Брэст прымае ўдзельнікаў ІХ адкрытага фальклорнага фестывалю “Радавод”

20.09.2025

19–20 верасня ў Брэсце праходзіць ІХ адкрыты фальклорны фестываль “Радавод”. На два дні ў горад над Бугам прыехалі аднадумцы з усёй Брэсцкай вобласці, якія цікавяцца беларускай самабытнай культурай і імкнуцца захоўваць яе.

Фестываль “Радавод” праводзіцца з 2004 года адзін раз на тры гады ў розных населеных пунктаў першага рэгіёна. Яго арганізатарамі выступаюць аддзел па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны цэнтр маладзёжнай творчасці. У Брэсце для правядзення фэсту абраны дзве пляцоўкі – тэатр эстрады ў парку культуры і адпачынку і мастацкі музей. У музеі правялі навукова-практычную канферэнцыю па выніках конкурсу дзіцячых навукова-даследчых работ «Фальклорная спадчына» и конкурсу видэакліпаў «Берасцейская талакуха». Парк стаў творчай лакацыяй. У першы дзень тут выступілі ўдзельнікі абласнога конкурсу юных майстроў і конкурсу выканаўцаў традыцыйных побытавых танцаў.

– Я са Століна, займаюся народнымі танцамі ў школьным гурту амаль год. Мне пашчасціла прымаць удзел у сённяшнім фальклорным свяце, – расказаў перад выхадам на сцэну Давід Шэлест. – Мне падабаецца танец “Мікіта”, у конкурснай праграме з асаблівым задавальненнем буду яго танцаваць. Ён вельмі рухомы.

У той час, як адны танцавалі “Лявоніху”, “Лысага карапета”, “Базар” і выконвалі другія харэаграфічныя кампазіцыі, іншыя ўдзельнікі фальклорнага свята размясціліся ў зале тэатра эстрады і плялі з саломы, рабілі ляльку-абярэг з льновалакна, ляльку-маторку і яшчэ шмат прыгожых рэчаў. Алена Краўчук і яе вучні прадстаўляюць цэнтр дадатковай адукацыі города Высокае Камянецкага раёна. У “Радаводзе” паспяхова ўдзельнічалі раней. У гэтым годзе першы раз выступаюць з танцам у пары.

– Мы павінны перадаць дзецям тое, што захавалі нашы бабулі, пазнаёміць іх з дыялектам, традыцыямі і культурай нашых продкаў, – упэўнена Алена Мікалаеўна. – На жаль, у сучаснай моладзі дрэнна развіта музычнасць і з ёй стала больш складана працаваць. Між тым, фальклорны танец лёгкі, яго можа выканаць кожны.

Члены журы фестывалю ўпэўнены, што “Радавод” з’яўляецца падмуркам для пазнання культуры сваёй радзімы.

– Вельмі важна, што на Брэстчыне ёсць падтрымка дзіцячых і моладзевых аб’яднанняў, якія працуюць у галіне фальклору, прыкладнога мастацтва, традыцыйнай культуры Брэстчыны, бо выхаванне маладых людзей павінна быць якасным і ўсебаковым. Што як не родная мова, традыцыйнае мастацтва ўносіць значны ўклад у гэты працэс, – сказала метадыст Нацыяльнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Крыўко.

Фестывальная праграма, акрамя конкурсаў, уключае святочнае шэсце і выставы. Яна завяршыцца гала-канцэртам, на якім даведаемся імёны пераможцаў.

 

Юлія ВОЎК
Фота аўтара