Галава шуміць, страўнік вурчыць, сэрца трымціць – знаёмая сітуацыя? Распытваеш людзей, дзе б знайсці цуда-доктара, які перш-наперш паставіў правільны дыягназ, а пасля хутка, танна і адным махам дапамог. Не спяшайцеся шукаць спецыяліста вышэйшай катэгорыі. Завітайце спачатку ў «Дом траўніка», што ў вёсцы Стрэльна Іванаўскага раёна. Там вам падкажуць, як заставацца здаровым і бадзёрым на ўсе жыццёвыя выпадкі.
Каштоўны альбом
Афіцыйна музей народнай медыцыны ўзнік у 1991 годзе, пры ім існавала аматарскае аб’яднанне «Чабарок», заняткі ў якім арганізавала былы дырэктар Стрэльненскай школы, а паралельна філолаг Марыя Ламаносава. Дзеці разам з настаўніцай збіралі залацінкі народнай мудрасці – казкі, паданні, прымхі і забабоны, рэцэпты народных страў, запісвалі, як у мясцовасці адзначаліся святы, назвы зёлак. Веды пра розныя расліны яны адточвалі на вучэбна-вопытным участку, які знаходзіўся паблізу школы. Прафесійную дапамогу на ім аказвала на той час школьны біёлаг Галіна Вайцяшчук. Разам вялі альбом. Яго так і назвалі «Народная медыцына». Каштоўны папяровы экспанат захаваўся. Першым кіраўніком музея на працягу пятнаццаці гадоў з’яўлялася Марыя Васільеўна Ламаносава.
Да 2013 года ён меў самастойны статус і назву «Бабуліны вышкі», якая была абумоўлена яго размяшчэннем на другім паверсе будынка сельскага Дома культуры. Галоўныя экспанаты – зёлкі. Каб пабачыць акуратна падвешаныя да столі венічкі малінніку, мацярдушкі (душицы), мяты, чарнічніку, верасу, ліпы, чабору, рамонку, васілька, трэба падняцца на васямнаццаць прыступачак.
– Так рабілі нашы бабулі – сушылі фітаматэрыял у памяшканні, якое добра праветрывалася і дзе адсутнічалі прамыя сонечныя промні. Усяго ў нашай экспазіцыі каля 120 відаў раслін. Дзякуючы прыродным «артэфактам» у любую пару года тут пануе незабыўны водар, – удакладніла загадчыца філіяла Галіна Вайцяшчук.
З часам адбылася рэарганізацыя, у выніку якой уся пабудова была адведзена пад музей народнай медыцыны. Пасля ён атрымаў назву «Дом траўніка». З 2013-га і да сённяшняй пары экскурсіі тут праводзіць Галіна Вайцяшчук. На ніжнім паверсе з часам з’явіўся шыкоўны фітабар, дзе наведвальнікаў частуюць духмянымі напоямі, праводзяць іх дэгустацыі.
– Цяпер гэта філіял традыцыйнай культуры Мотальскага музея народнай творчасці. Сюды едуць турысты з усяго свету, каб пазнаёміцца з бабулінымі рэцэптамі даўгалецця – ЗША, Ізраіль, Англія, Кітай, Літва, Латвія, Нарвегія, Германія, Польшча, Швецыя, Фінляндыя, Францыя, Ісландыя, Індыя, Казахстан. Госці з гэтых і іншых краін пабывалі ў нашым музеі. Сувязь трымаем з супрацоўнікамі навуковых устаноў, беларускімі ўрачамі і фармацэўтамі. Самыя частыя нашыя наведвальнікі – школьнікі, студэнты, маладыя спецыялісты, – расказала Галіна Вайцяшчук.
Урокі жыцця
Як толькі яна пачала настаўнічаць у Стрэльненскай школе, на ўроках з захапленнем расказвала вучням пра доўгажыхароў-японцаў. Веды, якія падчас вучобы ва ўніверсітэце спасцігала праз кнігі, дапоўніліся жыццёвай практыкай, назіраннямі, рэальнымі выпадкамі мудрага выкарыстання продкамі народнай медыцыны.
