Адкрыты рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва «Фальварак мінулага» ў трэці раз сабраў лепшыя калектывы, музыкантаў і майстроў, якія захоўваюць народную мудрасць і самабытнай культуры непаўторнага Палескага краю.
Фестываль праходзіў у вёсцы Мерчыцы Пінскага раёна, на пляцоўцы Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту «Спадчына Палесся». Там разгарнулася галоўная сцэна, а таксама выстава-продаж работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выстава-дэгустацыя нацыянальных страў «Смачнае ад бабулінай матулі». Можна было наведаць майстар-класы па традыцыйных рамёствах і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі.
Распачалося свята з яскравай дзеі – удзельнікі з песнямі, пад гучныя пералівы гармонікаў, прайшлі святочным шэсцем па вясковай вуліцы. Адзначым, што на фэст прыехалі не толькі вядомыя калектывы з Пінскага, але і госці з Ганцавіцкага, Лунінецкага і Ляхавіцкага раёнаў. Не менш захапляльным быў тэатралізаваны пралог свята, падчас якога гледачам паказалі элементы абрадавых дзеянняў палешукоў гадавога цыклу – ад Калядаў да Дажынак.
Стартавала насычаная праграма фальклорнага мерапрыемства з агляду-конкурсу народнай творчасці «Роднай зямлі шматгалоссе». Адкрывала конкурс намінацыя «Песенная творчасць». Свае мясцовыя песні, якія трапятліва перадаюцца з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца, праспявалі 15 калектываў! Шчодра дзяліліся сваёй творчасцю з гледачамі фальклорны калектыў «Кашаўляначкі» Кашавіцкага СДК, народныя аўтэнтычныя фальклорныя калектывы «Дабраславачка» Дабраслаўскага СДК, «Дударыхі» Валішчанскага СДК, «Чабатухі» Сташанскага СДФ і многія іншыя.
У намінацыі «Танцы» ўдзельнікі прадэманстравалі, як танцавалі нашы продкі «Каробачку», «Войру», «Каханачку», «Кракавяк», «На рэчаньку»…
А колькі ўнікальных выступленняў было ў намінацыі «Абрады»! Так, напрыклад, удзельнікі аматарскага аб’яднання «Жалейка» Ласіцкага ЦСДК паказалі абрад «Гуканне вясны». Велікодны абрад «Проводна нэдзіля», якія з’яўляецца адметнай культурнай традыцыяй вёскі Пінкавічы, паказаў калектыў «Крыніцы» Пінкавіцкага СДК. Абрадавыя дзеянні на свята «Юр’е» выканалі ўдзельнікі аматарскага калектыву «Церабяначкі» Бабрыкоўскага ЦСДК. З абрадам «Ваджэнне Куста» пазнаёмілі фальклорны калектыў «Каўняцінскія весялухі» Каўняцінскага СК, народны аўтэнтычны фальклорны калектыў «Багатуха» Каменскага СДК і народны фальклорны калектыў «Лабчанка» Лобчанскага СДК Лунінецкага раёна. Яшчэ былі прадстаўлены абрады «Зажынкі», «Малацьба», «Завіванне барады», «Дажынкі», «Вясельныя перапевы», «Убіранне каравая», «Агледзіны» і іншыя.
Невычарпальная крыніца народнай творчасці – інструментальная музыка. Шматлікасць яе праяў, багацце і разнастайнасць жанраў – так можна характарызаваць выступленні ўдзельнікаў у гэтай намінацыі.
Лепшыя з лепшых атрымалі дыпломы пераможцаў конкурсу, а таксама падарункі. Іх уручылі члены журы – начальнік аддзела культуры Пінскага райвыканкама Людміла Галавач і вядучы метадыст аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ганна Пракаповіч.
Са сцэны фестывалю не раз гучала, што адна з галоўных задач сёння – зберагчы, захаваць і перадаць маладому пакаленню тыя традыцыі, якія з даўніх часоў былі на Палессі, нашы песні, абрады, музыку, гульні. І рэгіянальны фестываль «Фальварак мінулага» якраз садзейнічае гэтай высокай мэце. Тут кожны жадаючы меў унікальную магчымасць адкрыць ці паглыбіцца ў самабытны свет Палесся.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ
Фота аўтара