Пад такой назвай у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адкрылася фотавыстава з фондаў Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея славутага беларускага этнографа Ісака Сербава (1871 –1943). Выстава знаёміць наведвальнікаў з каштоўнымі візуальнымі дакументамі па беларускай этнаграфіі, гісторыі і культуры, арыгіналы якіх захоўваюцца ў бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта.
Ісак Сербаў быў ураджэнцам Магілёўскай губерніі і звязаў свой лёс з беларускай культурай. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю, затым – прэстыжны Маскоўскі археалагічны інстытут. Настаўнічаць пачаў у Мінску, дзе і захапіўся вывучэннем Беларусі.
Наладжваючы палескую экспедыцыю, Імператарскае Рускае геаграфічнае таварыства паставіла перад Сербавым задачу сабраць матэрыялы пра насельніцтва рэгіёна, народныя касцюмы, звычаі і фальклор. Даследчык быў узброены новым па тым часе тэхнічным сродкам – фота¬апаратам «Кодак». Адной з галоўных мэтаў экспедыцый была фотафіксацыя ўсяго таго, што ў пачатку ХХ стагоддзя хутка змянялася і адыходзіла ў нябыт: адзення, побыту, жылля, звычаяў беларусаў…
Геаграфія здымкаў ахоплівае значную тэрыторыю сучаснай Мінскай, Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей Беларусі. Даследчык здымаў сялян, рамеснікаў, жанчын у традыцыйных строях, дзяцей, драўляныя цэрквы, могілкі, забудову вёсак і хутароў, краявіды. Акрамя фотаздымкаў, ён рабіў запісы казак, загадак, паданняў, песень, занатоўваў народныя мелодыі. Ісак Сербаў фатаграфаваў у 73 населеных пунктах. Дакладна невядома, колькі здымкаў было зроблена ім за экспедыцыйныя гады: даследчыкі мяркуюць, што ад 2 да 5 тысяч.
На фотаздымках Ісака Сербава відаць вясковыя вуліцы, двары сялян з сельскагаспадарчымі прыладамі працы, гумны, хлявы, па-мастацку аформленыя стагі, ветракі, драўляныя цэрквы, могілкі з высокімі палескімі крыжамі. Этнограф зафіксаваў разнастайныя моманты сялянскага побыту: жанчыны жнуць жыта, рвуць каноплі, дзяруць лён, прадуць на калаўроце, абіраюць бульбу; мужчыны аруць на валах, косяць сена; дзеці-пастушкі пасуць статак авечак. Таксама ў яго фотааб’ектыў трапляла і прырода Палесся.
Асабліва каштоўнымі з’яўляюцца этнаграфічныя фотапартрэты, у якіх Ісак Сербаў здолеў перадаць характар, антрапанімічныя асаблівасці, традыцыйнае адзенне беларусаў. На фатаграфіях жыхары палескіх вёсак і мястэчак – прыгожыя, з уласцівым ім пачуццём уласнай годнасці. Белае палатнянае адзенне з арнаментам, складаныя формы галаўных убораў жанчын сведчаць аб высокай мастацкай і бытавой сялянскай культуры. Большасць здымкаў этнографа зафіксавалі дастатак, заможнасць беларускіх сялян і мяшчан у пачатку ХХ стагоддзя.
Усе гэтыя фотадакументы з’яўляюцца неацэннай крыніцай візуальнай інфармацыі аб тым, якой была Беларусь і беларусы сто гадоў таму назад.
Выстава дзейнічае ў музеі да 10 сакавіка.
Марына КАЎТУНЮК, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»
Оставить комментарий