «Чыжык». Можна замахнуцца на большае: «пабываць» на мотальскім вяселлі, каб даведацца аб мясцовай вясельнай каравайнай традыцыі, унесенай у 2016 годзе ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. Аматарам паспытаць «лёгкага хлеба» археолагаў варта зазірнуць у музей археалогіі «Нашы карані». Па дарозе ў Моталь наведайце «Дом траўніка» ці «Этнамір нацыянальных культур» – гэта філіялы Мотальскага музея. Стварэнне апошняга ішло пры непасрэдным удзеле Вольгі Рыгораўны.

 

 

 

Многа важных ініцыятыў, ноу-хау рэалізавана Вольгай Кульбеда дзеля справы развіцця культурнай галіны Іванаўшчыны. Праўда, гераіня палічыла за лепшае пра гэта карэктна змаўчаць. Аднак яна не забыла падзячыць калегам:

 

– Скажу шчыра: музей для мяне – другі дом, а мой любімы калектыў – як другая сям’я. Мне вельмі пашанцавала, бо я працую з таленавітымі, апантанымі сваёй справай, ідэйнымі і крэатыўнымі спецыялістамі. Дзякуй ім за цікавыя думкі, за стараннасць у плане зберажэння культурнай спадчыны. Ведаю, што і надалей мы застанёмся тымі, хто з пашанай і пяшчотай ставіцца да культурных набыткаў. Увогуле – з прафесійным святам усіх, хто адначасова, сэрцам і справай, звязаны з яе вялікасцю – Культурай!

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота аўтара

Яндекс.Метрика