Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны ў 1999 годзе па рашэнні Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і ўжо 25 год адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага.
Знаёмства з мовай – у дзіцячым садзе
У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы – руская і беларуская. На жаль, большасць жыхароў краіны, хоць і з’яўляюцца беларусамі па нацыянальнасці, у побыце і ў сям’і выкарыстоўваюць рускую мову. Таму для дзяцей, якія з дзяцінства чуюць у асноўным яе, вывучанне беларускай даецца не проста.
Прыгадала, як летась міністр адукацыі Андрэй Іванец агучыў такія лічбы: у краіне беларускамоўнымі з’яўляюцца 40 працэнтаў школ, аднак вучацца ў іх усяго каля 10 працэнтаў школьнікаў, бо ў асноўным гэта сельскія школы з невялікай колькасцю вучняў. І ў гарадскіх школах ёсць класы з беларускай мовай навучання, ствараюцца такія групы ў дзіцячых дашкольных установах, аднак іх няшмат. Права выбраць мову, на якой дзіця будзе праходзіць навучанне ў дзіцячым садзе і ў школе маюць бацькі, і часцей за ўсё, як ні сумна гэта прызнаваць, нашы суайчыннікі аддаюць перавагу рускай мове. Калі ў сям’і не размаўляюць на роднай мове, не чытаюць беларускія кнігі бацікоўскі выбар відавочны, бо напачатку навучання беларуская для дзіцяці – нібыта яшчэ адна замежная…
Таму вялікую ролю ў знаёмстве самых маленькіх беларусаў з роднай мовай, гісторыяй, традыцыямі і культурай Беларусі адыгрываюць установы дашкольнай адукацыі. Напрыклад, у дзіцячым садзе №5 г. Баранавічы напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы стала добрай традыцыяй праводзіць Тыдзень роднай мовы. Пра гэта расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Кацярына Стэфановіч. У мерапрыемствах прымаюць удзел выхаванцы сада, а таксама навучэнцы размешчаных на яго базе 1 «А» і 1 «В» класаў гімназіі N4 і 1 «А» СШ №18. Дзецi вывучылі вершы на беларускай мове – пра родную краіну, прыгожую прыроду Беларусі, і рыхтавалі для чытання гумарыстычныя творы. 21 лютага ў дзіцячым садзе пройдзе вялікае мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы. Дарэчы, вершы ў выкананні дзяцей можна пачуць у запісе на старонцы дзіцячага сада ў сацыяльнай сетцы Instagram.
Кацярына Анатольеўна тлумачыць: “Выхаванцаў, пачынаючы з самых маленькіх, знаёмім з меладычнай беларускай мовай і народнымі традыцыямі на працягу года, адзначаем у кожнай групе Калядкі і іншыя народныя святы. Традыцыйным стала і штогадовае мерапрыемства «Ліст пра Беларусь». Дзеці знаёмяцца з традыцыямі роднай краіны, гістарычным мінулым Беларусі, спяваюць песні, выконваюць нацыянальныя танцы, гуляюць у беларускія народныя гульні”.
А яшчэ ў кожнай групе дашкольнай установы створаны куткі патрыятычнага выхавання – гэта своеасаблівыя міні-музеі, у якіх сабраны нацыянальная сімволіка, лялькі ў нацыянальных касцюмах, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кнігі на беларускай мове, фотаздымкі і іншае. Усе гэта дапамагае з самага маленства дакрануцца кожнаму да беларускай нацыянальнай культуры, у тым ліку і моўнай.
Алена ЮРКЕВІЧ
Крыжаванка
Той школьны ўрок мне запомніўся назаўжды. Да нас, вучняў восьмага класа, настаўніца, якая выкладала беларускую мову і літаратуру, завітала на перапынку. Так было і раней, але выключна ў тых выпадках, калі пісалі кантрольны дыктант альбо пераказ. Яна праветрывала памяшканне, на дошцы пазначала неабходную інфармацыю: дату, апорныя словы і заданні. Таму нам падумалася, што на гэты раз педагог вырашыла праверыць нашыя веды без папярэджання. «Чаму такі форс-мажор? У чым наша правіна?» – падобныя пытанні, калі мы ішлі ў сталоўку, сталі тэмай для абмеркавання і разам з тым унутранага хвалявання.