– З дзяцінства помню такі выпадак: захварэла адна дзяўчына з суседняй вёскі на туберкулёз. Марнела з кожным днём. Безумоўна, яе бацькі звярталіся па дапамогу да ўрачоў. Паралельна лекавалі дзіця народнымі сродкамі: праполісам, альясам (алое) з мёдам, хваёвымі шышкамі і багуном (багульнікам). А яшчэ давалі барановы тлушч і казінае малако. Так і выратавалі дзіця. Жыве, дзякуй Бог, да гэтай пары! Ужо восьмы дзясятак, калі не памыляюся, пайшоў бабулі, – дадала гід.
З тым, каб даведацца аб вялікім патэнцыяле расліннага і жывёльнага свету, Галіна Іванаўна стала біёлагам. Хаця доўгі час марыла аб агранаміі. Дапамаглі ў выбары прафесіі бацькі, родныя, якія заўжды больш давяралі не аптэчным лекам, а торбачкам з засушанымі зёлкамі. Праўда, трэба памятаць, што сваю справу яны робяць паступова, пры доўгім і правільным ужыванні. А яшчэ нашы мудрыя продкі давяралі сіле Слова – шапталі замовы ад крыксаў, ляку, сурокаў, удару.
– Помню, малымі бавіліся шыпшынай ці лопухавымі калючкамі – іх закідвалі за каўнер. Баба Тадося сварыла нас. Цяпер разумею чаму. Шыпшына – гэта ж крыніца полівітамінаў. Шыпшынавыя адвары ўмацоўваюць імунітэт, паляпшаюць памяць. Лопух, напрыклад, – найлепшы сябар валасоў, сродак ад перхаці, яшчэ лечыць рэўматычныя хваробы, – дапоўніла суразмоўца.
Здароўе пад нагамі
Сваіх наведвальнікаў Галіна Іванаўна часта сустракае ля веснічак. Тады экскурсія пачынаецца тут. Паабапал сцяжынкі – не столькі для прыгажосці, колькі для здароўя – растуць расліны. Галіна Іванаўна спыняецца на некалькі секунд ля кожнага «героя». І трэба не спаць у шапку, а паспець запісаць, што духмяны шалфей ратуе ад прастуды. Калі баліць зуб, трэба пажаваць яго свежы лісточак. Акрамя таго, узвар з шалфею паляпшае крывазварот у галаўным мазгу.
Корань валяр’яну лечыць сардэчныя захворванні, падбел (мать и мачеха) з лёгкасцю спраўляецца з астмай і бранхітам, настой з васільком і рамонкам павінен дапамагчы скуры, якая спяклася на сонцы, амарант – для печані і імуннай сістэмы, зуброўка паляпшае апетыт, пастарнак неабходны для сэрца.
Невялічкі прыпынак робіцца ля рабіны і вольхі. Ягады рабіны дапамагаюць змагацца з авітамінозам. Маленькія альховыя шышачкі нарыхтоўваюцца яшчэ ў лютым-сакавіку. Пасля да іх трэба далучыць кветкі акацыі і белага бэзу, шабельніку, жывакосту – вось і гатовы настой, якім націраюць суставы.
Квэст для профі
Сямнаццаць год Галіна Іванаўна апантана расказвае турыстам пра дзівосныя якасці раслін, пра тое, як і калі правільна іх нарыхтоўваць. Мы папрасілі яе прайсці невялічкі квэст – з заплюшчанымі вачыма пазнаць па паху засушаныя расліны. І што вы думаеце – ні адзінай памылачкі. Вось дык экскурсавод!
«Стаў здаравейшым»
Многа добрых слоў пачула у свой адрас Галіна Іванаўна. Шмат цёплых водгукаў пакінулі турысты. Былі сярод наведвальнікаў вельмі важныя айчынныя і замежныя людзі – кіраўнікі беларускага Урада, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, прэм’ер-міністр Польшчы, рэктар Санкт-Пецярбургскага хіміка-фармацэўтычнага ўніверсітэта. Нехта з тых, хто пакідаў запісы, прызнаваўся, што такі рэдкі і адначасова цікавы музей бачыць упершыню ў жыцці. Хтосьці не ўтойваў, што за экскурсію тут адразу адчуў сябе здаравейшым. Былі і такія, хто палічыў за неабходнае адзначыць, што на энтузіястах, якімі выступілі стваральнікі музея, а гэта раённая і мясцовая ўлады, і сённяшнія прадаўжальнікі важнай справы, трымаецца зямля. Праўду кажуць усе, а значыць унікальнаму турыстычнаму аб’екту наканавана доўгае жыццё.
Наталля КРЫВЕЦКАЯ Фота аўтара