Нарэшце празвінеў званок, які паклікаў на ўрок роднай мовы наш дружны клас. Нават аднакласнік-весялун, якому рэдка калі хапала часу, каб за перапынак паспець удосталь наесціся, а яшчэ нагаварыцца і спісаць геаметрыю, з якой ён не надта сябраваў, тады не спазніўся.
З першых хвілін усім стала зразумела: урок будзе адрознівацца ад папярэдніх. Найперш, увагу прыцягвала зялёная дошка, якая складалася з трох частак. Тая, што пасярэдзіне, была самая вялікая. Дзве іншыя, напалову меншыя, знаходзіліся з левага ды правага боку. Цэнтральная частка дошкі-буклету тады была амаль увесь урок, прысвечаны ўскладненаму сказу, закрытая. Таму мы працавалі толькі на згорнутых палавінках. «Гэтак жа непрактычна, бо мала месца для таго, каб запісваць сказы-прыклады», – некалькі разоў агучвалі асабістыя меркаванні, каб пераканаць настаўніцу ў мэтазгоднасці раскрыць дошку. Безумоўна, усё гэта рабілі, каб падгледзець таямніцу, якую яна для нас падрыхтавала. Настаўніца дарэчы, ніколі і нічога ў жыцці не рабіла проста так. У кожным слове, дзеянні, руху жанчыны быў схаваны маленькі ці вялікі сэнс. Так было і ў той раз. Ды тое, што ўрок, праведзены 21 лютага, стане знакавым для нас, тагачасных вучняў, зразумелі мы пасля.
Усё было нібыта як заўжды. Спачатку – праверка хатняга задання, потым – тлумачэнне і замацаванне новай тэмы. У канцы былі выстаўлены адзнакі, дадзена дамашняе заданне. Адно, што было незвычайным: настаўніца на працягу сарака хвілін была не такой эмацыянальнай, як звычайна.
Недзе за пяць хвілін да званка педагог падышла да дошкі і нарэшце яе раскрыла. І на той, большай частцы, па цэнтры каліграфічным почыркам быў напісаны сказ на незразумелай нам мове: «Non verbis, sed actis». У нашай школе акрамя дзяржаўных – беларускай і рускай моў – выкладаліся дзве замежныя – англійская і нямецкая. Адпаведна тых, хто вучыў англійскую мову, звалі «англічанамі», нямецкую – «немцамі». І вось нашы «англічане» пачалі позіркам шукаць «немцаў», каб яны пераклалі загадкавы сказ. Аднак тыя толькі паціснулі плячыма. Настаўніца сказала: Нон вэрбіс, сэд акціс. У перакладзе значыць: не на словах, а на справе».
На частцы дошкі, што леваруч, па цэнтры красавалася міні-крыжаванка: па гарызанталі змяшчаліся шэсць вялікіх пустых клетак. З трэцяй клеткі пачыналася слова па вертыкалі, якое складалася з васьмі літар.
Быў лес рук. Аднак у той дзень настаўніца выклікала першага і апошняга вучня па спісе ў журнале. Дэбютнае заданне гучала наступным чынам: пастаўце і запішыце дзяслоў «любіць» у другой асобе множнага ліку загаднага ладу. «Любіце» – вялікімі літарамі напісаў задаволены лёгкасцю задання Аляксандр, якога настаўніца часта звала Алесем. Каб адгадаць другое слова, трэба было выканаць такое ж заданне з дзеясловам «берагчы». «Беражыце» – запоўніла клеткі Яна. Вучні селі за парты. Дачакаўшыся абсалютнай цішыні, настаўніца звярнулася да ўсяго класа. «Мовы, як і людзі, жывуць і паміраюць. Жылі некалі старажытныя рымляне, якія карысталіся лацінскай мовай», – свой позірк яна скіравала на выказванне на латыні. Вытрымаўшы паўзу, пераключылася на двуслоўную крыжаванку і працягнула: «21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца дзень роднай мовы. Якім будзе статус беларускай мовы праз дваццаць, семдзесят, сто год, залежыць ад кожнага з нас».
Праз некалькі секунд, якія здаліся нам вечнасцю, настаўніца гучна прамовіла: «З першага і да апошняга кроку любіце і беражыце сваю родную мову. Рабіце гэта не на словах, а на справе».
Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Праз прызму ўласных пачуццяў
Ці ведаеце, пра што мне, журналісту з немалым вопытам, цяжэй за ўсё пісаць? Як ні дзіўна – пра блізкіх людзей, пра дарагія сэрцу падзеі і рэчы. Вось і зараз перада мной – белы аркуш, які палохае сваёй чысцінёй, нячутна патрабуючы: будзь акуратнай, кранаючы самыя далікатныя грані пачуццяў. Я пастараюся, бо паразважаць маю намер пра нашу родную мову.
Магчыма, дарэчы было б успомніць трапныя выказванні вядомых людзей – паэтаў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў, ужываючы ў дачыненні да нашай беларускай мовы такое звычайнае і вельмі справядлівае вызначэнне – матчына. Яно быццам падкрэслівае асаблівае роднаснае яднанне з ёю кожнага чалавека. У ідэале так і павінна быць.
Менавіта на гэта скіраваны намаганні настаўнікаў беларускай мовы ў школах. Пра гэта дбаюць многія работнікі ўстаноў культуры. Аб гэтым марыла і я, калі, на працягу амаль 20 год узначальваючы газету “Лунінецкія навіны”, свядома аддавала перавагу беларускамоўным публікацыям.
Час няспынны. Мяняюцца абставіны. Зразумела, іншым становіцца і стаўленне да, задавалася б, непахісных пастулатаў грамадскага жыцця. Некалі выкладанне ўсіх прадметаў у нашай вясковай школе вялося на беларускай мове. І нам, падлеткам, якія ў абіходзе размаўлялі на мясцовым дыялекце (дарэчы, вельмі далёкім ад літаратурнай беларускай мовы), не ўяўлялася, што магло быць інакш. У гэтым сэнсе мне было крышку прасцей, бо на беларускай мове размаўляла мама, якая па размеркаванні шмат год таму настаўніцай прыехала на Брэстчыну.
Калі ж школьнай сцяжынай ішлі мае дзве дачушкі, то, згодна з рэспубліканскімі метадычнымі рэкамендацыямі, за партай шесць гадзін у тыдзень яны вывучалі замежную мову і толькі дзве – родную. Мабыць, яшчэ і па гэтай прычыне ўбачыла на твары аднаго з выпадковых суразмоўцаў шчырае недаўменне, калі ў адказ на пытанне, якой замежнай мове аддаюць перавагу мае дзеці, ён пачуў: “Я вельмі хачу, каб яны, перш за ўсё, дасканала ведалі родную мову”.
Сёння, калі прайшло шмат год, я задаю сабе пытанне: ці атрымалася? І шчыра прызнаюся: не зусім. Радуюся, калі ў сацыяльным сеціве заўважаю малодшую (яе прафесія далёкая ад філалогіі), якая вельмі прачула чытае вядомыя радкі “Трэба дома бываць часцей…”, становіцца пераможцай конкурсу. І засмучаюся, як старэйшая свае спробы пяра выдае на рускай мове, старанна перакладаючы потым не такі і мудрагелісты тэкст на беларускую.
Мне заўсёды грэе душу, як да роднага чалавека звяртаецца мой зяць: “Матуля…”. І становіцца вельмі горка, калі пасля заканчэння высокадухоўнага мерапрыемства яго арганізатар, які ведае сябе прыхільнікам роднай мовы, у вузкім коле гасцей з палёгкай кажа: “Ну вот, наконец-то можно перейти на человеческий язык”.
Супакойваю сябе, што гэта – жыццё. Урэшце, у нас і сапраўды дзве дзяржаўныя мовы, і чалавек вольны выбіраць, якой аддаваць перавагу. І той факт, што наша родная мова спакваля становіцца нечым нязвычна экзатычным, – заканамерны вынік нашага да яе стаўлення. Інакш чаму мая сястра, якая шмат год жыве ў далёкім замежжы, усё часцей вінавата просіць: “Давай пагаворым па-беларуску”. І я, пасмейваючыся з яе пакутаў у пошуку беларускіх слоў, разумею, што мова – субстанцыя жывая. Яна не церпіць абыякавых да сябе адносін, штодня патрабуючы сілкавання ў выглядзе самых, здавалася б, звычных рэчаў – вітання па-беларуску, пажадання добрага дня ці ночы.
Вось і мая сённяшняя раніца пачалася са светлага і шчырага пажадання: “Добрага здароўечка!”. Менавіта так вітаецца мая даўняя сяброўка. Стала хораша на душы. І я, быццам эстафету, перадаю вам гэтае шчырае, вельмі патрэбнае ў наш неспакойны час, па-сапраўднаму беларускае вітанне: “Добрага здароўечка, людзі!”.
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ
Оставить комментарий